Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін і Лукашэнка — зноў сябры?


Сёньня ў Менск з аднадзённым візытам прыбыў расейскі прэм’ер Уладзімер Пуцін. Афіцыйная мэта — удзел у паседжаньні вышэйшых выканаўчых органаў Мытнага зьвязу і Саюзнай дзяржавы. Аднак перад гэтым адбылася сустрэча кіраўніка расейскага ўраду з Аляксандрам Лукашэнкам. Гэта былі першыя перамовы палітыкаў пасьля выбараў 19 сьнежня 2010 году і хвалі масавых рэпрэсіяў, зьвязаных зь імі. Перамовы Лукашэнкі і Пуціна, заплянаваныя на 40 хвілін, доўжыліся 2,5 гадзіны.

Расейкі прэм’ер Уладзімер Пуцін прыляцеў у Менск са спазьненьнем на паўтары гадзіны. Чакаць сябе ён прымусіў Аляксандра Лукашэнку, беларускага і казахстанскага прэм’ераў.

Картэж Пуціна зь менскага аэрапорту адразу ж накіраваўся ў рэзыдэнцыю Аляксандра Лукашэнкі, які зьвярнуўся да расейскага госьця:

«Нам вельмі важна, Уладзімер Уладзімеравіч, перш за ўсё пагутарыць на тэму Адзінай эканамічнай прасторы і яе пэрспэктыў, таму што як вы, так і мы, беларусы, асабліва ўскладаем вялікія надзеі і бачым вялікую пэрспэктыву ў гэтым буйным саюзе».

Картэж Пуціна ў Менску
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:30 0:00
Наўпроставы лінк


Што да двухбаковых адносін Беларусі і Расеі, то Аляксандар Лукашэнка заявіў, што эканамічных праблем у іх летась не ўзьнікала. Лукашэнка не згадаў востры канфлікт вакол экспартнага мыта на расейскую нафту, якая прадаецца ў Беларусь. Канфлікт гэты быў разьвязаны за 10 дзён да прэзыдэнцкіх выбараў. Фактычна ён і прымусіў афіцыйны Менск далучыцца да Адзінай эканамічнай прасторы. Лукашэнка такімі словамі ацаніў двухбаковыя праблемы з Расеяй:

А ўвогуле — жыць можна, тым больш што жыць трэба, і мы стараемся ў гэтых адносінах дзейнічаць.
«А ўвогуле — жыць можна, тым больш што жыць трэба, і мы стараемся ў гэтых адносінах дзейнічаць».

Уладзімер Пуцін адзначыў, што папярэдні год быў удалы для разьвіцьця беларуска-расейскіх эканамічных сувязяў, што двухбаковы гандлёвы абарот вырас на 19 працэнтаў, і падкрэсьліў асабістыя заслугі Лукашэнкі ў інтэграцыйных працэсах на постсавецкай прасторы:

«Што да інтэграцыйных працэсаў, то мы бачым, ведаем, што вы зьяўляецеся пасьлядоўным прыхільнікам інтэграцыі на постсавецкай прасторы, і гэта праяўляецца ў тым, што мы якасна і ў сьціслыя тэрміны падрыхтавалі і ўхвалілі шэраг канцэптуальных дакумэнтаў, якія датычаць інтэграцыі паміж Расеяй, Беларусьсю і Казахстанам у рамках Мытнага саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы».

Стратэгічным пытаньнем перамоваў Пуціна ў Менску быў удзел Расеі ў будаўніцтве ў Беларусі АЭС. Перад прыездам Пуціна Лукашэнка ўхваліў праект пагадненьня аб супрацоўніцтве ў будаўніцтве АЭС у Беларусі — з улікам новых прынцыповых момантаў, унесеных у выніку перамоваў з расейскім бокам. АЭС у Беларусі мяркуюць узьвесьці паводле расейскага праекту, па ўнутрырасейскіх цэнах і за расейскі ж крэдыт, і адказваць за будоўлю мае расейская ж кампанія. Пакуль бакі не прыйшлі да згоды наконт памеру крэдыту — 9 мільярдаў даляраў, як хоча Менск, ці 6 мільярдаў, на якія гатовая Масква. Але крэдытнае пагадненьне зьбіраюцца падпісаць толькі ў чэрвені-ліпені.

Уладзімер Пуцін сёньня паабяцаў, што Беларуская АЭС будзе лепшая за японскія, якія пацярпелі ад землятрусу.

«Тыя праекты па будаўніцтве Беларускай АЭС, якія мы зьбіраемся рэалізоўваць, належаць да самага апошняга пакаленьня, і ўзровень абароненасьці нашмат вышэйшы, нягледзячы нават на тое, што Беларусь не знаходзіцца ў такой сэйсьмічнай зоне, як Японія»,— заявіў Уладзімер Пуцін.

Паводле яго слоў, у Японіі дзейнічаюць амэрыканскія рэактары 40-гадовай даўніны.

Апрача крэдыту на АЭС, Менск хоча пазычыць у Антыкрызісным фондзе ЭўрАзЭс яшчэ 2 мільярды даляраў. Вырашальная тут пазыцыя Расеі. Памер фонду — 8,5 мільярда даляраў, зь якіх каля 8 мільярдаў унесла Расея, а Беларусь — толькі 1 мільён даляраў грашыма і 9 мільёнаў — вэксалем. У самім фондзе сёньня заявілі, што пакуль што гатовыя даць Беларусі крэдыт памерам у 400 мільёнаў даляраў.

Як паведаміла расейскае агенцтва РИА Новости са спасылкай на «крыніцы ва ўрадзе Расеі», Пуцін меў намер абмеркаваць сытуацыю з расейскімі грамадзянамі Арцёмам Брэўсам і Іванам Гапонавым, якіх, паводле ацэнак расейскага боку, незаконна асудзілі па крымінальнай справе аб падзеях 19 сьнежня ў Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG