Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Грамадзянская салідарнасьць з палітзьняволенымі працягваецца


У Беларусі працягваецца акцыя салідарнасьці з палітычнымі рэпрэсаванымі: лідэры партыяў, актывісты дэмакратычнага руху і грамадзянскія актывісты прыкладаюць намаганьні для вызваленьня арыштаваных у рамках крымінальнай справы аб масавых непарадках у Менску.

Актывісткі грамадзянскай ініцыятывы “Вызваленьне”, якую заснавалі сваякі новых беларускіх палітвязьняў, гэтымі днямі сустракаюцца з кіраўнікамі дыпляматычных прадстаўніцтваў эўрапейскіх краін у Беларусі, а таксама рыхтуюць зварот на імя прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі Дзьмітрыя Мядзьведзева. Пра гэта паведаміла адна з актывістак ініцыятывы, жонка зьняволенага Зьмітра Бандарэнкі Вольга:
Кампутараў, іншай тэхнікі ў нас няма – яна ўся канфіскаваная, таму ўсё гэта робіцца вельмі доўга...


“Днямі мы былі ў амбасадзе Літвы і Італіі, а раней у амбасадзе Чэхіі, Ватыкану, Польшчы і многіх іншых. Перадусім, вядома, мы просім, каб міжнародная супольнасьць паспрыяла вызваленьню нашых родных. А калі ў нас пытаюцца, што для гэтага неабходна, то мы кажам, што гэта могуць быць і эканамічныя, і візавыя санкцыі. Таксама мы рыхтуем ліст расейскаму прэзыдэнту Дзьмітрыю Мядзьведзеву. Але кампутараў, іншай тэхнікі ў нас няма – яна ўся канфіскаваная, таму ўсё гэта робіцца вельмі доўга”.

“Салідарнасьць з палітзьняволенымі” – такую галоўную задачу на найбліжэйшую пэрспэктыву вызначыла для сябе партыя левых “Справядлівы сьвет”. Як паведаміў лідэр партыі Сяргей Калякін, вызваленьне арыштаваных партыя будзе дамагацца праз збор подпісаў, лісты пратэсту і пікетаваньне. Адзін з такіх пікетаў заплянаваны ў Менску на 5 лютага.

Таксама працягвае акцыю салідарнасьці і партыя БНФ праз збор паручэньняў грамадзян за зьмену стрыманьня арыштаваным, кажа намесьнік старшыні партыі Рыгор Кастусёў:
Тры дні таму было 1500 паручэньняў у Менску і прыкладна гэтулькі ж у рэгіёнах...


“Людзі вельмі актыўна падпісваюцца: тры дні таму было 1500 паручэньняў у Менску і прыкладна гэтулькі ж у рэгіёнах. Гэтыя паручэньні накіроўваюцца ў пракуратуру Менску. Афіцыйных адказаў кіраўніцтва партыі БНФ яшчэ не атрымлівала, але такая акцыя будзе мець станоўчы вынік. Спадзяюся, што ён ужо і ёсьць: днямі выпусьцілі Кобеца, і спадзяюся, што найбліжэйшым часам будуць выпушчаныя іншыя людзі, якія цяпер пад арыштам”.

У праваабарончыя арганізацыі “Вясна”, БХК, камітэт "Салідарнасьць" гэтымі днямі працягваюць ісьці па дапамогу людзі, якія адбылі зьняволеньне, а таксама тыя, каго звальняюць з працы ці выключаюць з ВНУ. Працягваецца таксама і грамадзянская кампанія салідарнасьці, арганізаваная з ініцыятывы прыватных асобаў. Валянтэр гэтай кампаніі Сяржук Семянюк:
Мы дакляравалі і бяром на сябе абавязак заплаціць за той 15-суткавы "курорт"...


“Асноўная праца, якая была арганізаваная напачатку – перадача пасылак для вязьняў – ужо не актуальная. Разам з тым тыя людзі нікуды ня зьніклі: у іх узьнікаюць праблемы на працы і вучобе. Памятаючы, што тут быў арганізаваны цэнтар дапамогі, людзі працягваюць сюды ісьці, і мы дапамагаем: тут ёсьць дзяжурны, які тлумачыць, як і дзе знайсьці адваката. Таксама мы дакляравалі і бяром на сябе абавязак заплаціць за той 15-суткавы "курорт", бо людзі прыносілі і пакідалі нам грошы, прычым ішла маса людзей, нават вельмі далёкіх ад палітыкі, і нас гэта вельмі цешыла. Напэўна, гэта знак таго, што нашае грамадзтва гатовае да пераменаў, а таксама, што ў нас фармуецца грамадзянская супольнасьць зь вельмі моцнай пазыцыяй”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG