Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няглядзячы на запэўніваньні новаабранага міністра адукацыі Сяргея Маскевіча, што студэнтаў, якія бралі ўдзел у апазыцыйнай акцыі 19 сьнежня, адлічваць з ВНУ ня будуць, факты сьведчаць пра адваротнае.

На чарговай сэсіі выкладчыкі пад надуманымі прычынамі могуць "заваліць" дзясяткі навучэнцаў. Мала таго, пад звальненьні трапляюць і выкладчыкі, якія 19 сьнежня асьмеліліся выйсьці на дэманстрацыю ў Менску.

Студэнтцы І курсу гістарычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту Тацяне Грыбоўскай паведамілі, што яе адлічылі з ВНУ за "непасьпяховасьць". Сапраўднай прычынай рашэньня, як лічыць дзяўчына, стала яе прысутнасьць на плошчы Незалежнасьці і 10-суткавы арышт пасьля гэтага. Заліковую сэсію і два іспыты яна здала без праблемаў, але наступныя выпрабаваньні суправаджаліся кпінамі — маўляў, нармальныя студэнты вучацца, а не па плошчах ходзяць.

Аналягічная сытуацыя — яшчэ ў аднаго першакурсьніка, студэнта Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі Арцёма Хвасьцюка:

Спачатку як бы далі сэсію здаваць, а потым самі ж мне яе і завалілі
"Наконт магчымага навучаньня не перагледжана нічога — нібыта "акадэмічная непасьпяховасьць". Адпаведны загад абяцаюць падпісаць да канца тыдня. Спачатку як бы далі сэсію здаваць, а потым самі ж мне яе і завалілі. Яшчэ дэкан нават казаў, што ня мае права мяне адлічыць, але, груба кажучы, проста наглым чынам хлусіў у вочы. Канечне, доказаў і фактаў, што мяне засаджваюць, няма. Аднак насамрэч так яно і ёсьць".

Нашмат крыўдней, калі студэнта намагаюцца выштурхнуць з апошняга курсу. Як у выпадку Андрэем Лугіным, выпускніком факультэту эстэтычнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту:

Фармальна мяне адлічылі не за Плошчу. Афіцыйна прыгразілі адлічэньнем за тое, што я ня здаў залік
"Фармальна мяне адлічылі не за Плошчу. Афіцыйна прыгразілі адлічэньнем за тое, што я ня здаў залік. І гэта як быццам аргумэнт на карысьць выключэньня, хоць насамрэч гэта здарылася зусім зь іншай прычыны. Загаду на адлічэньне пакуль што ня бачыў — у панядзелак, спадзяюся, усё стане канчаткова зразумела".

У камітэце абароны рэпрэсаваных "Салідарнасьць" паведамілі, што ў справе адлічэньня з палітычных матываў да іх зьвярнулася больш за 20 чалавек. Адных ужо адлічылі, іншым толькі пагражаюць. Гаворыць намесьніца старшыні Эніра Браніцкая:

На дадзены момант у нас з загадамі на адлічэньне толькі тры чалавекі. Але яшчэ каля двух дзясяткаў людзей, якія прыходзяць і кажуць: маўляў, сытуацыя такая, што папярэдзілі — у панядзелак адлічаюць
"Людзі зьвяртаюцца, але сытуацыя неадназначная. Ім кажуць: вы адлічаныя. Але фармальна, да таго моманту, пакуль іх не азнаёмілі з загадам аб адлічэньні, яны ня лічацца адлічанымі. На дадзены момант у нас з загадамі на адлічэньне толькі тры чалавекі. Але яшчэ каля двух дзясяткаў людзей, якія прыходзяць і кажуць: маўляў, сытуацыя такая, што папярэдзілі — у панядзелак адлічаюць. У той жа час некаторым студэнтам пасьля таго, як яны пачынаюць даваць інтэрвію, тэлефануюць з дэканатаў і кажуць: вы ж яшчэ не адлічаныя… Але зараз заканчваецца сэсія, і думаю, што некаторыя ўсё ж будуць адлічаныя на той падставе, што проста не пасьпелі здаць залікі".

Хваля рэпрэсіяў дакацілася і да выкладчыкаў. За ўдзел у мітынгу апазыцыі адміністрацыя Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту разьвіталася, без перабольшаньня, са сваім самым вядомым кадрам — Андрэем Вількіным. Дацэнт катэдры фізычнага выхаваньня, старшыня фэдэрацыі каратэ-шотакан і прызэр усясьветнага першынства — адзін з самых пасьпяховых беларускіх трэнэраў, які выхаваў 13 чэмпіёнаў сьвету і 15 чэмпіёнаў Эўропы. 19 сьнежня ён быў арыштаваны, адседзеў 15 сутак у СІЗА ў Жодзіне. Кажа, што пакуль не гатовы камэнтаваць такі жыцьцёвы паварот:

"За тэлефанаваньне — дзякуй. Але, ведаеце, я пакуль што не гатовы даваць ніякія камэнтары…"

Пра магчымасьць уладкаваць выключаных з палітычных матываў беларускіх студэнтаў ужо заявілі навучальныя ўстановы Польшчы, Літвы і Ўкраіны. Актывістка дэмакратычнага руху Вольга Класкоўская, якая апошнім часам жыве ў Стакгольме, кажа, што далучыцца да ініцыятывы можа і Швэцыя:

Я размаўляла з дэпутатам парлямэнту Швэцыі, гэта Крысьціян Холм. І ён сказаў, што зьбіраецца ўздымаць пытаньне беларускіх студэнтаў, адлічаных з ВНУ за апошнія акцыі
"Я размаўляла з дэпутатам парлямэнту Швэцыі, гэта Крысьціян Холм. І ён сказаў, што зьбіраецца ўздымаць пытаньне беларускіх студэнтаў, адлічаных з ВНУ за апошнія акцыі. Іншымі словамі, будзе хадайнічаць перад сваім урадам адносна таго, каб нашы студэнты маглі працягнуць навучаньне ў Швэцыі. І таксама будзе акцэнтавацца на тым, як канкрэтна падтрымаць сем'і палітвязьняў. Бо сапраўды хочацца, каб важныя рэчы ажыцьцяўляліся практычна".

У сваю чаргу, Міністэрства адукацыі Беларусі абвясьціла пра намер перавесьці студэнтаў і навучэнцаў сярэдніх спэцыяльных установаў на кантрактную сыстэму, пры якой любая праява палітычнай актыўнасьці пацягне за сабой неадкладны разрыў дамовы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG