Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, як найбольш нагадвае ваеннае становішча ў Польшчы 1981-1983 гадоў. Гэтаксама ў сьнежні, 30 гадоў таму, генэралу Ярузэльскаму, каб яго прызналі дыктатарам і ў XXI стагодзьдзі аддалі пад суд, спатрэбіліся бронетранспартэры і войска, дзясяткі забітых, сотні катаваных, тысячы зьнявечаных, арыштаваных, зламаных, забароненыя прафсаюзы і грамадзкія арганізацыі. Але і тысячы, а пасьля і мільёны салідарных, адданых, нязломных і рашучых палякаў, якія цяпер, як ніхто з нашых суседзяў, падтрымліваюць і разумеюць – з дыктатурай нельга размаўляць.

Улада нават не падумала ўзаконіць свае дзеяньні хаця б нейкай юрыдычнай ці палітычнай фармальнасьцю
Беларуская ўлада нават не падумала ўзаконіць свае дзеяньні хаця б нейкай юрыдычнай ці палітычнай фармальнасьцю кшталту ўвядзеньня камэнданцкай гадзіны. Нашыя тэлефоны не маўчаць, а гавораць галасамі сьледчых кдб.

Уладзіслаў Барташэўскі – жаўнер Арміі Краёвай і міністар замежных спраў свабоднай Польшчы – чалавек, які для мільёнаў палякаў увасабляе гонар і сумленьне нацыі, расказваў вельмі простую показку пра ваеннае становішча. Уначы да яго, які перажыў Аўшвіц і Варшаўскае паўстаньне, прыйшлі міліцыянты і пачалі ламаць дзьверы. "Што вы робіце? Хіба вы ня ведаеце, што па нашых законах забароненыя начныя арышты?" – спытаўся Барташэўскі. "Але не цяпер, – адказалі ганцы Ярузэльскага, – цяпер ваеннае становішча".

І вось цяпер па няспынных вобшуках і арыштах, сьлязах сваякоў затрыманых, паранаідальным чаканьні перасьледу, фатаздымках у газэтах маленькага сына Саньнікава і Халіп можна зразумець – і нам абвешчана вайна.

Мы дазваляем ворагу акупаваць і паралізаваць нашае жыцьцё
Вельмі цяжка паверыць у тое, што лінія фронту гэтай вайны праходзіць паўз нас саміх. Наіўнае жаданьне ўпісацца ў існуючую сыстэму і знайсьці ёй тлумачэньне, а ў сёньняшніх умовах – апраўданьне, апісваючы эканамічную і палітычную эфэктыўнасьць дыктатуры, паступова вынішчыла нават спробы стварэньня ўласнай сыстэмы незалежнага дзеяньня. Так і цяпер мы дазваляем ворагу акупаваць і паралізаваць нашае жыцьцё, рэагуючы толькі на падзеі звонку – кругласуткава вышукваем і прадукуем навіны пра тое, каго арыштавалі і колькі абшукалі, чакаем наццатага прышэсьця санкцый; бяздумна цешымся жахлівым падзеям у Тунісе і соты раз пераказваем, як я быў на Плошчы. Гэтая фрустраваная скупаванасьць на ўласным болі і самаізаляцыя калючым дротам вызначае межы нашага ўласнага ўнутранага Аўшвіцу.

Польшчу зрабіла свабоднай салідарнасьць і культура. Дагэтуль невядомая колькасць тых, хто загінуў тады, хаця палякі літаральна па хвілінах узнаўляюць той час, ставячы ў адзін шэраг і ўспаміны Леха Валэнсы, і шасьцігадовай дзяўчынкі з правінцыйнага гарадка, якая помніць толькі бязмоўны тэлефон і спалоханых бацькоў. Часткай паралельнага грамадзтва, створанага на імпульсе супраціву ваеннаму становішчу, сталі і расстраляныя ў Катавіцах шахтары, і тыя людзі, што прыходзілі ў дзяржаўныя тэатры і, пляскаючы ў далоні, не давалі прагучаць хлусьні.

І нам немагчыма дазволіць лукашысцкім дэмэнтарам высмоктваць нашыя найлепшыя думкі і чакаць толькі кепскіх навінаў. Час ужо даваць нагоды для добрых.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG