Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нават у афрыканскіх краінах выбарчыя скрыні празрыстыя»


Асноўная колькасьць званкоў тычыцца прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Як выбары зрабіць справядлівымі? Ці магчыма замяніць скрыні на празрыстыя? Ці дапусьцяць назіральнікаў да падліку галасоў? Як уратаваць сельскую гаспадарку?


Наша слухачка, якая назвалася Валянцінай, лічыць, што сытуацыю з падлікам галасоў могуць вырашыць празрыстыя скрыні:

«Я хачу сказаць пра скрынкі, якія ў бліжэйшы час будуць выстаўленыя на выбарчых участках. У бедных афрыканскіх і азіяцкіх краінах урны празрыстыя, акуратныя, а ў нашай квітнеючай краіне гэтыя урны падобныя да скрыняў для захаваньня бульбы, дзе можна і дно, і верх адарваць. Значыць, гэта выгадна? Пасаромцеся і памяняйце урны, сродкі знойдзеце, калі захочаце. На сход, які нікому не патрэбны, вы знайшлі мільёны, а на урны, якія каштуюць грашы, вы сродкаў не знайшлі».

Званок слухачкі камэнтуе палітык Вінцук Вячорка:

«Матэрыялы для скрыняў самі па сабе мала што вырашаюць. Гэта толькі складовая частка ў цэлым комплексе захадаў, найпершым зь якіх зьяўляецца кантроль за скрынямі. Некалькі начэй скрыні будуць бескантрольныя падчас усяго так званага датэрміновага галасаваньня. Празрыстыя яны, непразрыстыя — гэта становіцца ня так істотна, таму што іх зьмесьціва можна элемэнтарна падмяніць.

Але для самога дня галасаваньня гэта мае пэўнае значэньне, таму што тады стосы гатовыя туды ня надта ўкінеш. Гэта ж можна і сфатаграфаваць, і на відэа зьняць. Гэтым тлумачыцца крайняя неахвота ўладаў рабіць так, як у многіх краінах. Дарэчы, ня ў самых багатых краінах гэта даўно ўжо прынятае».

Наша слухачка параўнала цяперашнюю сытуацыю з выбарамі ў польскі сэйм у 1922 годзе.

«Я пад уражаньнем нядаўна прачытанай кнігі праваслаўнага сьвятара пад загалоўкам „Запіскі сьвяшчэньніка Яўстафія“. Дазвольце прачытаць караценькі ўрывак зь яго ўспамінаў пра выбары ў польскі сэйм-парлямэнт у 1922 годзе: „Партый утварылася шмат. Выступалі яны пад сваёй праграмай пад вядомым, зарэгістраваным камісіяй нумарам. Былі партыі ўсіх адценьняў: ад крайніх правых да крайніх левых, былі і партыі нацыянальных меншасьцяў зь іх нацыянальнымі праграмамі. Падчас выбараў на выбарчым участку, а пасьля і падчас ускрыцьця урны і падліку галасоў прысутнічалі прадстаўнікі розных партый, якія строга пільнавалі, каб не было махлярства зь якога-кольвек боку. Пасьля падліку галасоў пад актам падпісваліся і прысутныя падчас галасаваньня і падліку галасоў прадстаўнікі розных партый“. Аўтар запісак, протаярэй Баслык, у той час служыў на Валожыншчыне, пасьля зьведаў і ГУЛАГ. Кніга ўспамінаў вельмі цікавая, выдадзеная ў 2005 годзе».

А вось яшчэ адзін званок ад нашай слухачкі сталага веку:

«Родныя пэнсіянэры, мне 70 гадоў, я зьвяртаюся да вас! 19 сьнежня пойдуць галасаваць за Лукашэнку толькі вэтэраны, палкоўнікі, генэралы, гэта тыя, у каго добрая пэнсія. Дзеці вайны ня пойдуць галасаваць за яго, бо ён ненавідзіць пэнсіянэраў, ня любіць ён беларускі народ. Я вас заклікаю, пэнсіянэры мае, у каго пэнсія 500–600 тысяч рублёў, прагаласуйце 19-га за незалежных кандыдатаў, зрабіце вы свой выбар хоць перад сьмерцю. Усе мы ўжо старыя, а то жылі — дрыжалі, і паміраем — дрыжым. Калі ласка, пачуйце мой голас! У мяне трое леглі ў зямлю, сёньня старшыня каапэратыву, якая хоча маю зарплату, цягне мяне ў суд за падатак на зямлю, адзінокім скасавалі падатак. Яна цягне мяне ў суд, суд будзе служыць ёй. Пэнсіянэры, адумайцеся! Каго вы выбераце чарговым разам? Блаславі вас Гасподзь!»

Наш слухач лічыць ганебнай практыкай стварэньне так званых аграгарадкоў і выказвае такое меркаваньне:

«Рэжым Лукашэнкі дапусьціў для сябе катастрафічную памылку, ствараючы аграгарадочную цемрадзь, каб хоць часова ўтрымацца пры ўладзе. Ад калгасаў, як ад праказы, адмовіліся суседнія краіны, а лукашысты плянуюць у наступныя пяць гадоў аддаць на разьвіцьцё гэтай эканамічнай пачвары аж 40 мільярдаў даляраў, пры гэтым хочуць ператварыць Беларусь у велізарны сьвінарнік, які атручвае глебу і ваду і труціць нітратамі насельніцтва, якое няспынна зьмяншаецца. Пара беларусам спыніць гэтыя вар’яцтвы!»

Людзі не забываюцца, што хутка Каляды і Новы год. Наш слухач падзяліўся ідэяй, як можна стварыць сьвяточны настрой сваім знаёмым.

«Гэта было на сяле, у нарачанскім краі, дзе адбываў адпачынак. Суседзям маім старога веку, якія ад’яжджалі на зіму дадому, я падрыхтаваў сьвяточныя падарункі — шкляначкі майго самаробнага віна зь мясцовых вітамінных ягад: смуроды, журавіны, беларускага мясцовага вінаграду — і захаваў іх у патаемныя месцы на іх сядзібе, а перад Раством я ім патэлефаную і скажу, дзе знайсьці сьвяточныя падарункі з прывітаньнем. Ім будзе маленькая радасьць да сьвяточнага стала. А летам зь імі зноў сустрэнемся, пабалакаем, як выбары прайшлі, як новы год прайшоў, як Раство і як цяперашняе здароўе».

Тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG