Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Эканоміка квітнее, а грошай на празрыстыя скрыні для галасаваньня – няма"


Слухачы абмяркоўваюць прэзыдэнцкую выбарчую кампанію. Ці патрэбныя Беларусі празрыстыя скрыні? Чаму іх не набылі для галасаваньня, якое павінна адбыцца крыху больш як празь месяц? Гучаць таксама паведамленьні пра тое, , што грамадзтва не рэагуе актыўна на выбарчую кампанію.

Наш слухач, камэнтуючы выказваньне старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай наконт таго, што ў краіне няма сродкаў для набыцьця празрыстых скрыняў для галасаваньня, выказаў сваё меркаваньне:

"Ярмошына заявіла, што няма сродкаў для вырабу празрыстых скрыняў для галасаваньня. Нешта падобныя заявы не стыкуюцца з тымі, у якіх кажуць, што мы самыя заможныя з усіх былых рэспублік СССР. Да прыкладу, ва Ўкраіне, пра якую нашыя ўлады не перастаюць паўтараць, што там хаос і беднасьць, даўно ўжываюцца празрыстыя урны. Нам пры нашым дабрабыце павінна быць сорамна карыстацца такімі урнамі. Ці справа ўсё ж ня ў сродках?"

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька адказвае слухачу:

Анатоль Лябедзька
"Празрыстыя скрыні не вырашаюць праблему справядлівага падліку галасоў. Першае і асноўнае, каб людзі з рознымі палітычнымі поглядамі, з рознай пазыцыяй, якія прадстаўляюць розныя пласты насельніцтва, былі прадстаўленыя ў выбарчых камісіях. Вось гэта адзінае, што можа прывесьці ўсіх нас да таго, што мы прызнаем, што так і прагаласавалі выбаршчыкі.

А празрыстыя скрыні — гэта дадатковы элемэнт. На што хапае грошай у Цэнтральнай выбарчай камісіі, то гэта, калі паглядзець ролік БелСат, на прэміі сябрам камісій, на танцы-шманцы-зажыманцы тым, хто зрабіў такія патрэбныя вынікі гэтай уладзе. Вось на гэта грошай хапае. А на чэснасьць, празрыстасьць, справядлівасьць ня будзе ніколі хапаць, пакуль будзе гэтая ўлада".

Слухачы час ад часу кажуць пра тое, што ў грамадзтве не назіраецца актыўнасьці, зьвязанай з выбарамі прэзыдэнта краіны. Вось адно з такіх тэлефанаваньняў:

"Калі чуеш адказы людзей на вуліцах нашых гарадоў, як у іх карэспандэнты "Свабоды" пытаюцца, ці ведаюць яны прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта, адказы аднолькавыя. Акрамя дзейнага, нікога ня ведаюць. Дзіву даесься такім адказам. Калі адказвае пэнсіянэр, які нічога ня ведае, можна пагадзіцца, і калі з глухой вёскі, таксама можна пагадзіцца. Адказваюць жа людзі ў гарадах, маладзейшыя, уваходзяць у інтэрнэт, амаль у кожнай сям’і ёсьць кампутар. Усё гэта сьведчыць пра тое, што людзі не цікавяцца. Застаецца месяц, а яны нікога ня ведаюць. А яшчэ дзейны прэзыдэнт мог бы не зьбіраць подпісы, раней жа не зьбіраў. Ён мог проста аўтаматычна ўключыць сябе ў гэты сьпіс. Іншая справа — усіх астатніх. Многія набралі па 100 тысяч, гэта ўжо прагрэс".

Наш сталы слухач прачытаў свой верш, прысьвечаны выбарчай кампаніі:

"Што значыць ён, лёзунг "Усё для народа"?
А гэта ўсе цэны пабольшваць свабода,
Чыноўнікаў множыць шматлікую раць
І "царскія вёскі" свабода ствараць.

Ня злазіць гадзінамі з тэлеэкрана —
Свабода ў вярхоўнага нашага пана.
І назвы праспэктаў бяз згоды народа
Мяняць, як штаны, ёсьць ва ўраду свабода.

Усё для народа! Усё для народа!
Ад продажу зброі нажыцца свабода.
Свабода апраўдваць злачынцаў дзяржаўных,
А ў турмы садзіць патрыётаў сапраўдных.

Свабода краіны Асноўны закон
Мяняць на камусьці патрэбны фасон.
Свабода ня лепшыць жыцьцё праз гады,
А з выбараў фарс учыняць заўсягды.

Усё для народа! Усё для народа!
Над роднаю мовай глумленьня свабода.
Свабода наіўных аблашчваць хімэрай,
Што ім набудуе дзяржава кватэраў.

А ў тых, каму хутка ў магілах ляжаць,
Свабода ільготы паўсюль адабраць,
Пры гэтым крычаць аб квітненьні народа
Ва ўладаў знаходзіцца тая ж свабода".


Нашы слухачы выказваюцца наконт заклікаў выйсьці на плошчу 24 лістапада. Вось адно з такіх тэлефанаваньняў:

"Ня толькі 24 лістапада, але ўжо цяпер кожны дзень трэба зьбіраць народ на плошчы, пакуль ляжыць трава. Новы прэзыдэнт патрэбны як паветра, але гэта наўрад ці збудзецца".

Вы слухалі "Званкі на Свабоду". Нагадаю, што тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG