Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У эфіры "Званкі на Свабоду". Галоўная тэма тэлефанаваньняў нашых слухачоў — прэзыдэнцкая выбарчая кампанія: выступы кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта, а таксама камэнтары да іх у дзяржаўных і незалежных сродках масавай інфармацыі.

Наш слухач Уладзімер з Полацку назіраў за выступамі кандыдатаў па тэлебачаньні, а потым паслухаў, як іх камэнтуюць на БТ, і падзяліўся сваім меркаваньнем:

"Ужо ваўсю ідзе перадвыбарчая агітацыя, выступаюць кандыдаты на пасаду прэзыдэнта, а на БТ вельмі старанна аналізуюць выступ кожнага зь іх. Іх ужо ўсіх даўно разабралі па костачках, і, што цікава, ва ўсіх знаходзяць нейкія заганы. Як сала з кілбасы выкалупваюць. І ў выніку яны ўсе дрэнныя, а Лукашэнка добры. Ну, ведаеце, неяк сьмешна гэта ўсё глядзець і слухаць".

Мікола Чыбісаў прапануе кандыдатам на пасаду прэзыдэнта зьвярнуцца ў праваахоўныя органы, каб там далі ацэнку абвінавачаньням у незаконным фінансаваньні, якія прагучалі на іхні адрас з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі.

"Калі Лукашэнка абражае беспадстаўна Някляева і Саньнікава ў тым, што фінансуе іх Расея, то яны павінны падаць у суд, і няхай Лукашэнка адказвае, згодна з Канстытуцыяй РБ, бо ён такі самы кандыдат, як і кандыдаты ад дэмакратычнага блёку".

Слухачы выказваюцца наконт выступу таго ці іншага кандыдата. Адзначаюць станоўчыя моманты, робяць крытычныя заўвагі. Вось меркаваньне аднаго са слухачоў:

"Задаюць пытаньне, чаму ня ходзяць на сустрэчу з кандыдатамі ў прэзыдэнты выбарцы. А чаго ж яны пойдуць, калі амаль кожны дзень гаворыцца ўсюды, што гэтыя выбары — фарс, што ўсё адно Лукашэнка будзе прэзыдэнтам, што ён сфальсыфікуе выбары. Усялілі такую ідэю ў галаву народу — і яны не ідуць на сустрэчу з кандыдатам. Хадзі, не хадзі, а прэзыдэнтам будзе Лукашэнка".

Наша слухачка лічыць, што ў сёньняшніх умовах добра, калі на выбары ідзе вялікая колькасьць кандыдатаў.

"Слухала ўчора "Экспэртызу Свабоды", дазвольце выказаць сваю абывацельскую думку. Можа, і кепска, што няма адзінага, але добра, што выступае вялікая колькасьць народу і іх выступы ў суме зоймуць не адну гадзіну, а шмат. Вада камень точыць.

Гавораць яны па-рознаму, пра рознае і зьвяртаюцца да розных групаў насельніцтва. Да простага абывацеля дойдуць словы Рымашэўскага, да прадпрымальніка — словы Раманчука, а банкір задумаецца над словамі Цярэшчанкі, бо заўтра грошай ніхто не пазычыць, а Рыгоравіч адбярэ апошняе сваім тэлефонным указам для правядзеньня чарговага шоў.

Кепскія яны прамоўцы… А хто і дзе даў ім магчымасьць вучыцца? А якім быў Рыгоравіч? Аракулам у масцы Алэна Дэлёна? Усе, хто яшчэ не прапіў мазгі, разумеюць, што краіна ля прорвы і з гэтым трэба нешта рабіць. Рыгоравіч уцячэ на сваім "Боінгу", а нам давядзецца плаціць за ўсе ягоныя экспэрымэнты".

Адзін са слухачоў, які назваўся Мікалаем Антонавічам, абвінавачвае кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта, апроч Аляксандра Лукашэнкі, у злачынствах супраць народа:

"Зьвяртаюся да ўсіх кандыдатаў з пытаньнем: за якія заслугі народ павінен за вас галасаваць? Вы столькі нарабілі шкоды народу, што яшчэ доўга трэба будзе працаваць, каб ліквідаваць наступствы вашай "працы". Я нагадаю слухачам вашы заслугі перад народам: у 2007 годзе па вашай просьбе Эўразьвяз пазбавіў Беларусь прэфэрэнцый, паехалі ў Кангрэс ЗША і папрасілі блякады для "Хімвалакна".

Вось хай Някляеў у сваёй праграме "Гавары праўду" патлумачыць слухачам, якой мэты хацелі дасягнуць просьбіты санкцыяў. А Раманчук як эканаміст хай палічыць, колькі рэспубліка страціла мільёнаў. Людзі не забыліся, што вы нарабілі, шаноўныя кандыдаты ў прэзыдэнты, а таму ведайце, што за здраднікаў беларускага народа людзі галасаваць ня будуць".

Палітык Сяргей Калякін камэнтуе званок слухача:

Сяргей Калякін
"Хачу параіць слухачам як мага радзей глядзець Беларускае тэлебачаньне, у якім няма ні слова праўды. Калі яны нагледзяцца па БТ усялякай хлусьні пра дэмакратычных кандыдатаў і партыі, тады ў іх узьнікаюць такія пытаньні.

Насамрэч дрэнныя стасункі зь міжнароднымі арганізацыямі — гэта ня дзеяньні апазыцыі, а бязглуздая зьнешняя і ўнутраная палітыка тых, хто знаходзіцца ва ўладзе. Перш за ўсё гэта палітыка, якую праводзіць Аляксандар Лукашэнка.

Што тычыцца тых санкцый, якія сёньня існуюць у адносінах да беларускай дзяржавы, гэта ўсё можна хутка вырашыць. Калі ў Беларусі будуць адноўленыя правы і свабоды, гарантаваныя нам Канстытуцыяй, калі стане палітычныя сыстэма дэмакратычнай, тады й ня будзе ніякіх санкцый з боку міжнародных арганізацый і замежных дзяржаў. Сёньня гэта ўсё знаходзіцца ў руках кіраўніка ўлады".

Наш слухач пэнсійнага веку патэлефанаваў на "Свабоду" пасьля таго, як паглядзеў тэлевізійны выступ кіраўніка краіны:

"На канале БТ Лукашэнка сказаў: "Запалкі мы навучыліся рабіць, а вось зубачысткі набываем за мяжой". Па-першае, нашы запалкі не вытрымліваюць ніякай крытыкі; па-другое, большай частцы вяскоўцаў зубачысткі патрэбныя, як зайцу стоп-сыгнал, бо гэтая частка амаль без зубоў. У квітнеючай Беларусі ім не хапае грошай, каб набыць пратэзы".

Вы слухалі "Званкі на Свабоду". Нагадаю, што тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG