Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Толькі пабудавалі дамок у Александрыі -- ён тут жа і згарэў. 300 мільёнаў кату пад хвост"


У эфіры "Званкі на Свабоду". Слухачы абмяркоўваюць прэзыдэнцкую выбарчую кампанію і яе асьвятленьне ў сродках масавай інфармацыі, у тым ліку на "Свабодзе", а таксама разважаюць, дзе ўзяць сродкі, каб дапамагчы людзям, якія трапілі ў бяду ці страцілі сваякоў?


Наш слухач патэлефанаваў на "Свабоду" пасьля таго, як паглядзеў па тэлебачаньні нядзельныя навіны.

"Слухаючы мінулым нядзельным вечарам тэлевізійныя развагі ідэалягічнага кілера Юрыя Пракопава і камэнтары да ягоных слоў Лідзіі Ярмошынай, я нарэшце зразумеў, чым выкліканыя масавыя пратэсты маладых і ня вельмі людзей з прыдуманай рэжымам нагоды. Як я зразумеў, гэта робіцца з дальнім прыцэлам: пазбавіць іх актыўнага ўдзелу ў выбарах, спасылаючыся на іх судзімасьць і нібыта падарваны аўтарытэт выбарцаў.

Такім чынам раней зьнішчаўся канкурэнт Казулін і іншыя небясьпечныя апанэнты нашага вечнага кіраўніцтва. А сёньня няўгодная дыктатарскаму рэжыму эліта аналягічным чынам не дапускаецца нават у выбарчыя камісіі. Як бачым, адпрацаваны мэханізм па дыскрэдытацыі апазыцыянэраў усё яшчэ працуе бяз збояў".

Званок слухача камэнтуе Павал Севярынец, які адбываў пакараньне на "хіміі" за арганізацыю вулічных дэманстрацый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму-2004:

Павал Севярынец
"Сапраўды, сёньняшні рэжым спрабуе прадставіць сваіх апанэнтаў крымінальнікамі і злачынцамі. Менавіта дзеля гэтага маладых людзей і палітыкаў імкнуцца ачарніць такім простым спосабам — навесіць на іх крымінальную справу, адбыцьцё тэрміну і паставіць кляймо крымінальніка.

Гэта сутнасьць рэжыму. Ён дзейнічае "паводле паняцьцяў". Нічога юрыдычна законнага ў такіх дзеяньнях няма. Гэтыя справы палітычныя і, безумоўна, гэта ўсім бачна. Разьлік на абывацеля, які баіцца нават слова "крымінальнік".

Слухачы выказваюцца наконт таго, як на дзяржаўным тэлебачаньні падаецца інфармацыя пра кандыдатаў на прэзыдэнта ад апазыцыі:

"Пачалася перадвыбарчая агітацыя, з боку ўлады і ня толькі ўсё часьцей ідуць напады на Ўладзімера Някляева. Аргумэнт заўсёды адзін: паэт, маўляў, ня можа быць прэзыдэнтам. Катэгарычна ня згодны з такімі выказваньнямі. Чаму ня можа? Стаўлю сустрэчнае пытаньне: чаму старшыня занядбанага калгаса можа быць прэзыдэнтам, а адукаваны інтэлігентны чалавек, няхай і паэт, ня можа? Можа! У якасьці прыкладу можна прывесьці Чэхію, дзе прэзыдэнтам у свой час быў драматург Вацлаў Гавэл, і нічога, усё нармальна. Ня так важна, хто ты, самае галоўнае — які ты. Вацлаў Гавэл — сумленны чалавек, які ніколі не чапляўся за ўладу, чаго ня скажаш пра нашага правадыра, які без улады проста жыць ня можа".

Іншы слухач таксама выказаўся наконт кандыдатуры ў прэзыдэнты:

"Я быў і буду прыхільнікам Зянона Пазьняка, але сёньня вырашаецца далейшы лёс народу Беларусі. Мне абрыдла слухаць ужо 15 гадоў пра Лукашэнку, яго здаровыя ногі, яго хлусьлівыя абяцанкі і правакацыйныя, сфальшаваныя рэфэрэндумы і выбары, трымаць людзей пад страхам звальненьня, турмы, зьбітых дубінкамі ці ботам тлустага мордаварота.

Ня трэба глядзець у рот ані Эўропе, ані Расеі, а быць самім сабой, сябраваць з усімі, шчыра, без хлусьні і падману, каб цябе паважалі".

Наша слухачка лічыць амаральным ставіць пад сумнеў той факт, што ня ўсе кандыдаты на пасаду прэзыдэнта сабралі неабходныя 100 тысяч подпісаў. Яна лічыць, што нельга даваць такія выказваньні ў эфір:

"Мяне вельмі хвалюе і абурае той факт, што некаторыя аналітыкі выказваюць меркаваньні, што нібыта ня ўсе кандыдаты сабралі 100 тысяч подпісаў. І гэтыя меркаваньні выказваюцца так спакойна, нібыта нічога страшнага, а насамрэч гэта вельмі сур’ёзныя абвінавачаньні. Вы ж абвінавачваеце людзей у хлусьні і махінацыях.

І калі такія факты сапраўды вам вядомыя, то трэба называць канкрэтныя прозьвішчы і крыніцы інфармацыі, адкуль гэта вядома. Іначай дзейнічае прэзумпцыя невінаватасьці. Верыць ці не — гэта асабістая справа кожнага, і сумнеў можна выказваць у прыватнай размове, але перад тэлерадыёаўдыторыяй нельга. Ад гэтага ж практычна немагчыма адмыцца, тым болей нават намёкі такога кшталту недапушчальныя. А то складаецца ўражаньне, што хлусьня — абсалютная норма".

Дзе ўзяць сродкі на матэрыяльную дапамогу людзям, якія трапілі ў крытычную сытуацыю? Наш сталы слухач падзяліўся сваёй думкай наконт гэтага.

"Пачалася агітацыя кандыдатаў у прэзыдэнты, але найбольш абмяркоўваецца тэма на малой радзіме прэзыдэнта ў вёсцы Александрыя — нядаўняе здарэньне. Ведаеце, у Александрыі праводзіцца фэст "Александрыя зьбірае сяброў", дык налета ўжо будзе другі раз.

Лукашэнка тут будуе сабе рэзыдэнцыю для аховы, можа, маці думае сюды перавезьці. Дык згарэў домік, што пабудавалі. Ды такі цуд дзіўны: толькі пабудавалі — ён тут жа і згарэў. 300 мільёнаў рублёў кату пад хвост. Па новай пачалі будаваць. Дык лепей бы аддалі гэтыя грошы тым людзям, якія знаходзяцца на лячэньні ад апёкаў на "Пінскдрэве".

Вы слухалі "Званкі на Свабоду". Нагадаю, што тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG