Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ААН прызналі правату гомельскага актывіста ў спрэчцы з выбаркамам


Леанід Судаленка

Леанід Судаленка

Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў, што ў 2004 годзе падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў былі парушаны правы гомельскага грамадзкага актывіста Леаніда Судаленкі. Адпаведнае рашэньне актывіст атрымаў па пошце з Жэнэвы.

Шэсьць гадоў таму спадар Судаленка вылучаўся кандыдатам у дэпутаты ў Хойніцкай выбарчай акрузе № 49. І хаця ягоная ініцыятыўная група сабрала патрэбную колькасьць подпісаў выбарцаў, акруговая камісія так і не зарэгістравала яго кандыдатам у дэпутаты на той падставе, што ён нібыта няправільна пазначыў сваё асноўнае месца працы. Маўляў, напісаў у анкеце, што зьяўляецца юрысконсультам ААТ «Локан», а не старшынём гарадзкой арганізацыі ГА «Прававая ініцыятыва». І яшчэ — распаўсюджваў улёткі з інфармацыяй пра дзейнасьць выбарчага блёку «Пяць плюс».

Леанід Судаленка аспрэчваў пастанову акруговай камісіі на нерэгістрацыю ў Цэнтравыбаркаме, у Вярхоўным судзе, але яго апэляцыі былі адхілены, нягледзячы на выпіску з працоўнай кніжкі пра месца працы ў ААТ «Локан». Старшынёўства ў «Прававой ініцыятыве» — грамадзкая пасада.

Камітэт ААН прызнаў пераканаўчымі сьцьвярджэньні Судаленкі, што і акруговая камісія, і Цэнтравыбаркам дзейнічалі ў дачыненьні яго як апазыцыйнага кандыдата перадузята і былі на баку кандыдата «ад улады».

Паводле артыкулу 2, пункту 3 Міжнароднага пакту пра грамадзянскія і палітычныя правы дзяржава павінна забясьпечыць Судаленку «эфэктыўны сродак прававой абароны, у тым ліку й кампэнсацыю, а таксама любыя будучыя намаганьні дзеля вылучэньня аўтара ў якасьці кандыдата на выбарах у парлямэнт у поўнай адпаведнасьці з Пактам».

Судаленка: «На падставе рашэньня Камітэту ААН я буду прэтэндаваць на выплату мне дзяржавай годнай кампэнсацыі за ўчыненую маральную шкоду. І я ўпэўнены, што прыйдзе час, калі гэтыя выдаткі дзяржаве вернуць са сваіх заробкаў чальцы акруговай камісіі і Цэнтравыбаркаму».
XS
SM
MD
LG