Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У канцы свайго візыту ў Менск міністры замежных спраў Польшчы і Нямеччыны Радаслаў Сікорскі і Гіда Вэстэрвэле сустрэліся з апазыцыйнымі кандыдатамі на прэзыдэнта.

На сустрэчу зь міністрамі замежных спраў Польшчы і Нямеччыны былі запрошаныя Рыгор Кастусёў, Алесь Міхалевіч, Уладзімер Някляеў, Яраслаў Раманчук, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саньнікаў, Мікола Статкевіч, а таксама лідэр Руху «За Свабоду» Аляксандар Мілінкевіч. Размова доўжылася каля гадзіны.

Радаслаў Сікорскі і Гіда Вэстэрвэле пераказалі ім зьмест сваёй гутаркі з Аляксандрам Лукашэнкам, у тым ліку распавялі пра ягоныя абяцаньні, што выбары пройдуць празрыста і дэмакратычна, без парушэньня закону. Апазыцыянэры адрэагавалі на гэта скептычна. На іх думку, Лукашэнка мусіў бы быць такім самым кандыдатам, як і астатнія. Палітыкі распавялі пра рэпрэсіі супраць удзельнікаў іх ініцыятыўных груп.

Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў: «Мы выказалі сваю занепакоенасьць, што Лукашэнка зноў схлусіць, што зноў выбары адбудуцца ў такім жа рэжыме, як і папярэднія… Я ж зьвярнуўся да іх з просьбай, каб з Эўропы накіравалі як мага больш назіральнікаў і журналістаў, і каб яны як мага больш затрымаліся на тэрыторыі краіны пасьля выбараў».

Пазыцыя, выказаная ў Менску міністрамі замежных спраў Нямеччыны і Польшчы, радыкальна ня зьменіць сытуацыю перад выбарамі ў Беларусі, але станоўчы ўплыў будзе мець, перакананы іншы кандыдат на прэзыдэнта Віталь Рымашэўскі:

Віталь Рымашэўскі
«Гэта ёсьць нешта патрэбнае. Прыезд сюды спадароў міністраў я расцэньваю як нешта неабходнае, каб хаця б мінімальна палепшыць сытуацыю, каб пазбавіць ад рэпрэсіяў тых людзей, якія будуць зараз працаваць на выбарах, у тым ліку сябраў маёй каманды».

Спадар Рымашэўскі зазначыў, што патрэбная таксама дэманстрацыя тых магчымасьцяў, якія Лукашэнка будзе губляць у выпадку пагаршэньня сытуацыі ў краіне.

Міністры замежных справаў Польшчы і Нямеччыны абяцалі апазыцыйным кандыдатам, што будуць далей сачыць за сытуацыяй у Беларусі, за тым, як будуць праходзіць выбары.

Перад гэтай сустрэчай Рыгор Кастусёў нагадаў іншым кандыдатам пра дамоўленасьць абмеркаваць паміж сабою каардынацыю дзеяньняў у часе кампаніі. Аднак размовы не атрымалася. Большасьць кандыдатаў сышла, як толькі залю пакінулі госьці з Эўразьвязу. Рыгор Кастусёў падсумаваў рэакцыю на гэтую ініцыятыву:

«Засталіся і больш канструктыўна паразмаўлялі толькі трое кандыдатаў — Рыгор Кастусёў, Віталь Рымашэўскі і Мікола Статкевіч. Вось у выніку што атрымалася з таго імкненьня да адзінства, да агульных дзеяньняў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG