Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка — Вэстэрвэле: “Нават галасы можаце палічыць, калі будзе жаданьне”


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка паабяцаў, што выбары ў Беларусі пройдуць «па самых дэмакратычных стандартах».

Пра гэта ён заявіў на сустрэчы зь міністрамі замежных спраў Нямеччыны і Польшчы Гіда Вэстэрвэле і Радаславам Сікорскім, якая праходзіць у Менску.

«Хачу вас запэўніць, паколькі ўсё-такі вы людзі мужныя, рызыкнулі прыехаць да нас напярэдадні выбараў (ня кожны на гэта вырашыцца), у тым, што выбары ў нас пройдуць без сучка і задзірынкі. Як дзейсны прэзыдэнт ад імя ўлады хачу паабяцаць, што выбары пройдуць па самых дэмакратычных стандартах. Нам няма неабходнасьці праводзіць непразрыстыя выбары, якія будуць пастаўлены пад сумнеў сусьветнай супольнасьцю. Легітымнасьць выбараў для нас сёньня важней, чым для каго б там ні было на гэтай плянэце. Перш за ўсё мы зацікаўленыя ў тым, каб выбары ў нас прайшлі абсалютна легітымна, каб да нас не было пасьля гэтага пытаньняў », — заявіў Лукашэнка.

Пры гэтым ён заўважыў, што ў Беларусі ніколі і не здаралася такога, каб парлямэнт і прэзыдэнта абіраліся недэмакратычна, але калі Эўропа паставіла пад сумнеў беларускія выбары, то ён асабіста загадаў заплюшчыць вочы на ўсе парушэньні апазыцыі.

Лукашэнка прызнаў, што Беларусь «вельмі зацікаўленая ў Эўропе», але і Эўропа ня можа абысьціся без Беларусі, «таму што гэта сэрца нашай Эўропы».

Паводле слоў Лукашэнкі, санкцыі і розныя абмежаваньні ў палітыцы і эканоміцы не спрыяюць хуткаму паляпшэньню адносін паміж Беларусьсю і ЭЗ.

Міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў на сустрэчы з Лукашэнкам, што Польшча падтрымлівае эканамічную інтэграцыю Беларусі і ЕЗ і спрашчэньне візавага рэжыму.

«Польшча падтрымлівае мэты і задачы „Ўсходняга партнэрства“, а менавіта эканамічную інтэграцыю, спрашчэньне візавага рэжыму і тое супрацоўніцтва, якое дапаможа зблізіцца. Мяркую, будуць створаны палітычныя магчымасьці, каб Беларусь магла скарыстацца гэтым супрацоўніцтвам».

Гіда Вэстэрвэле заявіў, што ЭЗ хоча бачыць Беларусь ня толькі «як суседа, але і як добрага партнэра».

«Мы гатовыя паглыбіць наша эканамічнае супрацоўніцтва, але мы таксама хочам, каб Беларусь выконвала правы чалавека, прынцыпы дэмакратыі і вяршэнства закона», — сказаў кіраўнік МЗС ФРГ.

Паводле яго слоў, ЭЗ вітае рашэньне Беларусі запрасіць міжнародных назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары:

«Выбары будуць тэстам, лякмусавай паперкай дэмакратыі ў Беларусі», — заявіў Вэстэрвэле.

Ён таксама выказаў надзею на тое, што міжнародныя назіральнікі змогуць свабодна азнаёміцца з сытуацыяй у краіне і паўнавартасна назіраць за ходам выбараў.

У адказ на гэта Лукашэнка заявіў: «Нават галасы можаце палічыць, калі будзе жаданьне».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG