Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму праваабаронцы з Эўропы зьвярнуліся да Сікорскага і Вэстэрвэле


5 эўрапейскіх праваабарончых арганізацый Belarus Watch (Літва), Libereco — Партнэрства ў імя правоў чалавека (Нямеччына), Беларускі Дом правоў чалавека (Літва), «Грамадзянская Беларусь» (Чэхія) і Фундацыя Дамоў правоў чалавека (Нарвэгія) зьвярнуліся да міністраў замежных справаў Нямеччыны і Польшчы, якія сёньня знаходзяцца зь візытам у Беларусі.

Аўтары звароту заклікалі адрасатаў падчас перамоваў з уладамі Беларусі акрамя прагматычных эканамічных і палітычных пытаньняў дамагацца прагрэсу ў захаваньні правоў чалавека і дэмакратычных свабодаў.

«Заклікаем прадстаўнікоў уладаў Эўразьвязу зьвярнуць увагу на тое, што ў Беларусі зазнаюць перасьлед палітычныя апанэнты ўлады і незалежныя журналісты, прыводзяцца ў выкананьне сьмяротныя прысуды, не забясьпечаная свабода слова, сходаў і аб’яднаньняў.

Улічваючы, што візыты высокапастаўленых эўрапейскіх палітыкаў пасьпяхова выкарыстоўваюцца ўладамі Беларусі як знак падтрымкі заходніх краін цяперашняму прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, просім, каб падчас кантактаў з уладамі на парадку дня абавязкова прысутнічала тэма каштоўнасьцяў справядлівасьці, дэмакратыі, чалавечай годнасьці».

Сярод пытаньняў, якія, на думку праваабаронцаў, Вэстэрвэле і Сікорскі павінны ўзьняць на перамовах у Менску — «вызваленьне палітзьняволеных (Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі і інш.), спыненьне крымінальнага перасьледу незалежных журналістаў, увядзеньне мараторыю і скасаваньне сьмяротнага пакараньня, скасаваньне артыкулу 193.1 Крымінальнага кодэксу, што прадугледжвае пазбаўленьне волі за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, правядзеньне вольных і справядлівых прэзыдэнцкіх выбараў.

Прычыны зьяўленьня заявы камэнтуе кіраўнік арганізацыі Belarus Watch Вадзім Вілейта:

“Гэты зварот ініцыявалі некалькі грамадзкіх арганізацый у краінах Эўразьвязу, якія сочаць за тым, што адбываецца ў Беларусі. Наша арганізацыя – адна з такіх структураў, якія ікнуцца пры кожнай нагодзе нагадаць сьвету і Эўропе аб тым, якая сытуацыя мае месца ў Беларусі. Мы мяркуем, што такія публічныя звароты маюць вялікую карысьць для паляпшэньня сытуацыі. Грамадзкай думцы ў ЭЗ вельмі мала вядома пра тое, што адбываецца ў Беларусі – ці ёсьць там зрухі, ці яна застаецца па ранейшаму кепскай.
Наша арганізацыя зарэгістраваная ў Літве. Нядаўні візыт спадарыні Грыбаўскаце ў Менск паказаў, што як раз падчас такіх візытаў падвышаецца ступень зацікаўленасьці СМІ і грамадзянскай супольнасьці да таго, што адбываецца ў Беларусі. Мы ўбачылі, што гэта вельмі зручны момант для таго, каб сказалі сваё слова грамадзкія арганізацыі.
На гэты конт шмат гавораць аналітыкі і апазыцыйныя палітыкі, але яны падаюць найперш сваё меркаваньне. А для праваабарончых арганізацый важна зьвярнуць увагу на тое, якая сытуацыя з грамадзянскімі свабодамі ў Беларусі, якая сытуацыя на мяжы, якая сытуацыя з атрыманьнем візаў. Калі ўжо такія візыты пачалі адбывацца, то мы ня можам адназначна сказаць, добра гэта ці дрэнна. Мы павінны глядзець па выніках. Каб гэтыя візыты мелі плён, павінны супольныя высілкі, ў тым ліку і грамадзкіх арганізацый”.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG