Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: Зьнясуць шэсьць гістарычных габрэйскіх будынкаў


У Берасьці на Першым Менскім завулку захавалася сем драўляных будынкаў, якія зьяўляюцца архітэктурнай каштоўнасьцю. Пабудаваныя ў 1925 годзе пры дапамозе габрэйскага фонду «Джойнт», дамы прызначаліся для бяздомных габрэяў. У Беларусі больш aне існуе падобных пасяленьняў, якія захаваліся да нашых дзён. Тым ня менш, Камiтэт па ахове гiсторыка-культурнай спадчыны пры Мiнiстэрстве культуры Рэспублiкi Беларусь прыняў рашэньне аб зносе шасьці дамоў. Застанецца толькі адзін.

Аляксей Яроменка
Падобнага цэльнага архітэктурнага комплексу, як калёнія Варбурга ў Берасьці, у Беларусі больш не існуе. Першапачаткова калёнія складалася з 12 дамоў. На сёньня засталося толькі сем. Яшчэ ў мінулым годзе ў трох дамох жылі людзі. Тым ня менш, усіх перасялілі. Будынкі будуць зьнесены. Архітэктар Аляксей Яроменка адзначае, што рэстаўрацыя заўсёды каштуе нашмат больш, чым знос і адбудова наноў, але гэта ўжо руйнаваньне, а не аднаўленьне:

«Калі мы бачым, у якім стане цяпер знаходзяцца дамы, то відавочна, што аднаўленьне будзе каштаваць даволі вялікіх грошай. І пры ўсім гэтым, калі весьці рэстаўрацыю, можна вызначыць нейкую лічбу ў грашовым эквіваленце. А вось пры зьнішчэньні комплексу мы страцім і грошы, і памяць. Таму, я мяркую, што зьнішчаць дамы ні ў якім разе нельга. Неабходна, каб рэстаўратары, архітэктары, гісторыкі аб’ядналі свае намаганьні па адраджэньні гэтага помніка.»

Актывісты берасьцейскага таварыства габрэяў «Брыск» зьвярталі ўвагу чыноўнікаў на недапушчальнасьць зьнішчэньня будынкаў. Камісія па захаваньні гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры прыняла рашэньне пакінуць толькі адзін з дамоў, хаця ўсе адносяцца да гістарычных помнікаў. Чаму толькі адзін, а ня два, ці ўсе, кажа старшыня таварыства «Брыск» Барыс Брук:

Барыс Брук
«Мы намагаемся захаваць гэтыя дамы. Але разумеем, што для гэтага патрэбны даволі вялікія сродкі, якіх мы цяпер проста ня маем».

Некалькі дамоў нядаўна зьнесьлі, на іх месцы пабудавалі студэнцкі інтэрнат і пачалі будаваць сталоўку, якая цяпер пераўтварылася ў даўгабуд.

Брук: «Пытаньне аб захаваньні будынкаў — гэта пытаньне ня толькі габрэйскай суполкі Берасьця, але гэта гістарычная каштоўнасьць нашай краіны. Прычым не істотна, каму будуць належаць гэтыя дамы. Гэта нашая гісторыя, якую нельга паўтарыць, або перарабіць. Вельмі важна захаваць гэты помнік».

Калёнія Варбург названа ў гонар стваральніка фонду «Джойнт» Фэлікса Варбурга, які і прымаў рашэньне аб выдзяленьні сродкаў на будаўніцтва 12 будынкаў у Берасьці.

На месцы аднаго з разбураных дамоў будавалі сталоўку, але так і ня скончылі.
Надмагільныя пліты з габрэйскіх могілак выкарыстоўваліся як ходнік ля аднаго з дамоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG