Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рылаўшчына. “Гэта не дэпартацыя, гэта экспрапрыяцыя”


Упершыню я пабачыў гэтую вёску гадоў пятнаццаць назад. З вакна аднаго з інтэрнатаў мэдыцынскага інстытуту. Я быў у захапленьні ад пастаральнай карціны, у якую ператварылася інтэрнацкае вакно. Велізарны восеньскі луг з блакітным возерам. Селянін на калёсах, якія праз луг цягнула каняка. І дымы над комінамі немалой вёскі. Фантастычнасьць карцінкі была ў тым, што з праспэкту Дзяржынскага гэтую ідылію разгледзець было немагчыма. Ад былой ідыліі ўжо не засталося і знаку. Вёска Рылаўшчына, за саветамі перайменаваная ў Дружбу, дажывае апошнія дні.


Праз луг пралегла шырокая магістраль. Возера абмялела і пераўтварылася ў жахлівую сьметніцу. Палова дамоў ужо разбурана. Але ў некаторых яшчэ цепліцца жыцьцё. Давайце пагрукаем у адну з хат. Да старой Аляксандры, карэннай рылаўкі, прыйшла суседка Кацярына. Якая атрымала кватэру ў адным з новых гмахаў.


Кацярына: «Я не магу жыць. Далі нам кватэру, а я жыць там не магу. Я прыходжу сюды, хоць пасяджу. Пакуль тут яшчэ не зруйнавалі маю палавіну».

Кацярына: «Спачатку стары старшыня Маскоўскага раёну выступаў. Абяцаў нам газ, тэлефон. Бедны, памёр ад абяцаньняў. А пасьля ўжо пачала савецкая ўлада, як я кажу. Ні дарог, ні тэлефону. Нічога. То знос, то ня знос, то знос, то ня знос».

Карэспандэнт: «У вас тут ёсьць тэлефоны».

Кацярына: «Ёсьць. Перад зносам літаральна. Аб’явілі пра знос першага красавіка«.

Карэспандэнт: «Абрадавалі. Дзень жартаў».

Кацярына: «Абрадавалі, так. А пасьля ў верасьні нам прапанавалі тэлефоны паставіць. Бесправадныя. Станцыі маленькія. І мы паставілі, канечне. Пражылі 2008 год зь верасьня па верасень 2009-га. А пасьля здалі іх».

Карэспандэнт: «А возера тут было прыгожае?»

Кацярына: «Ніхто ж яго не даглядаў. Яго ж трэба было пачысьціць. Тут недзе тапельніцу знайшлі».

Карэспандэнт: «У гэтай лужыне можна ўтапіцца?»

Кацярына: «Ну чаму? Забіць і скінуць».

Карэспандэнт: «А я думаў — няшчаснае каханьне».

Кацярына: «У нас ёсьць няшчаснае. П’юць — і няшчасьце. Гавораць, на пажыцьцёва спадчынныя ўладаньні. Здавалася б, мае дзеці, унукі і праўнукі, а ў мяне іх шэсьць, і прапрапраўнукі будуць валодаць гэтай зямлёй. Яны кажуць — не, гэта зямля дзяржаўная. І дом ацанілі вісячым паміж небам і зямлёй».

Карэспандэнт: «І што тут будзе?»

Кацярына: «Аддадуць ці то Лужкову, ці то Батурынай мадам. За бясплатна. Ах, прыехаў Лужкоў! Што нам з гэтага Лужкова?»


Я толькі зараз заўважыў, што ў красным кутку на нас строга пазірае Аляксандар Рыгоравіч. Прычым пад партрэтам была алоўкам напісаная дата ягонага нараджэньня. Так бы мовіць, дзень сьвятога заступніка. Я, сам таго не жадаючы, выклікаў спрэчку паміж сяброўкамі.


Карэспандэнт: «Такія партрэты вешаюць звычайна ў кабінэтах. А вы ня проста партрэт павесілі, вы яшчэ і дату нараджэньня пазначылі».

Аляксандра: «Таму што ён мне падабаецца. Ён правільна камандуе. Разьбіраецца ўва ўсім».

Карэспандэнт: «А што з Рылаўшчынай? Калі дамы ацэньваюцца...»

Аляксандра: «Можа, так і нада. Ну, не такая ўжо багатая наша...»

Кацярына: «Небагатая? А палацы будаваць там, дзе ня трэба? Абяцаў, калі, як я кажу, жаніўся на прэзыдэнта, уклады кампэнсаваць? Што мы маем? Фігу ў кішэні».

Аляксандра: «Скора кампэнсіруець».

Але гэта быў не адзіны партрэт, які прысутнічаў у доме. Дык вось хто іх скупляе ў кнігарнях!

Карэспандэнт: «У вас яшчэ адзін?»

Аляксандра: «Гэта мне свацьця падарыла».

Карэспандэнт: «Вам таго Лукашэнкі, які ў тэлевізары, мала?»

Аляксандра: «Мала».

Кацярына: «Вось каб ён яе паругаў трохі, яна б усе партрэты прыбрала б».

Карэспандэнт: «А што гэта вам дае? У вас настрой паляпшаецца, калі вы бачыце? Вы ў гэты дзень выпіваеце за яго здароўе?»

Аляксандра: «Ну, так ужо не сьвяткуем, канечне. Але...»

Сярод старых вясковых хатаў у Рылаўшчыне ўзвышаюцца некалькі вялікіх прыгожых дамоў. З гаспадарамі аднаго зь іх я разгаварыўся. Прадпрымальнікі сярэдняга веку. Мураванку пабудавалі дзесяць гадоў таму. Таксама ёсьць лазьня, сад, гараж. Абжыліся і зьбіраліся жыць доўга і шчасьліва.


Кабета: «Нам адразу прапанавалі двухпакаёвую кватэру. Бо мы ў гэтым доме прапісаны ўтраіх. Я, муж і дачка».

Карэспандэнт: «За гэтыя харомы?»

Кабета: «Так. Мы напісалі заяву, што згодныя са зносам, калі нам выплацяць поўную камэрцыйную цану».

Гаспадар: «Гэта не дэпартацыя, гэта экспрапрыяцыя. Я кажу, што за гэтыя грошы я дом у Менску не куплю. „А мы вам не ацэньваем, каб вы куплялі. Ад балды“. Так сказалі».

Праз сотню мэтраў карціна іншая. Пачарнелы ад часу, але яшчэ моцны вясковы дом. З разьблёнымі налічнікамі. На прызьбе сядзіць гаспадыня. Пэнсіянэрка Тамара. Карэнная рылаўка разам з суседам пад таннае віно аплаквае былыя дні вясковай маладосьці. Што праўда, сяляне, якія ніколі ня мелі намеру перабірацца ў горад, перажываюць яго наступ найбольш хваравіта.


Тамара: «Радавая наша хата. Мой бацька перарабіў яе. А дагэтуль мае прабабулі тут жылі».

Карэспандэнт: «А вам ужо кватэру далі?»

Тамара: «Далі. Не жывем мы ў ёй. Ніякага жаданьня няма».

Карэспандэнт: «Вы ўсё роўна прыходзіце сюды...»

Тамара: «Сюды, пакуль нас не зьнясуць. Я хачу на сваёй бацькаўшчыне быць».


Рылавец: «Рылаўшчына была. Жыта жалі камбайнам. А зараз усё раскінулася, развалілася. І фэрма была, і каровы, і коні. Зараз нічога няма».

Карэспандэнт: «А рэчка, што там цячэ?»

Рылавец: «Па гэтай рэчцы, цесьць мне расказваў, коні не прахадзілі, а толькі ўплаў. Такая рэчка. А зараз паглядзіце, што тут робіцца».

Тамара: «Там і луг быў прыгожы, і кветкі зьбіралі, і шчаўе зьбіралі. Цяпер зарасло ўсё быльлём».

Рылавец: «Як горад пачаў наступаць, так усё і развалілася. Зьбіралася моладзь у кучу. З песьняй, з гармошкай. Гарэлку ніхто ня браў. З самагонкай селі, паплясалі».

Пакуль я глядзеў на рылаўскае возера, да мяне падышоў мажны вусаты волат гадоў 50-ці. Пазнаёміліся.


Анатоль: «Некалі была рэчка, добрая рэчка. Бачыце, ува што ператварыў горад? Такі куток брудны стаў. Тут андатры жылі, зайцы. Качкі гнездаваліся. А цяпер звозяць з усяго гораду адкіды».

Анатоль некалі працаваў у МУС. Зараз на пэнсіі. Сапраўдны беларускі гаспадар. З сапраўднай мовай у галаве і сапраўднай любоўю да спадчыннай зямлі.

Анатоль: «Аляксандар Рыгоравіч кожны год віншаваў людзей. І ўсё пажаданьні выказваў. „Я жадаю, каб пабудаваў сапраўдны мужчына дом, нарадзіў сына, дрэва пасадзіў“. А што ў выніку атрымліваецца? Мой прадзед, мой дзед яшчэ да рэвалюцыі мелі сваю зямлю. Пачалася калектывізацыя. Кузьня была свая! Першымі пайшлі ў калгас. Бо ня пойдзеш, завязуць на Салавецкія. Тую зямлю адабралі. Цяперака, здаецца, пабудаваўся. Што ж гэта за законы такія? Ізноў, як тую дзяўчыну лёгкіх паводзінаў, на соты кілямэтар адпраўляюць. Калектывізацыя ізноў».

Карэспандэнт: «І што вы думаеце рабіць?»

Анатоль: «Трэба ў Адміністрацыю прэзыдэнта. Што яны скажуць па гэтым пытаньні. А тады ўжо будзем глядзець».

З Анатолем мы разьвіталіся амаль сябрамі. Адна мова часам збліжае ў Беларусі людзей мацней за штосьці іншае. Таму ў гісторыі рылаўшчынскіх перасяленцаў ня будзем ставіць кропку.
XS
SM
MD
LG