Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці сапраўды ад прыватнага сэктару у Менску адчэпяцца?


Улады вырашылі адмовіцца ад сваіх плянаў зьнесьці большую частку прыватнага сэктару Менску. Выканаўца абавязкаў старшыні Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька паабяцаў, што жыхары сядзібаў змогуць разьвіваць свае індывідуальныя жылыя дамы і карыстацца тэрыторыяй вакол іх. Як паставіліся жыхары прыватных дамоў да такой заявы і чым яе тлумачаць?

Мікалай Ладуцька, фармулюючы новую, як ён сказаў, «ідэалёгію» што да зносу прыватнага сэктару, спаслаўся на лісты больш як 8 тысяч менчукоў, якія зьвярнуліся да ўладаў Менску:

«Мы прыйшлі да высновы, што на сучасным этапе можна прыняць ідэалёгію зьмяшанай рэалізацыі забудовы і даць магчымасьць грамадзянам на вызначаных тэрыторыях разьвіваць свае індывідуальныя жылыя дамы і карыстацца гэтай тэрыторыяй. Карыстацца ў поўным сэнсе гэтага слова», — сказаў Мікалай Ладуцька. Адначасна чыноўнік заявіў, што знос дамоў працягнецца, а тым гаспадарам, чые дамы будуць пэўна знасіць праз 5-6 гадоў, забароняць рабіць капітальны рамонт жытла.

Ці ёсьць адпаведнае рашэньне Менгарвыканкаму, альбо Ладуцька выказаў уласную думку? Афіцыйныя крыніцы спасылак на канкрэтныя дакумэнты ня робяць, на сайце Менгарвыканкаму згадак пра рашэньне таксама няма, а мае спробы праз управу жыльлёвай палітыкі высьветліць гэтае пытаньне, плёну не далі:

«Ня мы вызначаем, якія дамы будуць знасіць, а якія — не. Ня мы гэтым займаемся, мы толькі жыльлё даем. А ці прынятае новае рашэньне? Ня ведаю, і не сказала б, бо ня маю на гэта права».

Вінцук Вячорка
Ужо праз 25 дзён у Менску адбудуцца выбары ў гарадзкі савет. Сябра партыі БНФ Вінцук Вячорка ўваходзіць у ініцыятыўную групу, якую стварылі жыхары Сельгаспасёлку, каб спыніць знос іх прыватных дамоў. Вінцук Вячорка мяркуе, што заява Мікалая Ладуцькі і выбары ў гарсавет наўпрост зьвязаныя:

«Гэта спроба зьбіць напружаньне перад выбарчай кампаніяй. Яны добра ведаюць, што прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, я ў прыватнасьці, пасьлядоўна ставяць гэтае пытаньне. І трывога і абурэньне людзей маюць пэўныя падставы. Тое, што датычыць Сельгаспасёлку, іншых раёнаў — гэта найгрубейшае парушэньне правоў уласнасьці. Між тым заява Ладуцькі ў юрыдычным пляне нічога ня значыць і ні да чаго не абавязвае. Гэта проста спроба ўсыпіць актыўнасьць людзей».

Вінцук Вячорка паведаміў, што спробы жыхароў Сельгаспасёлку заснаваць камітэт мясцовага самакіраваньня тармозяцца недасканалымі законамі. Гэтыя законы паўсюдна патрабуюць дазволу райвыканкаму, але мясцовыя чыноўнікі яўна не зацікаўленыя ў тым, каб ў іх зьявіўся самастойны канкурэнт.

«Трэба ўдасканальваць заканадаўчую базу мясцовага самакіраваньня», — пагаджаецца жыхар Сельгаспасёлку Канстанцін Міронаў. Дому Міронава таксама пагражае знос. Паводле гаспадара, другая прычына часовай адтэрміноўкі зносу дамоў, акрамя выбараў, — гэта крызіс.

«Яны усё гэта пачыналі, калі было шмат грошай: расейскіх, нафтавых, з розных іншых незразумелых крыніц. Зараз грошай няма і пытаньне як бы само адклалася. Таму і можна сказаць людзям, маўляў, вы пісалі, і мы адрэагавалі на крытыку. Насамрэч, сёньня Ладуцька сказаў гэтак, заўтра скажа інакш, бо няма ніякай празрыстасьці падчас прыняцьця рашэньняў».

На маё пытаньне, як адрэагавалі суседзі Канстанціна Міронава на заяву Мікалая Ладуцькі жыхар Сельгаспасёлку адказаў:

«Суседзі? Нехта згодны са мной, нехта кажа, што добра, ужо нечага дамагліся. Але мне падаецца, што расслабляцца нельга».

Дзяніс Васкабовіч
Ужо болей як год не расслабляецца жыхар 49-га дому па вуліцы Ўманскай Дзяніс Васкабовіч. Ягоны дом суд пастанавіў зьнесьці, бо дом нібыта перашкаджае будаўніцтву станцыі мэтро, а суседзкія дамы зносяць, каб расчысьціць пляцоўку для камэрцыйнага забудоўшчыка.

Дзяніс Васкабовіч кажа, што некаторыя суседзі здаліся, пагадзіліся атрымаць кампэнсацыю ды зьехаць у панэльныя дамы. А ён з бацькам і братам будуць стаяць да канца: яго не задавальняе кампэнсацыя, прапанаваная мэтрабудам, і ўвогуле ён лічыць, што нікому ягоны дом не перашкаджае. У красавіку скончыцца тэрмін чарговай судовай касацыі, якую чакае Дзяніс Васкабовіч. Пакуль ён працягвае жыць у сваім доме, фактычна на высьпе, і вось што заўважыў:

«Валасы шавеляцца на галаве. У нас калі перад домам клалі асфальт, то за два тыдні, пакуль яго клалі, можа, налева тоны тры саляркі пайшло. Проста хоць ты фатаграфуй ды паказвай Дзяржкантролю. Ці закапваюць трубу, потым яе раскопваюць і нібыта ўкладваюць зноў. Столькі грошай закапалі! Калі бачыш усё гэта, разумееш, чаму мэтро гэтак дорага каштуе».

Дом Дзяніса Васкабовіча
На сьцяне дому Дзяніса Васкабовіча ўжо больш за год вісіць плякат з заклікам да Аляксандра Лукашэнкі ўмяшацца і ўратаваць ад свавольства чыноўнікаў. Дзяніс яшчэ спадзяецца, што карысьць ад плякату калі-небудзь будзе.

Летась у пачатку лютага згарэў дом Васіля Хадзькова, які таксама пісаў лісты да чыноўнікаў з заклікам уратаваць ад зносу. Напярэдадні Васіль Хадзькоў закрыўся ў доме, пратэстуючы супраць таго, што яму не далі іншага жыльля. Чыноўнікі вырашылі, што ён фіктыўна разьвёўся з жонкай — толькі каб атрымаць яшчэ адну кватэру. Спадар Хадзькоў даводзіў, што даўно ня жыў з былой жонкай адной гаспадаркай, апэляваў да Канстытуцыі, да суду. Марна.

У адзін зь дзён яго вывалаклі з дому і адвезьлі ў міліцыю, а дом, у якім з вайны яшчэ жылі ягоныя бацькі, пры зносе загарэўся. Мінуў год. Тыдзень таму Васіля Хадзькова, які раней быў зусім далёкім ад палітыкі чалавекам, я сустрэў на мітынгу, прысьвечаным Дню волі. Спытаў, дзе ён цяпер жыве, ці далі яму кватэру?



«Жыву, дзе даюць прытулак. Ніхто нічога ня даў, ніякай кампэнсацыі. Хаця вось у адказе з Генэральнай пракуратуры гучыць, што „вам далі ва ўласнасьць кватэру“. Хочацца запытаць: дзе яна, якія ў вас доказы? Даюць па-ранейшаму адпіскі, зьдзекуюцца».
XS
SM
MD
LG