Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Выпісваюць у паліклініках толькі беларускія лекі, але яны нічога не дапамагаюць”


На сёньня ў Беларусі дзейнічаюць ужо новыя абмежаваньні ў бясплатным і ільготным забесьпячэньні грамадзянаў лекамі. Зьмены ўнесены ў пастанову Саўміна № 1650 ад 30 лістапада 2007 году. Калі раней рашэньне аб неабходнасьці выпіскі таму ці іншаму хвораму рэцэпта на льготныя лекі прымаў непасрэдна ўрач, які лечыць, то цяпер гэта мусіць рабіць экспэртная камісія паліклінікі ці лякарні.

У горшае становішча трапілі таксама пацыенты, якія пакутуюць на хранічныя захворваньні. Калі раней не абмяжоўваўся тэрмін іх лекаваньня пры дапамозе бясплатных альбо ільготных лекаў, то цяпер такі тэрмін ня можа быць большы за 6 месяцаў.

Пра гэтыя да іншыя праблемы ў беларускай фармацыі распавялі сёньня карэспандэнтам «Свабоды» наведнікі аптэк у рэгіёнах.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


«Шэсьць месяцаў ты жывеш, а потым — вешайся?»

У Гомелі старэйшыя людзі скардзяцца, што новыя абмежаваньні закранулі нават вэтэранаў вайны, пра якіх беларускія ўлады нібыта клапоцяцца найлепшым чынам.

Апавядае 84-гадовы ўдзельнік вайны спадар Іван, які хранічна хварэе на адэному прастаты:

«Я карыстаўся аднымі лекамі, а тады ўжо сказалі, што вам будуць вось гэтыя лекі — беларускія, таньнейшыя. Іншыя імпартныя лекі, якія каштуюць па 40 тысяч рублёў, не выпісваюць».

Вэтэран распавёў, што лекарка й зараз, каб выпісаць ільготны рэцэпт, павінна аббегаць шмат каго ў паліклініцы. Ці даць вэтэрану льготны рэцэпт — вырашае ня лекар, а кансыліюм.

Да абмежаваньня тэрміну забесьпячэньня лекамі на льготных умовах цягам толькі 6 месяцаў спадар Іван ставіцца таксама адмоўна:

«Бязь лекаў я й сёньня думаў, што не ўздымуся — хоць на сьценку лезь. Дык мне дадуць льготныя лекі на 6 месяцаў — а тады што? У нас сусед узяў і павесіўся — яго не было каму даглядаць. Дзяцей зь ім не было, а ён адзін жыў. Што рабіць — выйсьця няма. Дык прыйдзецца купляць — не палезеш жа жывым у магілу, як сусед. Будзе балець — і калі будзе дапамагаць, то будзеш купляць што заўгодна».

Другі вэтэран вайны, спадар Міхаіл, які чакаў жонку з аптэкі, таксама ня можа ўцяміць, чаму гэта хранічна хворым урад забясьпечвае лекаваньне цягам толькі 6 месяцаў:

«У мяне, напрыклад, у сэрца паставілі батарэйку. Таксама лекі патрэбны круглы год. Дык як гэта шэсьць месяцаў? Значыць, шэсьць месяцаў ты жывеш, а потым — адпраўляйся?»

Жонка вэтэрана, спадарыня Ліда, якая звычайна ходзіць у аптэку па лекі, дадае:

«Танныя лекі выпісваюць па льготных рэцэптах. А калі якая там таблетка замежная, баўгарская ці яшчэ якая, яе ўжо не выпісваюць — купляй сам».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Я не магу купіць лекі тады, калі яны мне патрэбныя…»

Людзі пэнсійнага веку сьцьвярджаюць, што цяпер зь лекамі ў айчынных аптэках ёсьць шматлікія праблемы.

Перад уваходам у аптэку сталы мужчына падлічвае грошы, у яго нешта не сыходзіцца, і ён некалькі разоў ізноў пералічвае. Мы разгаварыліся, спадар распавядае, што яму ўжо за 80 гадоў, а льготаў на набыцьцё лекаў няма ніякіх.

Спадар: «Ну, вось мне выпісалі 10 таблетак, і за гэта трэба заплаціць 20 тысяч. Папіў дзесяць дзён, а хадзіць не магу. І што рабіць?».

Спадар паказвае бутэлечку ад лекаў расейскай вытворчасьці. Кажа, што прасіў выпісаць яму нямецкія альбо амэрыканскія таблеткі, а доктар сказаў, што такіх няма.

Да нашае размовы далучаецца спадарыня таксама сталага веку і кажа, што імпартных лекаў стала зусім мала, іх ніхто не выпісвае, а расейскімі яна карыстацца ня хоча ня толькі таму, што яны даражэйшыя за беларускія.

Спадарыня: «Я ўжо лепей буду карыстацца беларускімі, чым расейскімі, я расейскія лекі наагул не прымаю, бо яны ўсе, як падробкі».

Спадарыня кажа, што ў рэдкіх выпадках лекар выпісвае імпартныя лекі, але набыць іх вельмі складана.

Спадарыня: «Вось я іду, а ў мяне баляць суставы, выпісалі лекі аж на 100 тысяч і болей, а гэта вельмі накладна. Я, да прыкладу, не магу купіць лекі тады, калі яны мне патрэбныя, чакаю пэнсію. Таму што заплаціш за кватэру, а там застаецца ледзь-ледзь…».

У аптэцы нешматлюдна, малады чалавек дамагаецца ад аптэкаркі, каб выпісаныя беларускія лекі яму замянілі на імпартныя. Вось ягоныя аргумэнты.
Але ж ім трэба з паліцаў гэтыя лекі неяк прыбіраць — вось яны і выпісваюць.


Спадар: «Я не бяру беларускія лекі таму, што ня цалкам давяраю ім. Ведаю, што на Захадзе ёсьць пэўныя стандарты, патрабаваньні, правілы вырабу лекаў, яны за гэтым сочаць, адказваюць. А ў нас што, хто за гэтым глядзіць, кантралюе…».

Карэспандэнт: «А чаму вы адразу ў лекара ня выпісалі імпартныя лекі?»

Спадар: «Для лекараў ёсьць такі загад, каб выпісвалі толькі беларускія лекі. У нас усё па загадах робіцца: лекі выпісваюцца — і купляйце беларускае…»

Яшчэ адна спадарыня з чаргі, пачуўшы нашую размову, абапіраючыся на ўласны досьвед, павучальна раіць пры магчымасьці на леках не эканоміць.

Спадарыня: «Выпісваюць у паліклініках беларускія лекі, але яны нічога не дапамагаюць, нават ад кашлю і тое не дапамогуць. Але ж ім трэба з паліцаў гэтыя лекі неяк прыбіраць — вось яны і выпісваюць. Людзі імкнуцца лепей у тры разы даражэй купіць, абы гэта дзейнічала эфэктыўней».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


У аб’яднаньні «Фармацыя» спраўдзілі: знаёмы ракавым хворым прэпарат больш не пастаўляецца.

Абмежаванасьць выбару болесуцішальных прэпаратаў робіць невыносна пакутлівым жыцьцё невылечна хворым людзям і іхным родным. У такой сытуацыі апынулася сям’я, якая жыве ў адным з райцэнтраў Магілёўшчыны.

Родныя хворай на рак жанчыны выпадкова даведаліся пра замежны прэпарат з назвай «Дзюрагезік». Ён значна суцішае боль і дазваляе хвораму жыць без пакутаў да трох дзён.

«Многія пра яго нават і ня ведаюць. Выпісваюць ім тэрмадон ці морфій колюць. Хуценька сэрца пасадзілі, пахавалі й забылі. Лекар сказаў, што нашы хворыя карыстаюцца тым, што мы даем. Кажа: „На сьценкі ня лезе — значыць, усё нармальна. Паўсюдна напісана — індывідуальны падыход павінен быць, а яны, калі хворы на чацьвёртай стадыі, сьпісваюць іх, і ўсё“, — зазначае дачка хворай.

Паспытаўшы „Дзюрагезік“, родныя пачалі патрабаваць ад раённых мэдыкаў далейшага выкарыстаньня прэпарату. Свайго дамагліся, але ненадоўга. Неўзабаве лекары абвясьцілі: прэпарату больш у нас няма, шукайце яго ў іншых месцах, мо пашанцуе».

У аб’яднаньні «Фармацыя», якое забясьпечвае рэгіён лекамі, прызналі, што больш «Дзюрагезік» у Беларусь не пастаўляецца. Замест яго выпісваюць іншы прэпарат. На пытаньне, чаму гэты іншы не прымаецца арганізмам хворай, супрацоўніца «Фармацыі» адказала:

«У якасьці новага прэпарата ня варта сумнявацца. У дадзеным выпадку — гэта чыста нейкае індывідуальнае непрыманьне».

Што рабіць хворай, і дзе шукаць дэфіцытны цудадзейны прэпарат, мэдыкі адказаць ня могуць. З шкадобай толькі прызнаюць: фірма, якая вырабляе «Дзюрагезік», ня выйграла тэндэру на пастаўку сваёй прадукцыі, і ўсё на гэтым. Родныя тым часам абшукваюць усе анкалягічныя лякарні, й пакуль ім шанцуе — знаходзяць. Пра тое, што будзе далей, ня думаюць.

У Міністэрстве аховы здароўя Беларусі не знайшлося сёньня ахвотных пракамэнтаваць актуальную для беларусаў праблему. Не тлумачаць прычыны новых абмежаваньняў на лекі і ў Беларускім дзяржаўным прадпрыемстве «Фармацыя». Праўда выкрылася ў гутарцы з фармацэўтам гомельскай гарадзкой аптэкі № 180. Па яе словах, лекарам загадана выпісваць льготнікам толькі айчынныя лекі, бо на імпартныя ў дзяржавы не стае валюты:

«У асноўным выпісваюцца і адпускаюцца беларускія. Калі патрэбныя аналягі імпартнай вытворчасьці, то гэта робіцца паводле сур’ёзных паказаньняў. Зьбіраецца камісія і вырашае. Аднаму ўрачу выпісваць рэцэпт забараняецца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG