Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як жывецца беларускім пэнсіянэрам?


У Беларусі 2 мільёны 464 тысячы пэнсіянэраў — гэта кожны чацьвёрты жыхар краіны. Чвэрць пажылых беларусаў, дасягнуўшы пэнсійнага ўзросту, працягваюць працаваць. Наколькі сацыяльна абароненымі пачуваюць сябе беларускія пэнсіянэры?

З 1 жніўня пэнсіі ў Беларусі павысілі прыкладна на 12%. Такім чынам, пэнсіі ў сярэднім павялічацца на 58,6 тысяч рублёў (на 19 даляраў) і складуць 528 тысяч рублёў (176 даляраў). Гэта ўжо другое павелічэньне сёлета: у студзені пэнсіі павышаліся на 9%.

Ці заўважылі павышэньне пэнсій самі пэнсіянэры?

У народнай артысткі Беларусі Зінаіды Бандарэнкі пэнсія амаль не адрозьніваецца ад пэнсіі звычайнага беларуса: "Ой, Божа мой, ледзьве хапае пэнсіі. 1 жніўня мы атрымалі павышаныя пэнсіі. Але павышэньне пэнсій не даганяе таго, як павялічваюцца кошты на прадукты, на харчаваньне, мы ўжо не гаворым пра адзеньне, абутак. А лекі — гэта ж наогул сорам, якія на іх кошты. Так што асабліва мы і не заўважылі павелічэньня. Вельмі сумна. Такія павелічэньні нічога ня значаць для нас".

За гады працы з заработнай платы штомесяц адлічваліся ў даход дзяржавы 48% грашовых сродкаў (35% прадпрыемствамі з фонду заработнай платы, 12% падаходнага падатку на зарплату і 1% ад налічанага заробку). Іншымі словамі, 48% заробку працаўніку штомесяц не даплачвалася. Але пры выхадзе на заслужаны адпачынак працаўнік аказваецца амаль жабраком.

Да таго ж пэнсіянэр у Беларусі залежыць ад цяперашніх працаўнікоў, кажа эканаміст Міхал Залескі: "Сыстэма пэнсійнага забесьпячэньня засталася савецкай. Праблема ў тым, што пэнсіянэраў у краіне з кожным годам становіцца ўсё болей і болей. А пэнсія застаецца салідарная. То бок як мы зараз працуем, так старыя і атрымліваюць. І тое падвышэньне, якога ніхто не заўважыў, яно не зрабілася рэвалюцыйным — гэта ня столькі бяда ці віна гэтых самых пэнсіянэраў, колькі праблема тых, хто яшчэ працуе. А наша прадукцыйнасьць працы застаецца вельмі нізкай".

Ці лічаць самі пэнсіянэры беларускую пэнсійную сыстэму справядлівай?

Бабуля: "Не, вельмі несправядлівая сыстэма".

Спадарыня: "Хтосьці зусім не працаваў, а хтосьці ўсё жыцьцё не разгібаўся — а ўсё адно: пэнсіі амаль аднолькавыя. Вось у мяне муж — кандыдат навук, я — не, ён атрымлівае такую ж пэнсію, як і я".

Дзядок: "Хаджу, бутэлькі зьбіраю, каб неяк выжыць. Працаваў у гарачым цэху 28 гадоў, у сталяварцы на трактарным заводзе. І зьбіраю бутэлькі, і дзень, і ноч. І бабулькі, і дзядулькі".

Спадарыня: "Я лічу нашу пэнсійную сыстэму несправядлівай".

Спадар: "Я заслужыў пэнсію большую".

Спадарыня: "40 гадоў аддаць дзяржаве і атрымліваць капейкі — гэта нікому не падабаецца".

Дзед: "Ледзьве канцы з канцамі зводзіш".

Спадарыня: "Не, пэнсійная сыстэма вельмі несправядлівая пакуль".

Што пэнсійная сыстэма Беларусі недасканалая, прызнаюць і высокапастаўленыя чыноўнікі, парлямэнтары:

"Кожны чалавек павінен атрымліваць прыстойную пэнсію. У нас, прынамсі, на сёньняшні дзень яна носіць такі ўраўняльны характар".

Так, пэнсіі ў простых працаўнікоў прыкладна аднолькавыя. Не нашмат адрозьніваецца пэнсія, да прыкладу, навукоўца і пэнсія прыбіральшчыцы, народнага паэта і сантэхніка. Народную артыстку Зінаіду Бандарэнку гэта па-чалавечы крыўдзіць:

"Вось гэта слова — ураўнілаўка... Я яго вельмі не люблю, але яно так б'е... Чаму адбываецца такая несправядлівасьць? Горка і крыўдна ад гэтага. Я ўжо нават стамілася пра гэта гаварыць — як дэпутаты, пэнсіянэры асаблівага прызначэньня атрымліваюць, як іх шануюць, таму што яны ўладныя пэнсіянэры. Гэта вельмі вялікая непавага да людзей менавіта нашага пакаленьня".
Я пэнсіянэр, я хачу падзарабіць. 26 гадоў у арміі адслужыў, хоць бы запыталіся, як я жыву


Ёсьць у Беларусі асаблівая катэгорыя пэнсіянэраў, якая атрымлівае даволі прыстойныя пэнсіі. Гэта дзяржаўныя службоўцы са стажам 20 гадоў і больш: пэнсіі ў іх — каля 2 мільёнаў. Гэта былыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якія пры дасягненьні пэнсійнага ўзросту атрымліваюць 70% ад дэпутацкага заробку. Грамадзкасьць ня так даўно ўскалыхнула прызнаньне былой дэпутаткі Вольгі Абрамавай, якая шчыра распавяла, што яе пэнсія ў 5 разоў вышэйшая за сярэднюю па краіне. (У красавіку спадарыня Абрамава і яе былыя калегі-парлямэнтары атрымлівалі амаль 2 мільёны 400 тысяч — каля 800 даляраў).

Ну, а тыя, у каго пэнсія разоў у 5 меншая за дэпутацкую і пэнсію дзяржаўных службоўцаў, вымушаныя падпрацоўваць. Але не сакрэт — пэнсіянэраў скарачаюць у першую чаргу, зь імі не працягваюць кантракты. Вось і выкручваюцца, хто як можа. Хто бутэлькі зьбірае, хто прадае садавіну — гародніну — кветкі, якія самі вырошчваюць:

Спадар: "Я на лецішчы кветкі вырасьціў, хачу прадаць, а міліцыя ганяе... Я пэнсіянэр, я хачу падзарабіць. 26 гадоў у арміі адслужыў, хоць бы запыталіся, як я жыву..."

Спадарыня: "Мы — дачнікі. Калі ў вас адкрыты эфір, так і скажыце: толькі абдзіраюць нас, ільготы на праезд адабралі, падаткамі ўсякімі абклалі. А ўкладаць у нас — дзяржава нічога не ўкладае. Дык яшчэ ганяюць і штрафуюць, што мы са свайго ўчастку прадаем цыбулю ці бульбу".

Увесь цывілізаваны сьвет пераходзіць на зьмяшаную пэнсійную сыстэму: частка пэнсіі, як і ў Беларусі, салідарная, а другую выплочваюць назапашвальныя пэнсійныя фонды. Кожны працаўнік мае асабісты рахунак на сацыяльныя адлічэньні. Гэтыя назапашаныя сродкі індэксуюцца, зь іх банкі выдаюць крэдыты пад працэнты. А праз пэўны час, спыніўшы працу, чалавек выходзіць на заслужаны адпачынак забясьпечаным.

Па гэтым шляху пайшлі ўжо нашы бліжэйшыя суседзі — Расея, Украіна. Галоўны спэцыяліст Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Галіна Трафіменка кажа: "Будзем уводзіць толькі асобныя элемэнты. І то вельмі асьцярожна. Для таго каб перайсьці на гэтую сыстэму, павінен быць рынак каштоўных папер, фінансавы рынак вельмі моцны. То бок павінны быць у дзяржавы грошы. Таму мы толькі пачынаем з элемэнтаў".

Эканаміст Міхал Залескі такім чынам тлумачыць, чаму Беларусь не сьпяшаецца пераймаць эўрапейскі досьвед:

"Каб мець сыстэму назапашваньня, эфэктыўную пэнсійную сыстэму, ашчадную, трэба мець стабільную палітычную і эканамічную сыстэму. У нас няма ні стабільнай палітычнай, ні стабільнай эканамічнай сыстэмы. Таму кожны нармальны чалавек ва ўзросьце 45 гадоў, калі прыкідвае для сябе: "Вось я буду ашчаджаць грошы, а што будзе праз 15—20 гадоў?" — ён можа быць упэўнены, што ў краіне будзе ўсё добра? Не! А калі гэтай упэўненасьці няма, то якія абяцаньні павінен даваць гэты пэнсійны страхавы фонд, каб людзі яму паверылі? Хіба што авантурныя нейкія: абяцаць 20% гадавых, як у свой час піраміды ўсе. Тады, можа, і пойдуць. А так — "Буду адкладаць сабе на пахаваньне", як тая бабка кажа ў ашчадным банку. І ўсё".

Яшчэ 5 гадоў таму Беларусь істотна абганяла Расею паводле памеру пэнсіяў. Але ў 2009 годзе сярэдні памер пэнсіі ў Беларусі быў 153 даляры, у Расеі — 215 даляраў. Як заявіла міністар аховы здароўя і сацыяльнага разьвіцьця Расейскай Фэдэрацыі Тацяна Голікава, рост пэнсій у Расіі на працягу 2010 году складзе 46 працэнтаў у параўнаньні зь мінулым. У Беларусі рост пэнсіяў удвая меншы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG