Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэя Бандарэнку пакаралі за адмову працаваць з выкарыстаньнем фэнолу


Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

Андрэя Бандарэнку ў турме пазбавілі перадач і спатканьняў. Зm Мікалаем Аўтуховіча сустрэліся жонка і дачка. Суд над Андрэем Башурам можа пачацца да канца верасьня.

Вязьня бабруйскай калёніі Андрэя Бандарэнку пазбавілі перадач і спатканьняў. Пра гэта распавяла яго сястра Ірына Бандарэнка. Паводле яе слоў, Андрэя накіравалі працаваць на вытворчасьці з выкарыстаньнем фэнолу, ён адмовіўся, паколькі газ шкодны для здароўя, і яго за гэта пакаралі:

«Ён казаў, што іншага яму нічога не прапануюць, толькі гэта, і ўсё. І яшчэ ён сказаў, што гэта адбылося пасьля таго, як яго наведвалі прадстаўнікі офісу АБСЭ».

Ён сказаў, што гэта адбылося пасьля таго, як яго наведвалі прадстаўнікі офісу АБСЭ.
Паводле ранейшай інфармацыі Андрэя Бандарэнку ў бабруйскай калёніі ў жніўні наведаў прадстаўнік офісу АБСЭ. Пасьля Андрэй Бандарэнка сказаў сваякам, што прадстаўнік АБСЭ аказаўся знаўцам адносна ягонай крымінальнай справы. Раней Ірына Бандарэнка паведамляла пра вельмі дрэннае харчаваньне ў Бабруйскай калёніі. «Паясі і праз паўгадзіны зноў хочацца есьці», — перадавала словы брата Ірына Бандарэнка. Яна мяркуе, што пазбаўленьне права атрымліваць харчовыя перадачы вельмі кепска адаб’ецца на стане здароўя Андрэя Бандарэнкі.

Мікалай Аўтуховіч сустрэўся ў Івацэвіцкай калёніі з сваякамі: жонкай і дачкой. Гэта была іх першая сустрэча за паўтара году, якія Аўтуховіч правёў за кратамі. Паводле адваката Паўла Сапелкі, сваякам вязьня стала вядома, што Аўтуховічу па сутнасьці лячэньне зубоў не праводзяць. Вось што кажа пра прычыну затрымкі ў лячэньні Павал Сапелка:

«Яго там агледзелі, спрабавалі прызначыць нейкія лекі, ён засумняваўся ў кваліфікацыі лекара і ў выніку — ніякага пакуль лячэньня няма».

Мікалай Аўтуховіч пакутуе ад выпадзеньня зубоў. Лекары, якія аглядалі вязьня ў Менску, казалі, што яму неабходна тэрміновае пратэзаваньне. У Івацэвіцкай калёніі, куды патрапіў Мікалай Аўтуховіч, умоваў для такога складанага лячэньня няма.

Працэс па справе актывіста кампаніі «Гавары праўду» Міхася Башуры можа пачацца да канца верасьня, паведаміла «Свабодзе» адвакат актывіста Тамара Сідарэнка. Паводле яе зьвестак, справа Башуры ужо разглядаецца ў Савецкім судзе Менску. Адвакат кажа, што яе скаргі на незаконнае, як яна мяркуе, утрыманьне Міхася Башуры пад вартай адхіленыя беспадстаўна:

«Мы працягваем настойваць на невінаватасьці. Можна казаць толькі пра неадмысловую памылку, а ніяк не пра наўмыснае жаданьне ўвесьці ў зман крэдытную установу».

Паэта Міхася Башуру абвінавачваюць у паўторнай падробцы дакумэнтаў — нібыта ён як гарант падрабіў даведку пра прыбыткі, каб ягоная жонка атрымала крэдыт. Міхась Башура кажа, што толькі памыліўся ў падліках. Актывісту пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.
Даведка Свабоды
Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка, якіх абвінавачвалі ў падрыхтоўцы тэракту супраць высокапастаўленых чыноўнікаў, сваёй віны ў судзе не прызналі і заявілі, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага 2009 году. Мікалай Аўтуховіч пакараны на 5 гадоў 2 месяцы зьняволеньня за незаконнае захоўваньне патронаў. Уладзімер Асіпенка атрымаў 3 гады за незаконнае абыходжаньне са зброяй. Былы міліцыянт Міхаіл Казлоў, якога таксама асудзілі па гэтай справе, у жніўні вызваліўся паводле амністыі пасьля году арышту.

Актывіст АГП Андрэй Бандарэнка, якога асудзілі на 6 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці за крадзеж маёмасьці фірмы, вінаватым сябе не прызнае і тлумачыць перасьлед помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году.

Актывіста «Гавары праўду» Міхася Башуру арыштавалі 6 жніўня і трымаюць у Жодзінскім ізалятары паводле абвінавачваньня у паўторнай падробцы дакумэнтаў для атрыманьня крэдыту, што пагражае яму 5 гадамі абмежаваньня волі. Міхась Башура кажа, што нічога не падрабляў, а проста памыліўся пры падліках сваіх прыбыткаў. Калегі з «Гавары праўду» кажуць пра палітычны характар перасьледу Міхася Башуры.
XS
SM
MD
LG