Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Атрута лечыць мігрэні


Belarus - Health section generic image (Leonardo)
Belarus - Health section generic image (Leonardo)
Ня выключана, што неўзабаве мігрэнь пачнуць лячыць харчовым таксінам, які актыўна ўжываецца ў касмэталёгіі як сродак супраць зморшчынаў. Адзін з вынаходнікаў гэтай мэтодыкі — вядучы нямецкі спэцыяліст-нэўроляг з унівэрсытэцкай клінікі ў Эсэне, сябра Міжнароднага таварыства галаўной болі прафэсар Ганс-Крыстаф Дынэр. Пасьпяховыя дасьледаваньні яго мэтаду былі праведзеныя нямецкімі і амэрыканскімі навукоўцамі ў шпіталі ў Скотсьвілі (ЗША). Сам Дынэр спадзяецца, што распрацаваны пратакол пачне дзейнічаць ужо сёлета ўвосень у Нямеччыне, ЗША і Вялікай Брытаніі.

Паводле дадзеных Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, мігрэнь ёсьць адной з чатырох галоўных хвароб, што істотна ўплываюць на якасьць жыцьця. Мяркуецца, што цяпер на мігрэнь пакутуюць найменей 10% людзей на Зямлі. Таямніца хваробы пакуль так і не раскрытая, і шляхі да яе лекаваньня вывучаюцца сёньня ў адмысловых клініках Заходняй Эўропы і ЗША. У гэтых краінах на мігрэнь пакутуюць каля 18% жанчын і 6% мужчын.

Нэўролягі мяркуюць: мігрэнь — не мазгавое захворваньне


Як сьведчыць нямецкі прафэсар Ганс-Крыстаф Дынэр, перш, чым трапіць у спэцылізаваную клініку, усе яго пацыенты прайшлі самыя розныя тэсты, рэнтгены, тамаграфічныя і магнітнарэзанансныя дасьледаваньні на анкалёгію галаўнога мозгу, якія так і не пацьвердзілі аніякай цяжкай паталёгіі. Таксама яны пераспрабавалі на сабе тысячы спосабаў пераадоленьня сваіх невыносных боляў. Ад анальгетыкаў і адмысловай гімнастыкі да аўтатрэнінгу і рознага кшталту дыетаў. Аднак гэта не прынесла ніякіх вынікаў.

Хтосьці з тых, хто трапляў да Дынэра, з поўным перакананьнем сьцьвярджаў, што невыносныя пакуты прыходзяць пасьля двух бакалаў віна альбо пасьля кавалку шакаляду ці сыру, хтосьці ў якасьці прычыны называў зьмены надвор’я ці недасып або стомленасьць, большасьць жа сьведчыла, што ўсё пачынаецца нібыта раптам бяз бачных прычын. Мацнейшы і няспынны галаўны боль нібыта паралізуе пераважна адну палову галавы. Прыступы суправаджаюцца ванітамі, млоснасьцю і галавакружэньнем і могуць працягвацца ад некалькіх гадзін да некалькіх сутак. Пры пэўных раздражняльніках — уключаным сьвятле, гуках, пахах — боль можа ўзмацняцца.

Прынятыя падчас прыступаў анальгетыкі не пазбаўляюць ад пакут. Наадварот, прымяненьне прэпаратаў прыводзіць да парушэньня пэрыстальтыкі страўнікава-кішачнага тракту. У выніку пігулкі проста не трапляюць у тонкі кішачнік. Шэраг сродкаў да таго ж маюць пабочныя эфэкты — ад раздражненьня сьлізістай страўніка (асьпірын) да рызыкі інфаркту (суматрыптан). Бясшкодныя сродкі, такія як гарачыя ванны, сьвежае паветра, пазьбяганьне ператамленьня, дапамагаюць альбо прадухіліць альбо перапыніць прыступ, але пры гэтым яны далёка не заўсёды дасяжныя.

Як сьведчыць прафэсар Дынэр, праблема мігрэні палягае ў тым, што сапраўдныя прычыны яе ўзьнікненьня так і застаюцца нявысьветленымі, нягледзячы на шматлікія існуючыя тэорыі. Сам Дынэр належыць да тых адмыслоўцаў, якія мяркуюць, што мігрэнь не мазгавое захворваньне, бо сам мозг не адчувальны да болю. Прафэсар лічыць, што мэханізм узьнікненьня болевага прыступу зьвязаны з раздражненьнем мяккай мазгавой абалонкі, прылеглай да паверхні мозгу. Такім чынам ўзьнікае адпаведны сыгнал, які выклікае працяглую актывацыю ў групах сэнсарных нэйронаў. Нэйроны, у сваю чаргу, перадаюць пэўныя імпульсы ў цэнтральную нэрвовую сыстэму. Усе гэтыя сыгналы мозг і інтэрпрэтуе як боль. Разьмешчаныя вакол яго мышцы, могуць пераціскаць нэрв і правакаваць усё новыя і новыя найвастрэйшыя прыступы.

У ЗША зь мігрэньню змагаюцца… плястычныя хірургі


Першымі, хто заўважыў станоўчае ўзьдзеяньне ботаксу на мігрэнь, былі прадстаўнікі клінікі эстэтычнай мэдыцыны ў Кліўлэндзе. Пасьля ўвядзеньня пацыентам “ін’екцыяў маладосьці” у лоб, мэдыкі заўважылі, што гэтыя ўколы, якія блякуюць нэрвова-мышачныя злучэньні, прынесьлі істотную палёгку тым, хто скардзіўся на пастаянныя галаўныя болі. Нечаканыя вынікі, якія былі агучаныя падчас Кангрэсу плястычных хірургаў у Кліўлэндзе, падштурхнулі прафэсара мэдычнага цэнтру Кейз (University Hospital Case Medical Centre) Бахмана Гуйрана да стварэньня арыгінальнай апэратыўнай мэтодыкі лекаваньня мігрэні. Прычым размова ішла не пра нейкія складаныя апэрацыі на мозгу. Аб’ектам умяшаньня хірургаў у дадзеным выпадку сталі мышцы, што пераціскаюць нэрвы, што вядзе да раздражненьня і запаленьня мазгавой абалонкі, а ў выніку да мігрэні. У сярэднім, у пацыента маюцца дзьве- тры кропкі, якія правакуюць болевыя прыступы. Пад час апэрацыі такія праблемныя мышцы ці пучкі нэрваў выдаляюцца.

У выніку працяглых назіраньняў за хворымі, якім была праведзеная адна ці максымум дзьве падобныя апэрацыі, высьветлілася, што такі мэтад дапамог дзесьці 80% пацыентаў. Кожны чацьвёрты цалкам пазбавіўся ад невыносных боляў. Астатнія з тых, каму лячэньне дапамагло, адчулі істотную палёгку — прыступы сталі менш частымі, менш працяглымі і куды больш слабымі.

Сам прафэсар-хірург Гуйран правёў ужо болей за тысячу падобных апэрацыяў.

“Мігрэнозныя болі моцна ўплываюць на якасьць жыцьця хворых, і магчымасьць пазбавіцца ад іх з дапамогай хірургічнага ўмяшаньня дае шанец многім забыцца пра гэтую праблему раз і назаўсёды”, — кажа амэрыканскі адмысловец.

Ад мігрэні пазбавяць 7 уколаў ботэксу


Што тычыцца нямецкага прафэсара-нэўроляга Крыстафа Дынэра, то ён выступае за кансэрватыўны мэтад лячэньня. У аснове яго мэтодыкі — сьцьвярджэньне вядомага лекара і альхіміка Сярэнявечча Парацельса (Гугенгайма) “Усе ёсьць атрута, і ўсё ёсьць лекі”.

Дынэр прапанаваў адмовіцца ад скальпэлю, а замест гэтага ў мікраскапічных дозах увесьці батулінавы нэйратаксын тыпу А (тая сьмяротная атрута, якая сустракаецца ў няякасных кансэрвах) у 7 кропак галавы. Малекулы таксіну блякуюць працэс перадачы нярвовых імпульсаў да мышцаў і выклікаюць (як і ў выпадку ўколаў прыгажосьці) параліч хранічна напружанай мышцы. У эстэтычнай мэдыцыне гэта здымае мышачны спазм, і ў выніку пазбаўляе ад маршчын, у нэўралёгіі — ад мігрэнозных пакутаў.

Мэтодыкай нямецкага нэўроляга зацікавіўся яго амэрыканскі калега з унівэрсытэцкага шпіталю ў штаце Арызона Дэвід Додык. Дасьледаваньні праводзіліся ў кіраванай ім Mayo-Klinik у Скотсьвіле.

У экспэрымэнце прынялі ўдзел 106 пацыентаў (у асноўным жанчыны) з галаўным болем, які клясыфікаваўся як сапраўдная мігрэнь, магчымая мігрэнь і немігрэнозны боль. Сярод 77 пацыентаў з сапраўднай мігрэньню, якіх пралячылі прафіляктычна, поўны эфэкт тэрапіі назіраўся ў 51% выпадкаў. У 38% выпадкаў жыцьцё без мігрэні доўжылася звыш за чатыры месяцы, у 9% — каля трох месяцаў. У 7 зь 10 пацыентаў з сапраўднай мігрэньню, якія атрымалі ін'екцыі ботаксу ў востры пэрыяд, назіралася поўнае купіраваньне прыступу цягам адной — максымум дзьвюх гадзін. Паводле вынікаў праведзеных дасьледаваньняў, ужываньне батулінавага таксыну тыпу А пры лячэньні мігрэні прызнана эфэктыўным і бясьпечным, прычым не толькі ў якасьці прафіляктычнай тэрапіі, аднак і для зьняцьця прыступаў. Пры гэтым адзначаная неабходнасьць правядзеньня далейшых дасьледаваньняў у гэтай галіне з мэтай больш дэталёвага вывучэньня мэханізмаў ўзьдзеяньня ботаксу пры мігрэнозных галаўных болях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG