Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да такой высновы прыйшлі навукоўцы Інстытуту біяфізыкі і клеткавай інжынэрыі Беларускай акадэміі навук, а таксама дасьледчыкі лябараторыі экалягічных атрутаў у Ене (Нямеччына) ды ўнівэрсытэту ў Сан-Францыска (ЗША). Дасьледаваньні праводзіліся незалежна адно ад аднаго.

Беларускія біяфізыкі пачалі займацца глыбокім узьдзеяньнем сьвінцу на біялягічныя структуры, пасьля таго як сутыкнуліся з дадзенымі аналізаў крыві чарнобыльскіх дзяцей. Навукоўцы заўважылі, што фізычныя і хімічныя зьмены ў клетках крыві гэтых дзяцей нашмат больш істотныя, чым у іхных аднагодкаў, якія пражываюць у так званых чыстых беларускіх рэгіёнах. Прааналізаваўшы сытуацыю, навукоўцы прыйшлі да высновы, што прычына ня толькі ў радыёнуклідах, якія трапляюць у арганізм зь ядой ды пітвом. У дзяцей з забруджанай радыяцыяй тэрыторыі ў крыві выявілася нечакана шмат сьвінцу.

Больш як у паловы дасьледаваных дзяцей і падлеткаў высокі ўзровень мэталаў назіраўся нават у валасах. Адна з вонкавых прыкметаў наяўнасьці ў дзіцячых валасах сьвінцу — гэта рэзкае пацямненьне іх колеру.
Як вядома, гэты элемэнт у выніку выбуху на ЧАЭС быў выкінуты ў паветра ў вялікай колькасьці — прыкладна 2 400 тон. Высьветлілася, што нават вонкавае ўзьдзеяньне сьвінцу — праз паветра, зямлю, ваду — шкодна ўплывае на абалонкі эрытрацытаў і лейкацытаў, на клеткавыя мэмбраны. І гэта ня менш небясьпечна, чым атручэньне сьвінцом знутры.

Паводле беларускіх навукоўцаў, усе мэдычныя наступствы такога вонкавага ўзьдзеяньня пакуль ня вывучаныя, аднак ужо вядома, што клеткі са зьмененымі пад узьдзеяньнем сьвінцу мэмбранамі горш пераносяць кісларод і ня так актыўна адгукаюцца на ўзьдзеяньне фактараў навакольнага асяродзьдзя. А гэта шкодзіць імуннай сыстэме чалавека, сыстэме дыханьня і г.д.

Амэрыканскія дасьледчыкі: Спажываючы марскія прадукты, людзі могуць атрымаць амнэзійную атруту, якая, у сваю чаргу, можа прывесьці да цяжкіх парушэньняў дзейнасьці цэнтральнай нэрвовай сыстэмы і нават да сьмерці.
Хоць у невялікай колькасьці сьвінец ды іншыя мэталы — каштоўныя і нават незаменныя, але ў выпадку, калі іх канцэнтрацыя ў крыві перавышае крытычную, яны спрычыняюць цяжкія захворваньні. Размова ідзе пра анэмію, старэчую дэмэнцыю, хваробу Альцгаймэра, парушэньні маторных рэакцыяў у дзяцей, розную нэўралягічную паталёгію. У Беларусі праведзенае тры гады таму сярод дзяцей і падлеткаў дасьледаваньне паказала, што больш як у паловы высокі ўзровень мэталаў прысутнічае нават у валасах. Адна з вонкавых прыкметаў наяўнасьці ў дзіцячых валасах таго ж сьвінцу — гэта рэзкае пацямненьне іх колеру.

Тым часам дасьледчыкі з усходненямецкага гораду Ена на чале з прафэсарам Ульфам Заўэбрэем у выніку маштабных дасьледаваньняў, праведзеных у пэрыяд паміж 1979—2009 гадамі, прыйшлі да высновы, што забруджваньне навакольнага асяродзьдзя цяжкімі мэталамі, найперш сьвінцом і ртуцьцю, істотна адбіваецца на псыхічным здароўі дзяцей. Паводле ацэнак спэцыялістаў, ад 3 да 6% дзяцей, часьцей хлопчыкі, пакутуюць на розныя паталёгіі, зьвязаныя з парушэньнем абмену рэчываў у мозгу. Такія дзеці адзначаюцца залішняй мітусьлівасьцю, слабой канцэнтрацыяй увагі, дрэннай памяцьцю.

"Заражэньне" цяжкімі мэталамі, паводле навукоўцаў, адбываецца праз водаправодную ваду, цацкі і нават праз зубныя плёмбы.

І яшчэ адно дасьледаваньне, зьвязанае з адмоўным уплывам цяжкіх мэталаў на здароўе людзей, якое правялі супрацоўнікі ўнівэрсытэту ў Сан-Францыска.

Нямецкія навукоўцы: ад 3 да 6% дзяцей (часьцей хлопчыкаў) пад узьдзеяньнем цяжкіх мэталаў пакутуюць на розныя паталёгіі, зьвязаныя з парушэньнем абмену рэчываў у мозгу.
Галоўная выснова навукоўцаў: гэтак званае "ўгнаеньне" Ўсясьветнага акіяну жалезам, якое мае на мэце павялічыць паглынаньне парніковых газаў і плянктону, можа прынесьці самыя неверагодныя наступствы для навакольнага асяродзьдзя, у прыватнасьці для жывёльнага сьвету і самога чалавека.

Як вядома, жалеза стымулюе рост марскіх водарасьцяў, якія паглынаюць вуглякіслы газ з атмасфэры. Такі мэханізм лабіруецца шмат кім з эколягаў у якасьці радыкальнага сродку, каб вырашыць праблему глябальнага пацяпленьня.

Аднак, як прадэманстравала амэрыканскае дасьледаваньне, у выніку ўзмоцненага росту водарасьцяў можа падвысіцца канцэнтрацыя так званых нэўратаксінаў, якія ў выніку акумулююцца ў тканках малюскаў і розных марскіх жывёлінаў.

Спажываючы марскія прадукты, людзі атрымаюць, такім чынам, амнэзійную атруту, якая можа, у сваю чаргу, прывесьці да цяжкіх парушэньняў дзейнасьці цэнтральнай нэрвовай сыстэмы і нават да сьмерці.
XS
SM
MD
LG