Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шыфэр і здароўе


Ажыўленыя спрэчкі ў сфэрах аховы здароўя і бізнэсу выклікае праблема азбэсту. Гэты тонкавалакністы мінэрал трывала ўвайшоў у жыцьцё мільёнаў тых, хто нарадзіўся ў СССР і жыве цяпер на большай частцы постсавецкай прасторы. Азбэст — гэта, найперш, шыфэр, якім пакрываюць дахі і пліты для абліцоўкі. Яшчэ ён уваходзіць у склад тканін для адзеньня пажарных і мэталюргаў. З-за здольнасьці затрымліваць бактэрыі, шкодныя рэчывы і нават радыяцыйнае выпраменьваньне яго выкарыстоўваюць у фільтрах у харчовай, атамнай, касьмічнай, будаўнічай і фармацэўтычнай прамысловасьці. Часьцінкі азбэсту надаюць трываласьці і элястычнасьці грашовым купюрам і гербавым паперам.

Найбуйнейшы вытворца азбэсту — Расея. Тут здабываецца больш за мільён тонаў гэтага мінэралу ў год, 70% здабытага ідзе на экспарт.

Тым часам ад пачатку 2005 году Эўразьвяз і шэраг заходніх краін забаранілі выкарыстаньне азбэсту ў любым выглядзе. Як прадэманстравалі дасьледаваньні, праведзеныя Ўсясьветнай арганізацыяй аховы здароўя, мікраскапічныя валокны азбэсту, трапляючы ў лёгкія, выклікаюць анкалягічныя захворваньні, рубцовыя зьмены лёгачнай тканкі (азбэстоз), хранічныя бранхіты і шмат якія іншыя захворваньні.

У сувязі з гэтым у ЗША пачалі выплачваць кампэнсацыі за шкоду здароўю, выкліканую ужываньнем азбэставых будаўнічых матэрыялаў, а Эўракамісія выдзеліла вялікае фінансаваньне колішнім савецкім рэспублікам — Літве, Латвіі і Эстоніі, каб замяніць такія папулярныя ў 1970—1990-х шыфэрныя дахі на мэталадахоўку. Пад увагай мэдыкаў апынуліся працаўнікі, чыя дзейнасьць была зьвязаная з азбэстава-цэмэнтнай вытворчасьцю. Трэба дадаць, што ў гэтых былых савецкіх рэспубліках, асабліва ў Эстоніі, азбэст вельмі шырока ўжываўся ня толькі пры будаўніцтве дахаў, але і як электра- і цеплаізаляцыйны матэрыял, ушчыльняльнік бэтону і палімэраў, гукаізалятар. Яго дадавалі ў фарбы, клей, шпаклёўку, лінолеум, вогнетрывалыя матэрыялы і шнуры.


Фінскія дасьледчыкі: "Найбольш распаўсюджаныя прафэсійныя захворваньні, выкліканыя азбэставым валакном, якое трапляе ў лёгкія, — ушчыльненьне лёгкіх, а таксама анкалягічная мэзатэліёма брушыны і плеўры"
Як вынікае з дадзеных, атрыманых фінскімі Інстытутам разьвіцьця здароўя і Інстытутам аховы здароўя на працы адносна распаўсюджваньня прафэсійных захворваньняў, абумоўленых азбэстам, "такія захворваньні толькі ў Эстоніі назіраюцца ў кожнага дзясятага чалавека, які меў справу з гэтым матэрыялам".

Паводле фінскага дасьледчыка Яака Пылустэ, сярод найбольш распаўсюджаных прафэсійных захворваньняў, выкліканых азбэставым валакном, якое трапляе ў лёгкія, — ушчыльненьне лёгкіх. Самыя ж цяжкія наступствы — анкалягічныя захворваньні, якія могуць праяўляцца праз гады і нават дзесяцігодзьдзі. Гэта, напрыклад, мэзатэліёма брушыны і плеўры. Апошнюю таксама называюць карцыномай лёгкага.

Тым, хто мяняе свае шыфэрныя дахі на мэталадахоўку, фінскія дасьледчыкі даюць, сярод іншага, такія парады: "Ніколі ня кідаць шыфэр на зямлю, не разьбіваць яго і не выкарыстоўваць пры рамонце дарог, бо пыл можа трапіць у лёгкія дзецям". Мясцовым уладам таксама раяць, каб дапамагалі людзям пазбаўляцца ад старых этэрнітавых плітаў з высокім утрыманьнем азбэсту.

Тым часам тэорыя канцэрагеннасьці азбэсту мае нямала апанэнтаў. Як паведамляе ВВС, у выніку судовых цяжбаў адносна шкоды азбэсту для здароўя пацярпелі і збанкрутавалі багата буйных заходніх прадпрыемстваў. Напрыклад, адзін з буйных вытворцаў алюмінію ў ЗША — Kaiser Aluminium.

На працэсе адвакаты кампаніі, спасылаючыся на праведзеныя незалежнымі экспэртамі дасьледаваньні, прыводзілі дадзеныя адносна бясшкоднасьці азбэсту — зразумела, пры правільным выкарыстаньні і захаваньні пэўных нормаў бясьпекі. Адвакаты таксама сьцьвярджалі, што, прыкладам, бэнзол — рэчыва нашмат больш канцэрагеннае, аднак ніхто на запраўках ня піша, што бэнзін можа выклікаць рак.

У сёньняшнім рэпартажы ВВС рэпартэры даюць магчымасьць выказацца на тэму прадстаўнікам краіны — найбуйнейшага вытворцы азбэсту ў сьвеце.

Украінскія дасьледчыкі: "З гледзішча здароўя чалавека аб’ектыўных прычынаў для забароны шыфэру і іншых матэрыялаў з азбэсту няма"
Чальцы расейскай Акадэміі навук сьцьвярджаюць: забарона азбэсту ў ЭЗ і ЗША мае на мэце нанесьці ўдар па расейскай прамысловасьці і працоўных месцах, а высновы Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя наконт шкоды ад мінэралу перабольшаныя.

З такой пазыцыяй салідарныя і навукоўцы Ўкраіны. З дасьледаваньняў, праведзеных у гэтай краіне, дзе таксама вельмі шырока выкарыстоўваецца азбэст, вынікае, што рэчыва гэтае бясьпечнае для здароўя і што "аб’ектыўных прычынаў для забароны шыфэру і іншых матэрыялаў з азбэсту няма".

У матэрыялах УААС адзначаецца, што "мэдыцына і палітыка, мэдыцына і бізнэс могуць нярэдка быць паняцьцямі артаганальнымі", то бок супярэчнымі ці несумяшчальнымі між сабой.

У Беларусі, дзе азбэст па-ранейшаму шырока выкарыстоўваецца, гэтая тэма пакуль ня стала цэнтральнай для грамадзтва і ўладаў. Залежна ад даходаў беларусы пакрываюць свае дахі шыфэрам і альтэрнатыўнымі дарагімі матэрыяламі, той жа мэталадахоўкай. Праўда, у рэкляме фірмаў, якія прапануюць пакупнікам замену шыфэру, зьявіліся сказы пра шкоднасьць азбэсту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG