Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Балятавацца ў прэзыдэнты ён мае намер да скону”


Слухачы абмяркоўваюць прэзыдэнцкую выбарчую кампанію, камэнтуюць заявы кіраўніка дзяржавы.


Слухач «Свабоды» патэлефанаваў, каб выказаць сваё абурэньне:

«Неаднаразова даводзіцца чуць цынічныя заявы Лукашэнкі. Мне балюча перажываць, калі папракаюць маіх дзяцей. Яны сумленныя людзі, а варта было б падумаць спадару, як лёгка пераносіць і перажываць матулям, родным страту сваіх блізкіх і родных Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Дзьмітрыя Завадзкага, Анатоля Красоўскага і многіх іншых. Дзе тут мараль, спадар? А балятавацца мае намер да скону!»


Іншы слухач паглядзеў па тэлебачаньні выступ Аляксандра Лукашэнкі перад журналістамі і выказаў сваё меркаваньне:

«Выступаючы перад сваімі журналістамі, Лукашэнка сказаў: „Я кіраўнік вэртыкалі, і калі ў Беларусі адбываецца нешта нэгатыўнае, у гэтым вінаваты толькі я“. Нешта падобнае я чуў у адной пратэстанцкай царкве, штогод у так званую дараваную нядзелю пастар выходзіць і кажа: „Браты й сёстры, даруйце, каго чым пакрыўдзіў“. Ён, як і Лукашэнка, цудоўна ведае, што ніхто ня ўзьнімецца і ня скажа: „Ты вінаваты ў тым і тым“. Розьніца паміж імі адна: у Лукашэнкі твар чорны ад злосьці, а ў пастара праменіцца любоўю».


Вінцук Вячорка
Палітык Вінцук Вячорка камэнтуе выказваньне слухача:

«Гэта даволі стандартны псыхалягічны ход. Гэта апярэджаньне рэплікі апанэнта і яе дэвальвацыя. Лукашэнка, хутчэй за ўсё, не праходзіў курсаў рыторыкі ці псыхалягічнай апрацоўкі, але інтуітыўна такія рэчы ён адчувае.

Безумоўна, ёсьць шэраг момантаў, мякка кажучы, спрэчных. Калі ён нясе адказнасьць за ўсё, што адбываецца, то ён мусіць не прабачэньня прасіць, а ў адстаўку сыходзіць. Калі ён такі ўжо начальнік над кожным вэртыкальнікам, то як ён дапусьціў грызьню кланаў? Як ён дапускае карупцыю, злачынствы тых людзей, якіх ён сам ставіў на гэтыя пасады? Я думаю, што кожны чалавек, надзелены рацыянальным мысьленьнем, раскусвае такія няхітрыя прыёмы ад пачатку».

Ці сыдзе ў адстаўку старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына? Гэтае пытаньне задае наш слухач:

«У мяне пытаньне. Вось пачынаецца перадвыбарчая кампанія Лукашэнкі. Мне б хацелася задаць пытаньне Ярмошынай, ці ёсьць у яе сумленьне пачаць гэтую кампанію ў той пасадзе, на якой яна цяпер знаходзіцца. Пасьля таго, як яе асабіста Лукашэнка абвінаваціў у падтасоўцы мінулых выбараў, і ня толькі мінулых, я ня ведаю, як яна можа заставацца на гэтай пасадзе яшчэ на адзін раз. Калі ў Вас, Лідзія, ёсьць сумленьне, грамадзянская пазыцыя, то сыдзіце з гэтай пасады... Таму што Лукашэнка па гэтай тэхналёгіі зноў будзе цягнуць кашулю на сябе».

Сяргей Калякін
На рэпліку слухача адказвае старшыня партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін:

«Ярмошына сама не фальсыфікуе выбары. Гэта памылка, якая існуе ў грамадзтве. Выбары фальсыфікуюцца ўчастковымі камісіямі ў самым нізе пры актыўным удзеле раённых адміністрацыяў. Таму тыя лічбы, якія складае Ярмошына і Цэнтрвыбаркам, адпавядаюць таму, што ім даюць абласныя камісіі. Таму Ярмошына можа на блакітным воку казаць, што нічога ня ведае.

Іншае — гэта тое, што Ярмошына не выконвае сваіх функцый кантролю за дзейнасьцю ўчастковых выбарчых камісій. Яна не дае ходу тым скаргам і зваротам наконт парушэньняў, якія існуюць у выбарчым працэсе.

Ярмошына — чалавек прэзыдэнта. Яна сама пра гэта казала, і таму яна нікуды ня сыдзе, і нікуды яе ніхто не адправіць».

Слухачы «Свабоды» задаюць пытаньні і прапануюць іншым слухачам адказваць на іх:

«Хто вінаваты ў тым, што беларусы так дрэнна жывуць, ня маюць працы, не займаюць высокіх пасадаў у дзяржаве? Якія будуць адказы слухачоў «Свабоды?»


Тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё «Свабода».


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG