Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто вінаваты ў тым, што ў школах зьніжаецца ўзровень адукацыі? Чаму не хапае настаўнікаў і як школьнікам у такіх умовах атрымліваць якасныя веды? Слухачы абураюцца заявамі кіраўнікоў сыстэмы адукацыі

Слухачка Свабоды паглядзела ток-шоў "Выбар" на тэлеканале “ОНТ”, прысьвечаны пачатку новага навучальнага году, і падзялілася сваімі думкамі.

"Хачу вярнуцца да ўчарашняга ток-шоў “Выбар” пра якасьць школьнай адукацыі ў Беларусі. Шкада, што цудоўны пэдагог Фарыно зрабіўся стандартным беларускім чыноўнікам, які не прызнае наяўнасьць праблем.

Прапанова Фарыно пры адсутнасьці прадметніка ў школе ці пры кепскім выкладаньні прадмета заняцца самаадукацыяй — “ад лукавага”. Пэдагог ня можа ня ведаць, што праз асаблівасьці характару і здольнасьцяў самаадукацыяй могуць займацца ня больш за 5 адсоткаў людзей наогул, нават не дзяцей.

І нарэшце -- зрабі настаўніка і ўрача жабраком, пастаў віна-гарэлачны аддзел на кожным прыпынку аўтатранспарту ў кожным раёне — і супраць такога народа ня трэба ваяваць: любым заваёўнікам ён сам усё аддасьць. Колькі плацяць нашым чыноўнікам, што яны забылі гэтую азбучную ісьціну?".

Навуковец і выкладчык коласаўскага ліцэю Лявон Баршчэўскі камэнтуе гэтае выказваньне: "Трэба сказаць жорстка, што Міністэрства адукацыі па ўказцы зьверху правяло злачынную рэформу, якая зьнішчыла невялічкія здабыткі, якія ўсё ж былі. Ідзе фатальнае падзеньне ўзроўню ведаў вучняў. Фактычна ўсе прадметы ці абсалютная большасьць вывучаюцца на недастатковым узроўні пры малой колькасьці гадзін. Настаўнік ня мае магчымасьці арганізаваць паўтор, замацаваньне.

Міністэрства адукацыі павінна сысьці ў адстаўку, калі намесьнік міністра робіць такія заявы па тэлебачаньні.

Безумоўна, роля асобы вучня вызначальная. Калі няма жаданьня, настаўнік ня можа навучыць, але ён можа дапамагчы навучыцца. Але, паколькі сучасная школа ня вучыць, а беларуская асабліва, то без настаўнікаў практычна немагчыма па-сур'ёзнаму атрымаць адукацыю. Школа ня вучыць вучыцца — гэта самая галоўная яе хіба".

Разважаючы пра рост коштаў на сельгаспрадукцыю і камунальныя паслугі, наша слухачка робіць выснову, што ў наступным годзе большасьці насельніцтва Беларусі давядзецца адмаўляць сабе ў неабходных рэчах.

"Эканаміст Залескі, які назваў сябе проста дзядзькам, вельмі проста і даходліва распавёў пра наш дабрабыт той частцы насельніцтва, якая складае 80 адсоткаў. Гэта пэнсіянэры і малазабясьпечаныя. На што хапае грошай, якія мы атрымліваем? Нават у летні пэрыяд за камунальныя паслугі я асабіста плачу 150 тысяч, а астатнія — на харчаваньне. Пра абутак і адзеньне і гаворкі няма. Схадзіце на базар і паглядзіце, што там можна купіць. Адзін кіляграм бульбы каштуе 1500-1600. А калі будзем вывозіць бульбу ў іншыя краіны, як прапануецца, дык кошт будзе яшчэ большы. Вось такі наш дабрабыт".

Лідэр руху "Маладая Беларусь" Артур Фінькевіч камэнтуе гэтае выказваньне: "У гэты ня самы ўраджайны год Лукашэнка распрадае тое, што ў нас вырасьцілі, у Татарстан ды іншыя рэспублікі, нягледзячы на тое, што ў нас эканамічны крызыс, кошты на сельгаспрадукцыю растуць.

Пры гэтым ён не сумняецца ў сваёй перамозе. Хаця, улічваючы эканамічны крызыс, ягоныя шанцы перамагчы на гэтых прэзыдэнцкіх выбарах зьмяншаюцца ў прапорцыі да гэтых эканамічных праблемаў".

Наш слухач Лявон пэрыядычна чытае свае палітычныя памфлеты, і яны падабаюцца іншым слухачам. Адна наша слухачка прапанавала друкаваць гэтыя вершы на сайце і даваць часьцей у эфір.

Спадар Лявон тым часам патэлефанаваў з новым памфлетам:

"А дзяржава — гэта я,

Вось пазыцыя мая.

Не Людовік я, вядома,

Ды кароль я ў сябе дома.

Хай сабе я не француз,

Але цьвёрды беларус.

Моцна я трымаю ўладу

І даводжу ўсё да ладу.

Хай хто пікне ў адрас мой —

Дык змяшаю іх зь зямлёй.

Мітынгуючаму зброду

Я нідзе ня дам праходу.

Навучу, як трэба жыць

І парадкам даражыць.

Я ў Эўропе спраў наватар,

Я апошні ў ёй дыктатар.

З тым у свету на віду

Я ў гісторыю ўвайду".


Тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё “Свабода”.
XS
SM
MD
LG