Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Слухачы абмяркоўваюць учорашнія выказваньні кіраўніка Беларусі наконт будучыні калгасаў і задаюць пытаньні пра пэрспэктывы фэрмэрства, пра новы закон аб зямлі.

Наш слухач, паслухаўшы, што гаварыў Аляксандар Лукашэнка пра будучыню сельскай гаспадаркі падчас нядаўняй паездкі па Гомельшчыне, выказаўся такімі словамі:

“Па дзяржаўным радыё перадалі, што прэзыдэнт наведаў гаспадарку фэрмэра Міхаіла Шруба і сказаў там літаральна наступнае: “Вось табе поле, вось табе возера. Рабі што хочаш, прадавай прадукцыю”. Я параіў бы фэрмэру Шрубу ўцякаць у Вэнэсуэлу. Новая эканамічная палітыка пачынаецца”.

Эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што ў фэрмэрства няма пэрспэктывы для разьвіцьця ў Беларусі, бо няма адпаведнага заканадаўства, а значыць і гарантый эканамічнай бясьпекі:

“Пэрспэктываў атрымаць новы закон пра зямлю сёлета няма. Улады сканцэнтраваныя выключна на прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Няма часу і ідэй, каб прабіць неабходныя рынкавыя захады.

Таму словы "бяры і карыстайся" – гэта толькі словы, бо, як кажуць у судзе, трэба яшчэ паперка, дакумэнт, статус уласнасьці, якога як не было, так і ня будзе.

Гэта падман, зь якім ня першы раз сустракаемся. Фэрмэрства разьвівацца ня будзе, бо няма асновы для разьвіцьця, няма зямлі.

Гэта адно зь першых пытаньняў, якія мы мусім вырашыць, калі будзем фармаваць першы дэмакратычны ўрад у краіне”.

Слухач “Свабоды” пракамэнтаваў выказваньні кіраўніка Беларусі ў Прыпяцкім запаведніку:

“З кожным днём наш прэзыдэнт становіцца ўсё лібэральнейшым і лібэральнейшым. Вось ужо і зямлю гатовы прадаваць, і, падобна, ня супраць легалізацыі прастытуцыі, мяркуючы па ягонай заяве ў Прыпяцкім запаведніку. На што толькі ня пойдзеш, каб папоўніць бюджэт!

Дый чым прывабіць турыста? Выйсьце – мяса. Мяса дзікае і мяса ручное. Ну і чым беларускі горшыя за таек? Навошта багатым расейцам і эўрапейцам ляцець на другі канец сьвету, калі ўсё будзе пад бокам. Глядзіш, выйдзем у лідэры ў сэкс-турызьме. І пацякуць валютныя рэкі ў бюджэт дзяржавы”.


Палітык Віктар Івашкевіч супакойвае слухача. На ягоную думку, у Беларусі немагчымыя легальныя бардэлі:

"Легалізацыя прастытуцыі магчыма толькі пры эканамічнай лібэралізацыі. Пры дзяржаўным дыктаце гэта немагчыма. Калі Лукашэнка думае, што гэта можа стаць дадатковай крыніцай для бюджэту, то гэта марныя спадзяваньні, бо ніхто ня пойдзе працаваць у такую дзяржаўную кантору".

Выказваньне наконт праграмаў дзяржаўнага тэлебачаньня:

“Я хачу задаць пытаньне. Лукашэнка ўжо даўно вядзе перадвыбарчую кампанію, яго выступы шматкроць дублююцца па ўсіх каналах. Я хацеў бы ведаць, калі пакажуць будучых кандыдатаў у прэзыдэнты і колькі часу ім дадуць на гэта. Больш немагчыма слухаць, што там ідзе па тэлевізіі”.

Наш слухач Мікалай зь Менскай вобласьці ўважліва глядзеў сюжэт пра перадачу беларускімі ўладамі аўтобуса і абсталяваньня для беларускай школы ў Латвіі:

"Беларускія ўлады падарылі латыскім беларусам абсталяваньне і дапаможнікі для беларускай школы. Але здаецца, што беларускія ўлады падарылі ўсё ў школу расейскую пад шыльдай беларускай, бо і дарцы, і прымальнікі падарункаў не прамовілі нават аніводнага слова па-беларуску, у тым ліку дырэктарка школы, настаўніца і беларускі міністар адукацыі. Ганьба ворагам беларушчыны!”

Званок жыхара Берасьця аб тым, што ў яго горадзе нібыта няма бедных людзей, выклікаў шмат тэлефанаваньняў. Адзін са слухачоў выказаў распаўсюджаную пазыцыю:

"Днямі на вашым радыё слухач зь Берасьця запрасіў слухача Паўла прыехаць у райскае Берасьце і дапамагчы адшукаць жабрака. Пры гэтым ён спаслаўся на раскошныя катэджы, што вакол Берасьця. Паважаны берасьцеец, ня там шукаеце жабрака. Ён побач з вамі. Запытайцеся ў працоўнага чалавека, доктара, настаўніка, бібліятэкара, пэнсіянэра, якія ў іх заробкі, і параўнайце іх з цэнамі, што ў крамах і на базарах. Думаю, вам не спатрэбіцца дапамога ў вашых пошуках".

Вы слухалі званкі на "Свабоду". Тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё “Свабода”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG