Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наш слухач Анатоль Сахаруша зь Берасьцейшчыны лічыць, што ў сёньняшняй Беларусі ня варта ўжываць слова “прэзыдэнт” і аргумэнтаваў сваю пазыцыю наступным чынам:

"Я думаю, што яшчэ нашы людзі не забыліся, як было запатрабавана: у краіне не павінна быць больш ніякіх прэзыдэнтаў — ні Акадэміі навук, ні прэзыдэнтаў канцэрнаў і кампаній. Ёсьць адзін і адзіны. І так усе зрабіліся дырэктарамі, начальнікамі, кіраўнікамі. І вось зноў навіна — слова “Прэзыдэнт” пісаць толькі зь вялікай літары. Калі якое выданьне напіша з малой літары, то яго могуць ліквідаваць, а аўтара пакараць.

Асабіста мне гэта не пагражае. З 1999 года я ніколі не ўжываю слова “прэзыдэнт” ні пры размове, ні ў сваіх артыкулах. Чаму? На знак пратэсту супраць незаконнага рэфэрэндуму, які не адпавядаў артыкулу 112, частцы 3 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь. І я не зьдзіўлюся, калі ў хуткім часе слова “прэзыдэнт” трэба будзе пісаць ўсімі вялікімі літарамі, каб ніхто ў краіне не забываў, хто самы значны і галоўны, без каго наогул немагчыма існаваньне такой краіны, як Беларусь, каб усе памяталі, што гэта трэба пісаць з усіх вялікіх літар.

Камэнтуе званок палітык Віктар Івашкевіч: "Можна як заўгодна называць Лукашэнку, ці не называць яго наогул, робячы выгляд, што такога няма. Але ад гэтага праблема не зьнікае, што на чале Беларусі знаходзіцца чалавек, якога ня хочацца называць.

Таму, я думаю, што рашэньне ня ў тым, каб яго не ўзгадваць, а замяніць такім чалавекам, якога ня сорамна будзе называць Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь".

Слухач “Свабоды” Аляксандар Яцкевіч зь Віцебску мае інваліднасьць. Ён выказвае сваё абурэньне стаўленьнем да інвалідаў:

"У нас ёсьць такія структуры, называюцца МРЭКі. Кожны год праводзяць гэтыя мрэкі для мяне інваліда і сына-інваліда. Ніколі не выплацяць у адзін час гэтыя “грабавыя”. Як жыць бяз гэтага мізэру, як пражыць? Як дацягнуць? У якога прэзыдэнта пазычыць? Гэта сорам. Пляваць на такую ўладу"!

Сустаршыня БХД Павал Севярынец камэнтуе выказваньне слухача: "Палітыка дзяржавы ў дачыненьні да інвалідаў сёньня — гэта абсурд. Даходзіць да таго, што інваліды без рукі ці без нагі павінны кожны год прыходзіць і даводзіць, што рука ці нага не адрасла. Грошы, якія выдаюцца ў рамках дзяржаўнай дапамогі — гэта сапраўды капейкі.

Чалавеку з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі патрэбна болей грошай, чым чалавеку здароваму, бо патрэбныя розныя прыстасаваньні і асаблівы лад жыцьця. Таму, безумоўна, гэта адлюстраваньне і сутнасьці сыстэмы, якая заснаваная на бюракратыі і на вяршэнстве дзяржавы, на цэнтралізацыі ўлады, а не на тым, што дзяржава кіруецца інтарэсамі чалавека".

Тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё “Свабода”.
XS
SM
MD
LG