Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Браніслаў Камароўскі абраны прэзыдэнтам Польшчы – такія папярэднія вынікі II туру галасаваньня на выбарах кіраўніка польскай дзяржавы.


“Браніслаў! Браніслаў!”


Гэтак у штабе Браніслава Камароўскага віталі першыя, папярэднія вынікі галасаваньня – ад 52 да 53% галасоў – на некалькі адсоткаў болей, чым у Яраслава Качынскага.

“Я зьвяртаюся да ўсіх тых, хто не атрымаў перамогі, якой чакаў. Я кажу вам – хадзем разам у імя найвышэйшай мэты – Польшчы! Згода будуе, а Польшча – важнейшая за ўсё”, – Браніслаў Камароўскі заклікаў да яднаньня, паўтарыўшы напрыканцы слоган выбарчай кампаніі Яраслава Качынскага.

Качынскі ў сваю чаргу павіншаваў свайго канкурэнта зь перамогаю, адзначыўшы, што апазыцыйная партыя “Права і справядлівасьць” павінна рыхтавацца да чарговых выбарчых кампаніяў:

“Я дзякую вам і разьлічваю на адно: калі пачнуцца чарговыя кампаніі, а гэта будзе яшчэ сёлета, вы будзеце побач. Бо важныя ўсе кампаніі, а перадусім – Польшча важнейшая за ўсё. Дзякуй!”

Браніслаў Камароўскі мае 58 гадоў. У ПНР ён быў актыўным дзеячам дэмакратычнай апазыцыі, у часе ваеннага становішча – інтэрнаваны. У вольнай Польшчы быў дэпутатам парлямэнту, намесьнікам міністра абароны, а пасьля перамогі сваёй партыі “Грамадзянская плятформа” на выбарах – сьпікер Сэйму, ніжняй палаты польскага парлямэнту.

З 10 красавіка, пасьля трагічнай гібелі Леха Качынскага пад Смаленскам, Камароўскі, згодна з Канстытуцыяй, выконваў абавязкі кіраўніка дзяржавы.

Перамога Браніслава Камароўскага азначае, што цяпер “Грамадзянская плятформа” мае ня толькі бальшыню ў парлямэнце ў кааліцыі зь Сялянскай партыяй, свой урад на чале зь лідэрам партыі Дональдам Тускам, але і прэзыдэнта.

Пра гэта казаў і польскі прэм’ер, які таксама быў у выбарчым штабе Браніслава Камароўскага.

“Ад панядзелка мы яшчэ мацней бярэмся за працу, бо гэты вынік – гэта чарговы крэдыт даверу ад палякаў, за які мы павінны разьлічыцца”, – сказаў Туск.
XS
SM
MD
LG