Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычны выбар — гэта свабоднае волевыяўленьне грамадзяніна.

Безумоўна, я чую выразнае і яхіднае "гы-гы-гы".

Дый сам я бязгучна сьмяюся "гы-гы-гы" над гэтым, што напісаў, хоць мне выбіраць — не паміж Лукашэнкам і адзіным дэмакратычным, а ўсяго паміж Браніславам Камароўскім і Яраславам Качынскім.

"Лічыцца кожны голас"


Учора я сказаў жонцы, што, відаць, не пайду галасаваць, бо як Камароўскі, так і Качынскі — людзі мінулай эпохі, а Польшча заслугоўвае на прэзыдэнта з больш мадэрным сьветапоглядам, чым гэтыя два. Абрыдлі мне гэтыя старэчы, так бы мовіць.

— Лічыцца кожны голас. Калі ня пойдзеш і не прагаласуеш за Камароўскага, я з табой разьвядуся, — сказала мне жонка. І, бачачы, што я ня надта цямлю, што насамрэч значыць гэты аргумэнт, паясьніла: — Варыць есьці будзеш сам. І прасаваць кашулі таксама.

Гэта і вырашыла.

Ад сям’і Максімюкоў у Празе Камароўскі атрымае максымум: чатыры галасы. Акрамя мяне і жонкі, за яго яшчэ прагаласуюць два нашы паўналетнія сыны. Малодшы жыве разам з намі, і лёс ягонага страўніка залежыць ад таго самага гаршка, што і мой (праўда, кашулі ён прасуе сабе сам). Старэйшы прыехаў да нас у адпачынак з Даніі, і жонка адразу зарэгістравала яго ў польскай амбасадзе ў Празе на галасаваньне 4 ліпеня.

Калі я званіў перад першым турам прэзыдэнцкіх выбараў маме ў Беласток, дык яна ў мяне таксама пыталася, ці пайду я на выбары і за каго прагаласую. Я ёй сказаў, што з усіх кандыдатаў мне найбольш адпавядае 35-гадовы сацыял-дэмакрат Гжэгаж Напяральскі, але ён, па-сутнасьці, посткамуніст, а я ж не магу галасаваць супраць свайго генэтычнага коду, у якім і яна, і бацька надзялілі мяне антыкамуністычнай камбінацыяй азоцістых асноваў дэзаксырыбануклеінавай кіслаты. А таму, падсумаваў я, у мяне няма ахвоты ісьці на выбары.

— За Напяральскага няма сэнсу галасаваць, ён ня выйграе. Гэта змарнаваны голас, — растлумачыла мне мама. — Ідзі і галасуй за Камароўскага. Лічыцца кожны голас. Бо як выйграе Качынскі, то сам ведаеш, што будзе...

Я ня стаў удакладняць у мамы, што будзе, калі выйграе Качынскі. Ёй 78 гадоў, але яна ўсё яшчэ баіцца выйгрышу Качынскага. Дык што казаць мне — я пражыў усяго 52 гады.

Што яшчэ?


Калі хто не зразумеў, дык яму расшыфроўка: Беластоцкія беларусы будуць галасаваць амаль выключна за Камароўскага. Гэта як нейкі генэтычны нацыянальны код — усе мы аўтаматычна ведаем, за каго нам трэба галасаваць, а за каго ня трэба. Зь якім прэзыдэнтам, так бы мовіць, нам можна ўжыцца, а зь якім — ня надта. І наогул ня важна, якія ў іх эканамічныя праграмы і колькі дармовай кашы яны абяцаюць народу пасьля выбараў. Важна, як яны глядзяць на нас, недарэзаных схізматыкаў, так бы мовіць...

Мы маглі б быць і "добрымі палякамі"


Учора Яраслаў Качынскі выступаў на выбарчым мітынгу ў Беластоку. На Беласточчыне ў першым туры ён выразна выйграў у Камароўскага. Там моцны каталіцкі электарат, і ён галасуе заўсёды за "моцных католікаў". Ніякі лібэрал, ня кажучы пра посткамуніста, ня мае шанцаў на выйгрыш на Беласточчыне — акрамя гайнаўскага павету, дзе пераважае праваслаўнае беларускае насельніцтва, якое заўсёды галасуе інакш, чым уся астатняя Беласточчына. І яшчэ літоўцы ў адной гміне на поўначы ваяводзтва, хоць і католікі, часта галасуюць як праваслаўныя беларусы. Гэтым разам было падобна — у гміне Пуньск, дзе літоўцы пераважаюць над палякамі, выйграў Камароўскі.

Качынскі на беластоцкім мітынгу згадаў і нас грэшных:

"Тут жывуць католікі, праваслаўныя, а нават татары. Дый сынагогі можна тут знайсьці. Падляшша — рэгіён, які паказвае, што добрымі палякамі можна быць і пад звычайным крыжам, і пад гэтым перакрэсьленым".

Ня ведаю, хто яму падказаў такую фармулёўку, але гэта быў страшны пракол. Мая жонка, калі пачула пра "добрых палякаў пад перакрэсьленым крыжам", спачатку хацела шпурнуць пультам кіраваньня ў тэлевізар, але ў апошні момант перадумала і замест гэтага пераслала мне зьнішчальны пагляд з маўклівым мэсыджам: "І ты яшчэ ня хочаш галасаваць за Камароўскага!"

Царква прамовіла


На Беласточчыну па галасы праваслаўных прыяжджаў і Камароўскі. Было гэта ў траўні, з нагоды фэстывалю царкоўнай музыкі ў Гайнаўцы. Камароўскі быў на гэтым фэстывалі разам з сацыял-дэмакратам Напяральскім.

"Тут — малая Эўропа. Разнастайнасьць культураў, спадчына шматвяковай гісторыі Польшчы. Суіснаваньне ў радасьці і ў горы," — сказаў Камароўскі ў Гайнаўцы. І згадаў праваслаўнага духоўніка, палкоўніка, расстралянага саветамі ў 1940 у Катыні, чые тры сыны таксама загінулі, змагаючыся за Польшчу супраць немцаў.

Адчуйце розьніцу, як той казаў.

"Нам трэба шанаваць нашу разнастайную спадчыну," — сказаў у Гайнаўцы і Напяральскі.

Але мітрапаліт Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, архіяпіскап Сава, унёс тады яснасьць у справу, як трэба галасаваць праваслаўным:

"Мы жадаем, каб Бог блаславіў вас ва ўсіх пачынах," — сказаў мітрапаліт, зьвяртаючыся перад сьціжмай журналісцкіх мікрафонаў да Браніслава Камароўскага.

Амін.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG