Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2 ліпеня завяршаецца выбарчая кампанія ў Польшчы. Паводле апошніх дасьледаваньняў, падтрымка кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта – Браніслава Камароўскага ды Яраслава Качынскага – практычна аднолькавая.

Яшчэ месяц таму выразным лідэрам прэзыдэнцкай гонкі быў сьпікер Сэйму Браніслаў Камароўскі. Аднак ужо цяпер, паводле некаторых сацыялягічных дасьледаваньняў, выйграць можа лідэр апазыцыйнай партыі "Права і справядлівасьць" Яраслаў Качынскі.

Аўтарытэтная газэта „Rzeczpospolita”падае сёньня вынікі аднаго з такіх апытаньняў, паводле якога Качынскі ў другім туры атрымае 49% галасоў, а Камароўскі – 47. Іншы штодзёньнік “Dziennik Gazeta Prawna”, наадварот, амаль 54% галасоў дае Камароўскаму, а ягонаму канкурэнту – 42.

“Сёньня, відавочна, мой канкурэнт падрыхтаваўся, быў у лепшай форме, і таму дэбаты былі цікавейшыя", – прызнаў Браніслаў Камароўскі ў сераду, пасьля апошніх тэлевізійных дэбатаў, якія, паводле адмыслоўцаў, дадалі галасоў Качынскаму, бо менавіта лідэр "Права і справядлівасьці" быў лепей падрыхтаваны да двубою.

Апошнімі днямі кандыдаты імкнуліся сустрэцца зь як мага большай колькасьцю выбарцаў, лётаючы арандаванымі самалётамі з адной часткі краіны ў другую.

Яраслаў Качынскі, вядомы сваімі цьвёрдымі антыкамуністычнымі перакананьнямі, нават пахваліў Эдварда Герка, старшыню ЦК партыі часоў ПНР, якога яшчэ завуць “польскі Брэжнеў”:

“Я быў актыўным праціўнікам Герка, ня толькі на словах, але і на справе. Аднак я цаніў яго ня толькі за тое, што ён адносна лагодна ставіўся да апазыцыі, не садзіў нас масава ў турмы, але перадусім за тое, што Герак хацеў моцнай Польшчы”.

Між тым асноўнымі тэмамі прэзыдэнцкай кампаніі сталі служба аховы здароўя, рэформа пэнсійнай сыстэмы, замежная палітыка ды польская вайсковая місія ў Аўганістане.

Паводле адмыслоўцаў, хто б з кандыдатаў ні перамог у нядзелю, гэтая перамога будзе мінімальнаю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG