Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цуду. Рознае ў жыцьці здараецца, а выбары – гэта загадзя абвешчаны цуд, па меншай меры, яго магчымасьць. А чаму толькі цуд? Ды таму, што нават не глыбокадумныя аналізы, а просты здаровы сэнс падказвае некаторыя простыя і відавочныя рэчы.


Мясцовыя выбары прайшлі так, як яны прайшлі. 9 ці 11 апазыцыянэраў на 21 тысячу месцаў ад Менгарсавету да апошняга пасялковага савету – гэта той выпадак, калі, як той казаў, майстэрства не прапьеш. Прычым, усе структурныя чыньнікі ў параўнаньні мясцовых і прэзыдэнцкіх выбараў – на карысьць першых, і стаўкі несувымерна ніжэйшыя, адпаведна і адказнасьць выканаўчага апарату па вэртыкалі значна меншая. А вынік – да болю “элегантны”. З чаго ён будзе іншым на прэзыдэнцкіх выбарах? Так што лічбы, якія агучыць спадарыня Ярмошына ў ноч галасаваньня, можна прадказаць ужо зараз.

Крыху складаней прадказаць, што будзе пасьля. Насамрэч толькі гэта і мае значэньне. Хаця тое, што адбудзецца пасьля абвяшчэньня афіцыйных вынікаў, у пэўнай ступені залежыць ад хады кампаніі. Чым большай будзе рэальная, сапраўдная, а не зафіксаваная ў справаздачы Л.Ярмошынай, падтрымка альтэрнатывы (альтэрнатываў), тым, тэарэтычна кажучы, больш людзей можа выйсьці на вуліцы. Абараняць перамогу свайго абраньніка ці зь іншымі матывамі – тут ёсьць варыянты, у Кіргізстане людзі выйшлі на плошчу, калі ніякіх выбараў наагул не было. Але калі мы гаворым пра разьвіцьцё падзеяў пасьля выбараў, то яно нейкім, хаця і ўскосным, чынам зьвязана з вынікамі выбараў, з тым, як людзі іх успрымаюць і ўсьведамляюць.

І тут мы вяртаемся да звыклых развагаў пра адзінага кандыдата. Параза – заўсёды сірата, таму і адразу пасьля выбараў 2001 і 2006 гадоў, і зараз не было і няма недахопу ў злосных развагах, як бяздарна і пагана ўсё было зроблена. І зараз усё гучней галасы, што няма нічога страшнага і кепскага ў тым, што гэтым разам прэтэндэнты ў кандыдаты пладзяцца, як трусы, маўляў, у мінулыя разы былі адзіныя (ці двуадзіныя), а толку? Дык можа зараз будзе і толк, і плён ад адваротнага?

Але магчымае і іншае, горкае тлумачэньне, паводле якога ў 2001 і 2006 гадах посьпех даў бы толькі цуд. А ўсе нецудоўныя сцэнары мелі б прыблізна той жа вынік, які тады і атрымаўся. Былі неабходныя ўмовы посьпеху, яны былі выкананыя. Але дастатковых не было, таму і посьпеху не было.

А зараз ня будуць выкананыя і неабходныя ўмовы.

Варта зьвярнуць увагу на яшчэ адну асаблівасьць сёлетніх мясцовых выбараў. Так, улады ўсе цьвікі забівалі, так бы мовіць, па галоўку, і ў выбарчыя камісіі і ўрэшце ў саветы патрапіла мізэрная жменька апазыцыянэраў. Але ці такая ўжо вялікая колькасьць апазыцыйных актывістаў была вылучаная ў камісіі і ў дэпутаты? Гэта зусім не ў дакор, у цяперашніх беларускіх умовах палітычная дзейнасьць – гэта сапраўдны гераізм. Проста канстатацыя таго, што герояў – няшмат. І калі экспэрты прагназуюць, што рэсурсаў у апазыцыі хопіць на збор 100 тысячаў подпісаў добра калі на двух кандыдатаў, то гэта канстатацыя таго ж самага. І ізноў жа – гэта не ў папрок апазыцыі. Проста колькасьць актывістаў залежыць ад настрояў у грамадзтве ў цэлым, як кажа прыслоўе, прыліў падымае ўсе чоўны. А адліў – наадварот, і наяўная колькасьць актывістаў – паказчык таго, што грамадзкага пад’ёму не назіраецца.

Дык чаго можна чакаць ад гэтых выбараў? Калі аб’ектыўна і рэалістычна, і на жаль, без цудаў, то новых ідэй і новых людзей. Ужо агульным месцам стала думка, што ўлада ўвесь час крадзе ідэі апазыцыі. Ну вось выбары – момант вытворчасьці таго, што ўлада потым магла б скрасьці. Вось зьявілася новая ідэя, новая форма – кампанія “Гавары праўду”. Яе арганізатары сарамліва тлумачаць, што ўзьнікла кампанія зусім не пад выбары. Магчыма, парадокс палягае ў тым, што яна і насамрэч можа аказацца не пад выбары, дакладней, створаная пад выбары, можа набыць самастойную каштоўнасьць.

Ну і таксама старая ідэя – набыцьцё апазыцыяй пэрсанальнага твару. Пасьля выбараў 2001 году ім ня сталі ні Сямён Домаш, ні Ўладзімер Ганчарык, пасьля 2006 году нейкі час у такой ролі выступаў Аляксандар Мілінкевіч і часткова – Аляксандар Казулін. Досьвед таксама не натхняе, але сцэнар, пры якім другі нумар на выбарах 2011 году робіцца адзіным і бясспрэчным лідэрам апазыцыі, падаецца, па шчырасьці, больш імаверным, чым сцэнар, паводле якога гэты нумар будзе першым.

Погляд надзвычай мінімалісцкі і пэсымістычны? Ну так, той выпадак, калі хацелася б, каб жывой паток жыцьця абверг гэтыя схемы. Але як? Чаму, на падставе якіх чыньнікаў падзеі будуць разьвівацца інакш, чым у абмаляваным сцэнары? Так, ён збудаваны паводле трэнду – заўтра будзе гэтак жа, як і сёньня, справы будуць ісьці гэтак жа, як і ідуць, і ішлі шмат гадоў. А што зьменіць яго?
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG