Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму кіраўніцтва Беларусі асьцерагаецца Балёнскага працэсу?


У панядзелак Аляксандар Лукашэнка правёў нараду па пытаньнях разьвіцьця вышэйшай школы. Ці сапраўды ўзровень беларускай адукацыі высокі? Ці трэба Беларусі далучацца да Балёнскага працэсу? Чаму прэзыдэнт ставіцца да яго з насьцярогай?


Удзельнікі: мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч і былы прарэктар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Ўладзімер Дунаеў.

Уладзімер Дунаеў
Уладзімер Мацкевіч
Валер Карбалевіч


Які ўзровень беларускай адукацыі?


Валер Карбалевіч: «Галоўны сэнс высноў Лукашэнкі падчас учорашняй нарады зводзіцца да таго, што ў вышэйшай адукацыі ўсё добра, яе ўзровень дастаткова высокі, таму ня трэба ніякіх рэформаў, важна захаваць статус-кво. Ці насамрэч узровень беларускай адукацыі высокі і не патрабуе пераменаў?»

Уладзімер Мацкевіч: «Адказ на гэтае пытаньне якраз залежыць ад уключэньня ў той самы Балёнскі працэс і зьяўленьня зьнешняй экспэртызы якасьці і ўзроўню адукацыі. Без такой экспэртызы гаварыць пра ўзровень адукацыі можна толькі абстрактна. Сёньня вышэйшая адукацыя Беларусі — несучасная, і яна не разьвіваецца. Там усё спакойна, яна не варушыцца».

Уладзімер Дунаеў: «Калі прэзыдэнт выступаў з пасланьнем у Нацыянальным сходзе, то ён адзначыў, што стан беларускай вышэйшай адукацыі вельмі дрэнны, яна не адпавядае патрабаваньням бізнэсу і працадаўцаў. Але ж пры гэтым ён робіць выснову, што нічога рабіць ня трэба, толькі ўдасканаліць трохі тое, што ёсьць. Такі падыход супярэчлівы і бессэнсоўны».

Ці трэба Беларусі далучацца да Балёнскага працэсу?


Карбалевіч: «З выказваньняў Лукашэнкі вынікае, што недахопы вышэйшай адукацыі ён бачыць у тым, што аўдыторыі не адрамантаваныя, дах цячэ і інш. І на выкараненьне гэтых недахопаў трэба накіраваць намаганьні рэктараў.

Ці не галоўнай тэмай нарады было пытаньне пра далучэньне Беларусі да Балёнскага працэсу. Што гэта за працэс? Ці патрэбна Беларусі да яго далучацца? І на якой стадыі далучэньня знаходзіцца Беларусь? Бо на нарадзе гучалі думкі, што мы даўно ўжо ў гэтым працэсе, таму ніякіх новых рэформаў і не патрабуецца».

Мацкевіч: «Балёнскі працэс пачаўся больш за дзесяць гадоў таму. Гэта працэс інтэграцыі эўрапейскай адукацыі, узгадненьня стандартаў, каб скласьці агульнаэўрапейскую сыстэму вышэйшай адукацыі. Прычым маецца на ўвазе адукацыя не вышэйшага гатунку, а сярэдняга, найбольш масавага. Як калісьці сярэдняя адукацыя была масавай, так цяпер вышэйшая адукацыя становіцца масавай. У рамках гэтай сыстэмы любы выкладчык ці студэнт любой краіны можа працягнуць адукацыю ў любой вышэйшай навучальнай установе Эўропы.

Беларусь далучылася да часткі тэхнічных элемэнтаў Балёнскага працэсу. Гэта ўзгадненьне навучальных плянаў і інш. Толькі два аспэкты не знайшлі прымяненьня ў Беларусі. Гэта незалежная ацэнка якасьці і ўзроўню адукацыі і акадэмічныя свабоды ўнівэрсытэтаў. Але бяз гэтых элемэнтаў Балёнскі працэс становіцца безьзьмястоўным і бессэнсоўным».

Дунаеў: «Цяпер у гэтым працэсе ўдзельнічаюць 47 краін. Балёнскі працэс узьнік дзеля таго, каб забясьпечыць канкурэнтаздольнасьць эўрапейскай адукацыі ў параўнаньні з англасаксонскай. Гэта сыстэма стварэньня эканомікі ведаў.

Я больш скептычна ацэньваю тое, наколькі Беларусь далучылася да Балёнскага працэсу. На мой погляд, ня зроблена нічога, нават у фармальным сэнсе.
Узровень падрыхтоўкі спэцыялістаў у нас горшы, чым быў у СССР. Я больш скептычна ацэньваю тое, наколькі Беларусь далучылася да Балёнскага працэсу. На мой погляд, ня зроблена нічога, нават у фармальным сэнсе. На пачатку 2000-х гадоў нешта рабілася.

Вось, нібыта паводле стандартаў Балёнскага працэсу, у нас дзьвюхступенчатая сыстэма адукацыі. Насамрэч — гэта імітацыя. Тое, што ў нас зрабілі, — гэта дрэнны гібрыд савецкай сыстэмы і больш лінгвістычных, чым сутнасных, элемэнтаў Балёнскай мадэлі.

Вось нібыта створана магістратура як элемэнт Балёнскага працэсу. Але гэта — ступень падрыхтоўкі да асьпірантуры. Яна ня мае ніякага дачыненьня да прафэсійнай магістратуры, якая павінна гарантаваць якасьць вышэйшай адукацыі. Таму, калі мы хочам стварыць эканоміку ведаў, то мы павінны поўнасьцю далучыцца да Балёнскага працэсу».

Чаму прэзыдэнт ставіцца з насьцярогай да Балёнскага працэсу?


Карбалевіч: «Лукашэнка на нарадзе з пэўнай асьцярогай выказаўся наконт поўнага далучэньня Беларусі да Балёнскага працэсу. Чаму? Або ён асьцерагаецца, што беларускія адмыслоўцы зьедуць у Эўропу? Ці баіцца, каб праз сыстэму адукацыі ў Беларусь не прыйшлі эўрапейскія каштоўнасьці?»

Мацкевіч: «Таму што кіраўніцтва Балёнскім працэсам адбываецца дэмакратычна, у ім удзельнічаюць усе краіны-ўдзельніцы працэсу. І патрабуецца перадаць пэўную частку сувэрэнітэту ў пляне кіраўніцтва вышэйшай адукацыяй наддзяржаўным органам. І закамплексаваная беларуская ўлада баіцца дэлегаваньня сваіх паўнамоцтваў, бо ня хоча страчваць поўны кантроль над гэтай сфэрай, над кіраўніцтвам унівэрсытэтаў і студэнтамі.

Калі Беларусь хоча быць сучаснай краінай і браць удзел у сусьветных працэсах, яна павінна далучыцца да Балёнскага працэсу. Выключэньне зь яго ператварае краіну ў адсталую правінцыю».

Дунаеў: «Акрамя нежаданьня падпарадкавацца наднацыянальным інстанцыям, існуе яшчэ адна акалічнасьць. Балёнскі працэс немагчымы без супрацы, раўнапраўнага ўдзелу ўсіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу. Гісторыя Балёнскага працэсу сьведчыць, што пакуль у яго не ўключыліся ўнівэрсытэцкія, студэнцкія супольнасьці, ён разьвіваўся дрэнна. А пры сёньняшнім беларускім рэжыме даць свабоду ўнівэрсытэцкім супольнасьцям немагчыма».

Карбалевіч: «Немагчыма рэальна, але ж можна імітаваць. Чаму нельга правесьці выбары рэктараў? Як у Беларусі могуць праводзіць выбары, мы ўсе добра ведаем. Ці стварыць студэнцкае самакіраваньне. Яно існавала нават у савецкія часы — вядома ж, фармальна. Чаму ўлады ня хочуць імітаваць акадэмічныя свабоды?»

Дунаеў: «Раней у законе аб адукацыі існаваў артыкул 34 аб акадэмічных свабодах. А напрыканцы мінулага году ён быў ціха скасаваны. Высьвятляецца, што нават фармальнае іх існаваньне — гэта ўжо выклік для дзяржавы».

Мацкевіч: «Для любой імітацыі патрэбен інтэлект. Усе інтэлектуальныя рэсурсы рэжыму патрачаны на імітацыю лібэралізацыі пад ціскам ЭЗ. Сёньня беларускія ўнівэрсытэты хворыя. Яны нават ня могуць імітаваць супрацоўніцтва з эўрапейскімі ўнівэрсытэтамі, не выконваюць дамоўленасьці».


  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG