Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Заіка: трэба арганізаваць выбары на 7 лістапада – старое камуністычнае сьвята


Госьць Начной Свабоды – кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка.


"Газпром" гатовы заключыць з "Белтрансгазам" дамову пра пастаўку ў Беларусь газу ў памеры ня болей за 22,5 мільярдаў кубамэтраў на агульную суму 5,625 мільярды даляраў ЗША. Такім чынам, сярэдняя цана газу для Беларусі ў 2011 годзе можа скласьці $ 250 за тысячу кубамэтраў. Такая верагодная цана газу прагучала на штогадовым сходзе акцыянэраў "Газпрому". Гэта на 35-39% болей сярэднегадавога кошту ў 2010 годзе ($ 180-185 за 1 тыс. кубамэтраў). А таксама на 67% больш за цаны, паводле якой Белтрансгаз фактычна аплачвае газ сёлета.

Соўсь
: 250 даляраў за тысячу кубамэтраў –такая цана на газ плянуецца на 2011 год. Яна пацягне за сабой шэраг непапулярных мераў для насельніцтва, падаражаньне камуналкі, цэнаў. Наперадзе выбарчая кампанія. Канкрэтная дата выбараў яшчэ не абвешчаная. Як вам падаецца, ці ня правядуць выбары яшчэ сёлета, каб людзі не пасьпелі адчуць наступствы павышэньня цаны на расейскі газ?

Заіка: Мой прагноз зводзіцца да таго, што Лукашэнку трэба будзе арганізаваць перадвыбарчую кампанію да пачатку ацяпляльнага сэзону. Крэмль будзе ўстаўляць яму палкі ў колы. Аляксандра Рыгоравіча там ня толькі ня хочуць бачыць, але хацелі б яго паторгаць за самыя балючыя месцы, і што застаецца беларускаму прэзыдэнту, сядзець чакаць, калі ў студзені-лютым людзі пачнуць мерзнуць? Як жа яны пойдуць на выбары – з партрэтамі Аляксандра Рыгоравіча ці нешта іншае будуць рабіць? Таму на месцы беларускага прэзыдэнта, што я яму і раю праз вашу радыёстанцыю, трэба арганізаваць выбары на 7 лістапада – старое камуністычнае сьвята. Напачатку і ня трэба шмат запускаць, можна і пагрэць дамы трохі болей, і парадаваць насельніцтва, а пасьля ісьці здавацца ў Крэмль.

Соўсь: Давайце згадаем Кіргізстан. Першага красавіка сёлета Расея увяла поўную пошліны на нафту і нафтапрадукты – па 200 даляраў на тону. На наступны ж дзень рэзка вырасьлі кошты на паліва, павялічыліся тарыфы. А праз тыдзень адбыліся забурэньні ў Бішкеку, у выніку быў зрынуты прэзыдэнт Курманбек Бакіеў. У Беларусі такое разьвіцьцё падзеяў магчыма?

Заіка: Па-першае, зараз Курманбек Бакіеў знаходзіцца ў Менску. Гэта такі дарадца для Аляксандра Рыгоравіча, які распавядзе яму, як звычайна скідаюць прэзыдэнтаў. Таму ў Аляксандра Рыгоравіча ёсьць невялікая перавага – у яго ёсьць пацярпелы ад гэтай справы. Затым, я мяркую, сама стратэгічная схема, што распрацоўвалася па Кіргізстану Расеяй, заходзіла з таго, што была задзейнічана формула выкарыстаньня аэрадромаў падлёту, транзытных аэрадромаў натаўскіх ваенных сілаў, транспартнай авіяцыі, і тут Бакіеў пачаў хітраваць. Але усходняя хітрасьць для Крамля не зьяўляецца вялікай загадкай, у іх працуюць спэцслужбы, і практычна Бакіеў зрабіўся вынікам гэтай падвойнай гульні. Гэта атрымалася ў Расеі. Узровень сацыяльнага напружаньня ў Кіргізстане значна большы, узровень жыцьця значна ніжэй, таму, скажам, выкарыстоўваць такі сцэнар для Менску не атрымаецца. Можна, вядома, нэрвы паказытаць. Самая моцная карта ў Крамля тут тое, што эўрапейцы пачалі на 30% набываць газу, а 30% – прыблізна доля транзыту празь Беларусь. Зараз добрыя адносіны зь Кіеўскім прэзыдэнтам, і Масква можа празь Беларусь газ наогул не прапускаць, наогул адмовіцца. А наперадзе там яшчэ Паўночны паток, Паўднёвы паток. Так што Аляксандра Рыгоравіча заганяюць у кут, моцна заганяюць.

Соўсь: Ці можа Беларусі пазьбегнуць такой цаны на газ? Якім чынам і за кошт чаго? Пайсьці на саступкі ў продажы стратэгічных прадпрыемстваў? Якое тут магчыма рашэньне, палітычнае, эканамічнае?

Заіка: Беларусь краіна партызанская, у палон ня звыкла здавацца, а Аляксандра Рыгоравіч ня з той катэгорыі, хто ваюе. Ён можа здацца ў палон, пайсьці на тое, каб згадзіцца, на мытны саюз згодзіцца і продаж "Трансгазу", які нікому не патрэбны будзе, калі ўсё будзе і надалей так ісьці. І прадаць два нафтаперапрацоўчыя заводы, і прадаць дачку якую-небудзь уласную... Адзіны варыянт – гэта ўсьміхацца Крамлю і прадаваць усё, што прадаецца.

Слухаць перадачу цалкам:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG