Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будучыя прэзыдэнцкія выбары ў люстэрку канфліктаў і тэндэцый году


... а таксама: Масква, Захад і беларускія выбары. - Урокі зьмены прэзыдэнтаў у Бішкеку і Кіеве - для улады, апазыцыі і грамадзтва ў Беларусі. - Эканоміка, правы чалавека ці рэпрэсіўны апарат – што будзе больш важным праз паўгода? Гэтыя тэмы – ў чарговым “Тыдні з Радыё Свабода”, які вядзе дырэктар беларускай службы нашага радыё Аляксандар Лукашук. У перадачы ўдзельнічаюць аналітыкі Юры Дракахруст і Ян Максімюк




Лукашук: У гэтай апошняй перадачы сэзону мы прыгадаем галоўныя падзеі гэтага амаль паўгодзьдзя і паспрабуем спрагназаваць, куды прывядуць павароты, зробленыя сёлета.

1. Беларусь Расея

Беларуска-расейскія адносіны пачаліся сёлета з энэргетычнай – нафтавай вайны, энэргетычнай вайной – але цяпер газавай, гэтыя 5 месяцаў і завяршаюцца. Увесь студзень ішла спрэчка, колькі бязмытнай нафты будзе атрымліваць Беларусь. Справа тады ледзь не дайшла да спыненьня паставак і транзыту. Спрэчка працягваецца і дагэтуль. Але літаральна ў апошнія тыдні высьветлілася яшчэ адна праблема: паводле «Газпрому», Беларусь адвольна плаціла сёлета за атрыманы газ па леташніх цэнах.

Што азначаюць гэтыя войны і ці варта чакаць іх працягу далей, у другім паўгодзьдзі?

Дракахруст: Гэтыя войны азначаюць, што Расея ўжо гады чатыры пасьлядоўна і мэтанакіравана праводзіць палітыку пазбаўленьня Беларусі гандлёвых прэфэрэнцыяў. Паралельна робяцца крокі, каб зьменшыць цяперашнюю залежнасьць Расеі ад Беларусі. Дарэчы, сёлета ў красавіку нарэшце пачалося будаўніцтва газаправоду «Паўночны паток». А абыходнага нафтаправоду БТС-2 ужо збудавалі 500 кілямэтраў. У гэтай сытуацыі ў афіцыйнага Менску няшмат рычагоў супрацьдзеяньня. Адзін зь іх – накідаць блізкі бой, канфлікт, пераводзіць супярэчнасьці ў палітычную плоскасьць, каб калі не спыніць, то прыпыніць рух гэтага расейскага катка.

Ці ўбачым мы працяг гэтых войнаў у другім паўгодзьдзі? Цалкам магчыма. Па-першае, ня вырашаныя спрэчкі, закладзеныя ў першым паўгодзьдзі, прычым газавы канфлікт мае нават большы патэнцыял разьдзьмуваньня. Да таго ж у Расеі выдатна разумеюць, што менавіта цяпер кепскія эканамічныя сюрпрызы для Аляксандра Лукашэнкі – рэч асабліва небясьпечная. Бо выбары хутка. Яно так, лічыльная машына гатовая да працы, але рэзкае падзеньне ўзроўню жыцьця беларусаў можа зрабіць вынікі кампаніі непрадказальнымі. Ня ў тым справа, што гэты ўзровень расейцы адмыслова апусьцяць. Але гэта тая сытуацыя, дзе пагроза мацнейшая за выкананьне.

Лукашук: Ян, ну можа ня ўсё так і сумна? Вось менавіта ў гэтае паўгодзьдзе, насуперак перасьцярогам скептыкаў, у Беларусь прыйшла першая вэнэсуэльская нафта: танкер разгрузіўся ў Адэсе, і па чыгунцы нафта была дастаўленая на Мазырскі НПЗ. Абгаворваюцца магчымасьці транзыту нафты з Вэнэсуэлы і праз Балтыйскія парты на Наваполацкі НПЗ, абвешчана, што да канца бягучага году Беларусь атрымае 4 мільёны тон вэнэсуэльскай нафты. На думку некаторых экспэртаў, гэта цалкам мяняе энэргетычную сытуацыю ў рэгіёне. Ян, вы згодны з такой ацэнкай, у якой ступені нафта ад Уга Чавэса ў пэрспэктыве можа зьменшыць залежнасьць Беларусі ад расейскай нафты?

Максімюк: Прыгадайма, што Беларусь атрымоўвае з Расеі штогод прыблізна 6 мільёнаў тон нафты на хатнія патрэбы ды 14 мільёнаў тон на перапрацоўку для замежных спажыўцоў. Калі мець на ўвазе толькі беларускіх спажыўцоў, дык абяцаныя 4 мільёны тон нафты з Вэнэсуэлы — гэта неблагі задатак дзеля таго, каб беларуская прамысловасьць не перастала працаваць нават тады, калі Масква цалкам спыніць падачу свае нафты. Так што тут, можна сказаць, прэзыдэнт Беларусі забясьпечыў краіну на самы найгоршы варыянт разьвіцьця падзей. Пытаньне насамрэч у тым, як доўга такая нафтавая зьдзелка можа задавальняць прэзыдэнта Вэнэсуэлы Уга Чавэса? Бо калі прыняць пад увагу, што пастаўкі вэнэсуэльскай нафты для Беларусі акупляюцца, дык прыбытак Вэнэсуэлы ад такіх паставак або мінімальны, або яго зусім няма. Інакш кажучы, гэта нафта за абдымкі і пацалункі. У такіх зьдзелках Аляксандар Лукашэнка — вялікі майстар.

Чым яшчэ аптымістычнае гэтае вэнэсуэльскае нафтавае пытаньне? Нарэшце Менск адчуў сябе прымушаным да пошуку дывэрсыфікаваных крыніцаў атрыманьня энэргарэсурсаў, і гэта добра. Зразумела, гэта добра ў першую чаргу для кіроўнага рэжыму, але ў далейшай пэрспэктыве гэта добра і для краіны ў цэлым. Беларусі трэба паволі сыходзіць з гэтай расейскай нафтава-газавай іголкі.



2. Бішкек-Кіеў-Менск

Лукашук: Сувязі паміж краінамі СНД – не такія ўжо шчыльныя. Але часам падзеі ў адной зь іх робяць надзвычай істотны ўплыў на іншыя, задаюць узор, рамку зьменаў.

Красавік грымнуў новай рэвалюцыяй у Кіргізстане. Новым быў ня толькі яе крывавы і хуткацечны характар, але і зусім іншае міжнароднае асяродзьдзе, адрознае ад таго, якое было падчас хвалі каляровых рэвалюцый у Грузіі, Украіне і тым самым Кіргізстане. Расея адразу ж прызнала новыя рэвалюцыйныя ўлады краіны.

Тым часам Аляксандар Лукашэнка надзвычай рэзка асудзіў пераварот у Бішкеку. І асуджэньне не абмежавалася словамі, беларускі кіраўнік даў прытулак у сваёй краіне зрынутаму прэзыдэнту Кіргізстану Курманбэку Бакіеву, што выклікала пэўнае раздражненьне ў Масквы. Але Лукашенка павёў пры дапамозе Бакіева сваю гульню.

У траўні сытуацыя ў Кіргізстане ізноў рэзка абвастрылася, поўдзень краіны ахапілі новыя крывавыя забурэньні. Тым часам новыя кіргіскія ўлады прыслалі ў Менск афіцыйны запыт на экстрадыцыю Бакіева, якога абвінавачваюць у расстрэле бяззбройных людзей і раскраданьні казны. Лукашэнка публічна заявіў, што ня выдасьць свайго госьця.

На што разьлічваў і разьлічвае беларускі прэзыдэнт, прымаючы ў сябе зрынутага калегу, раздражняючы Маскву, адмаўляючыся яго выдаць?

Дракахруст: Разьлічваў прадэманстраваць сваю салідарнасьць паміж аўтарытарнымі ўладарамі, разьлічваў паказаць сваю палітычную моц як беларусам, гэтак і замежнікам, разьлічваў паказаць Маскве, што яго так проста, як Бакіева, ня скінеш. Магчыма, быў і канкрэтны палітычны разьлік, забурэньні на поўдні Кіргізстану, якія пачаліся з 17 траўня, паказваюць, што сытуацыя там далёка не супакоілася.

Лукашук: У гэтым лютым прэзыдэнтам Украіны быў абраны Віктар Януковіч. Гэтае абраньне выглядае сапраўдным пераваротам як у сымбалічнай, гэтак і ў практычнай палітыцы. Менавіта Януковіч быў галоўным антыгероем «аранжавай» рэвалюцыі 5 гадоў таму. Цяпер ён узяў рэванш.

Шэраг крокаў новага прэзыдэнта выклікаюць у многіх перасьцярогі, што Украіна пры Януковічы вяртаецца ў сфэру ўплыву Расеі. Я маю на ўвазе найперш украінска-расейскае пагадненьне «танны газ у абмен на працяг арэнды Севастопаля». Варта адзначыць, што з папярэднікам Януковіча – Віктарам Юшчанкам, у Аляксандра Лукашэнкі, як ні дзіўна, былі выдатныя стасункі. А як пачынаюць складвацца яго стасункі зь Януковічам? Як наагул новая Ўкраіна, новая якасьць украінска-расейскіх адносінаў адбіваецца на беларуска-расейскіх?

Максімюк: Магчыма, што ў Лукашэнкі былі добрыя стасункі зь Юшчанкам. Аднак ні адзін, ні другі не выкарысталі патэнцыялу гэтай, так бы мовіць, узаемнай прыхільнасьці.

Ня ведаю, як назваць стасункі Лукашэнкі зь Януковічам, але думаю, што можна акрэсьліць іх як прагматычныя. І як эфэктыўныя. Лукашэнка дамовіўся зь Януковічам пра разгрузку і транспарт вэнэсуэльскай нафты. Я не выключаю, што абодва прэзыдэнты, падчас іхнай сустрэчы ў Менску пагаварылі і пра нафтаправод Адэса-Броды, які Беларусі мог бы спатрэбіцца, калі б пастаўкі вэнэсуэльскай нафты аказаліся стабільнымі і доўгатэрміновымі.

У кожным разе, прашу заўважыць, што Януковіч узяў з сабою ў Менск тузін міністраў са свайго ўраду. Калі такое было пры Юшчанку? Канешне, Януковіч зьяўляецца закладнікам свайго электарату зь левабярэжнай Украіны, але я падкрэсьлю — няма падставаў сумнявацца, што ягоная палітыка — праўкраінская. Яна праўкраінская, хоць некаторыя акцэнты ў ёй расстаўленыя іначай, чым у палітыцы ягонага папярэдніка, Віктара Юшчанкі. І гэтая праўкраінская палітыка патрабуе прагматычных і эфэктыўных адносінаў зь Беларусьсю. На карысьць такіх прагматычных адносін несумненна была і нядаўняя ратыфікацыя пагадненьня аб беларуска-ўкраінскай мяжы, якая цягнулася немаведама колькі гадоў, і пры Кучме, і пры Юшчанку. А пры Януковічу праблема нарэшце вырашылася.



3. Брусэль і Менск

Лукашук: 7 траўня споўніўся год Усходняму партнэрству. Як выглядаюць цяпер вынікі партнэрства і пэрспэктывы беларуска-эўрапейскага дыялёгу? Варта, відаць, адзначыць некаторыя вузлавыя кропкі сёлетняга ўзаемадзеяньня Беларусі з Эўразьвязам: канфлікт вакол Саюзу палякаў, канфлікт вакол Эўранэсту, адхіленае Лукашэнкам запрашэньне яго на сьвяткаваньне гадавіны Незалежнасьці ў Літву, паводзіны афіцыйнага Менску пасьля гібелі прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага. Якія прычыны і наступствы ўсяго гэтага?

Максімюк: Я мяркую, Аляксандар Лукашэнка ня надта добра зразумеў, у чым сэнс Усходняга партнэрства. Па-мойму, яму здавалася, што гэта перш за ўсё эфэктыўны шлях да таго, каб Беларусі беспраблемна атрымаць крэдыты з Захаду, а яму самому — атрымаць прызнаньне на эўрапейскай палітычнай сцэне як поўнафарматнаму палітыку. Ні адно, ні другое не наступіла, а таму Аляксандар Лукашэнка расчараваўся — “Захад мяне кінуў” — і пакуль што страціў ахвоту да далейшага руху ў Эўропу.

Але ёсьць праблемы і на другім баку — фактычна ніхто ў Брусэлі выразна не ўяўляе сабе, а што насамрэч трэба і можна дасягнуць гэтай ініцыятывай. Палітыкі Эўразьвязу кажуць, што Ўсходняе партнэрства — гэта не прылада, каб адцягнуць постсавецкія краіны далей ад Расеі. Калі не, дык прылада для чаго? Схіліць гэтыя краіны бліжэй да Расеі? Усё замыкаецца ў коле даволі абстрактных і расплывістых фармулёвак пра дэмакратызацыю і набліжэньне заканадаўства да эўрапейскіх стандартаў, пад што аднак няма салідных грошай і салідных пернікаў. Магчыма, бязьвізавыя пагадненьні ЭЗ з удзельнікамі УП скрануць гэтую ініцыятыву зь месца.

Дракахруст: Я мяркую, што з аднаго боку тут было ўзаемнае непаразуменьне. Эўропа хацела ад Беларусі выразных крокаў у накірунку палітычнай дэмакратызацыі і не дачакалася. Я тут маю на ўвазе нават ня гэты, а мінулы год. У сваю чаргу шэраг канкрэтных эканамічных прапановаў, праектаў Менску ў межах Усходняга партнэрства былі адхіленыя Эўразьвязам. Ну а тут надышла і выбарчая пара. Паколькі ўлада палічыла, што ніякіх асаблівых дабротаў, па меншай меры тых, што чакаліся, Эўропа не дала, ну дык і пераход у, прабачце за калямбур, звычайны надзвычайны рэжым выбарчай кампаніі прайшоў даволі гладка і без унутранай барацьбы. Ня выключана, што дыялёг з Эўропай будзе адноўлены і актывізаваны толькі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

4. Апазыцыя, правы чалавека

Лукашук: На думку многіх экспэртаў, сёлета няпэўныя леташнія ваганьні паміж палітычнай адлігай і замаразкамі зьмяніліся выразным наступленьнем палітычнай зімы, франтальным наступам уладаў на правы чалавека і палітычныя і грамадзянскія свабоды. Вэрдыкт у справе Аўтуховіча, брутальныя ператрусы ў офісах газэт і грамадзкіх ініцыятываў, у кватэрах палітыкаў, грамадзкіх дзеячоў і журналістаў, ужо прыгаданая справа Саюзу палякаў, дзіўныя мясцовыя выбары, на якіх з больш чым 21 тысячы мандатаў апазыцыя атрымала толькі 9 – вось хіба самыя гучныя праявы гэтага палітычнага пахаладаньня. Ізноў жа – чаму ўлада пайшла на гэта, апроч іншага кідаючы выклік Эўропе, ў супрацоўніцтве зь якой яна, здаецца, зацікаўленая?

Максімюк: Перад кожнымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі ціск і перасьлед апазыцыі і незалежнага грамадзтва выразна ўзмацняўся. Дыялёг з Эўропай не ўцячэ, а вось выбары нельга празяваць — так, па-мойму, думае рэжым. Што тычыцца ўзмацненьня ціску на незалежнае грамадзтва, дык я думаю, што ў гэтай выбарчай кампаніі будзе так, як і ў ранейшых. Як мяркую, на БТ ужо рыхтуюць новыя сюжэты пра дохлых пацукоў і сатанінскі воблік апазыцыі.



5. Прэзыдэнцкія выбары. Умовы і кандыдаты

Лукашук: Дакладна не вядома, калі адбудуцца новыя выбары , але апошні тэрмін – 6 лютага 2011 году. Хутка. Сам Лукашэнка ў нядаўнім інтэрвію Reuters даў зразумець, што будзе балятавацца, у чым уласна ніхто і не сумняваўся.
А што адбывалася ў апазыцыйным, альтэрнатыўным лягеры? Чым цяперашняя сытуацыя падобная, а ў чым адрозьніваецца ад тых, якія былі ў 2001 і 2006 гадах? Якія шанцы на тое, што будзе адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў?

Дракахруст: Магчыма, я і памыляюся, але мне здаецца, што гэтым разам імкненьне да вылучэньня адзінага значна меншае, чым было на папярэдніх выбарах. Яскравым паказчыкам гэтага сталі расколы ў Беларускім незалежніцкім блёку, які летась ствараўся праз раскол АДС з мэтай аб'яднаць ідэалягічна блізкія сілы. Ужо цяпер даволі шмат палітыкаў абвясьцілі пра свае намеры ўдзельнічаць у выбарах, нагадаю, гэта Мікола Статкевіч, Віталь Рымашэўскі, Алесь Міхалевіч, Андрэй Саньнікаў, Аляксандар Мілінкевіч. А на падыходзе, гледзячы па ўсім, яшчэ некалькі палітыкаў. Пагаварыць пра неабходнасьць адзінага гатовыя ўсе. Але ў кожнага праекта, як яго вызначыць, здаецца, аказваецца больш апанэнтаў, чым прыхільнікаў. Адзінага можа насамрэч вызначыць нейкая падзея. Ня выключана, напрыклад, што такой падзеяй стане атака на ініцыятыву «Гавары праўду».

Лукашук: Ян, а як вы ацэньваеце значэньне грамадзянскай ініцыятывы «Гавары праўду»? Яна зьявілася сёлета, але ўжо прымусіла гаварыць пра сябе. Імклівае разгортваньне кампаніі, заслона сакрэтнасьці вакол як палітычных плянаў, гэтак і крыніц фінансаваньня, павальныя ператрусы з абсалютна недарэчнымі абвінавачваньнямі – ўсё гэта «Гавары праўду». Некаторыя мяркуюць, што рэпрэсіямі супраць кампаніі ўлады самі зрабілі адзінага зь лідэра кампаніі Ўладзімера Някляева?

Максімюк: Па-мойму, кампанія з самага пачатку задумвалася як стартавая пляцоўка для прэзыдэнцкага прэтэндэнта. Улады апошнімі дзеяньнямі толькі прыскорылі гэты працэс, выразна ткнуўшы пальцам ва Ўладзіміра Някляева. Чаму рэакцыя ўладаў была такая імгненная? Бо тут, як усе прадчуваюць, задзейнічаныя спонсары з Расеі. Я ня ведаю, хто дакладна — расейскія алігархі, беларускія бізнэсмэны, якія зьехалі з лукашэнкаўскай Беларусі, ці хто-небудзь іншы... Але гэта насамрэч ня так істотна.

Кампанія "Гавары праўду" – гэта сыгнал, што і ў Расеі ня супраць, каб зьмяніць Лукашэнку. І беларускаму прэзыдэнту будзе не так лёгка вытлумачыць электарату, чаму цяпер яго хочуць скінуць браты-рускія, фактычна той самы народ, у любові да якога ён столькі разоў прызнаваўся.

Расейскія грошы для кампаніі “Гавары праўду” – гэта калода пад ногі ці вецер у сьпіну яе актывістам? Дык гэта ж не амэрыканскія грошы, а нашы, так бы мовіць, рускія, супраць Лукашэнкі, які ўжо не зусім такі рускі, як раней... Дык вось прэзыдэнт Беларусі і занэрваваўся з гэтай нагоды. Гэтыя выбары будуць даволі цяжкія, прызнаўся ён месяц таму. Ад сябе дадам, што гэтая выбарчая кампанія будзе менш прадказальная і значна цікавейшая, чым папярэднія прэзыдэнцкія кампаніі ў Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG