Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У. Някляеў: “Палітыка Захаду адносна Беларусі павінна быць больш жорсткай”


На гэтым тыдні Канаду і ЗША наведвае дэлегацыя беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў. У складзе дэлегацыі тры прадстаўнікі Аб'яднанай грамадзянскай партыі: лідэр партыі Анатоль Лябедзька, ягоны намесьнік Яраслаў Раманчук, міжнародны сакратар партыі Андрэй Дзьмітрыеў, а таксама лідэр грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" Ўладзімер Някляеў. У плянах дэлегацыі – сустрэчы ў парлямэнце Канады, у дзярждэпартамэнце ЗША, у дасьледных цэнтрах і рэдакцыях газэт. Пра тое, як прайшоў першы дзень візыту, а таксама пра стаўленьне да кандыдатуры на прэзыдэнта Яраслава Раманчука і пра палітыку Захаду, распавёў у інтэрвію Свабодзе Ўладзімер Някляеў. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.


Дракахруст: Уладзімер, з кім вы сустракаліся, пра што гаварылі ўчора?

Някляеў: Учора мы ўвесь дзень сустракаліся з кіраўнікамі фракцый канадзкага парлямэнту, з кіраўнікамі розных камітэтаў парлямэнту, у першую чаргу з тымі, якія скіраваныя на міжнародныя справы. Размова пераважна вялася пераважна вакол таго, чым Канада, якая робіцца ўсё больш уплывовай на міжнароднай арэне, можа дапамагчы ўсталяваньню грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Менавіта грамадзянскай супольнасьці, бо бяз гэтага ніякія палітычныя зьмены ў нас немагчымыя. Мы нават ня надта закраналі тое, што найбольш на сёньняшні дзень цікавіць парлямэнтароў Канады і ўрад Канады – прэзыдэнцкія выбары. Мы акцэнтавалі ўвагу на неабходнасьці пабудовы грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

Я стараўся давесьці, што такое кампанія "Гавары праўду", якую я тут, так выйшла, прадстаўляю і да якой тут ёсьць даволі вялікі інтарэс, нечаканы для мяне інтарэс. Людзі хочуць ведаць, што гэта такое, ва ўсялякім выпадку тыя людзі, якія адказваюць за зьнешнюю палітыку Канады. Ну а я, як магу, стараюся пра ўсё гэта распавесьці. Я ж не палітык, я паэт, які 2 месяцы таму ўсё гэта з'арганізаваў.

Яны не разумеюць, як гэта можна было расправіцца з кампаніяй так, як зь ёй расправіліся, калі мы не зрабілі нічога крымінальнага, яны не разумеюць, як можна было забраць маёмасьць і не вяртаць яе, як можна было забіраць грошы, якія належаць людзям, і рабіць выгляд, што нічога не забіралася.

Настолькі гэта рознае жыцьцё і настолькі рознае ўяўленьне сьвету, што яны на гэтыя мае расповяды толькі пераглядаліся і паціскалі плячыма. Я чуў, як адзін зь іх паўтараў : "Ну ня можа такога быць, ня можа такога быць". Але вось – можа.

Дракахруст: Некаторыя нашы слухачы ўжо пытаюцца: тое, што кіраўнік кампаніі "Гавары праўду" паехаў разам з дэлегацыяй АГП, у якой кандыдат у прэзыдэнты ад гэтай партыі – ці азначае гэта, што "Гавары праўду" ужо вырашыла падтрымаць гэтага кандыдата?

Някляеў: Спадар Раманчук нідзе тут не прэзэнтуецца як кандыдат у прэзыдэнты. Ва ўсялякім выпадку на тых перамовах, дзе я быў разам зь імі, я такога ня чуў. Нас ужо зрабілі парай у гэтай прэзыдэнцкай кампаніі, і гэта чаканая рэч, бо разам паехалі, але гэта ня так. Гэта не азначае, што кампанія "Гавары праўду" ні ў якім разе не падтрымае Яраслава Раманчука на прэзыдэнцкіх выбарах. Але гэта таксама не азначае, што мы ў альянсе зь ім і ні з кім больш справаў мець ня будзем.

Я неаднойчы казаў, што кампанія "Гавары праўду" і сваімі рэсурсамі, і тым, што яна здолела зрабіць за гэты час (за 2 месяцы дзейнасьці мы набралі вядомасьць ад 0 да 20%), можа дапамагчы любому кандыдату, а найперш таму, якога назавуць адзіным.
Мы стараемся давесьці нашым канадзкім суразмоўцам, што пад адзіным кандыдатам мы маем на ўвазе адзінства ўсіх дэмакратычных сілаў Беларусі, і хацелі, каб яны нам у гэтым паспрыялі – тымі магчымасьцямі, які ў іх ёсьць.

Дракахруст: Анатоль Лябедзька ва ўчорашнім інтэрвію нашаму радыё распавёў, што зьбіраецца казаць і канадзкім, і амэрыканскім суразмоўцам, наколькі правільнай была палітыка ЗША – больш жорсткая, з ужываньнем санкцый, і наколькі няправільнай – эўрапейская палітыка дыялёгу. Вы падзяляеце яго думку?

Някляеў: Я не лічу, што палітыка Злучаных Штатаў у дачыненьні да Беларусі была такой ужо жорсткай. Была б жорсткай, яна б і выявілася ў больш жорсткіх санкцыях. А так яна была палітыкай, я б сказаў, памяркоўнага ціску. Такую самую палітыку, магчыма зь меншым ціскам, праводзіла і Эўропа – палітыку перамоваў. Яны імкнуліся давесьці, як малым дзецям, мне часам здавалася, што ў цывілізаваным сьвеце трэба рабіць так, а не інакш.

Сёньня пытаньне існаваньня рэжыму Лукашэнкі ўпіраецца ў матэрыяльныя сродкі, а папросту кажучы – у грошы. Усё астатняе ў яго ёсьць – і сілавыя структуры, і "вэртыкаль", і датэрміновае галасаваньне, і памяркоўны народ, які, як ён лічыць, цалкам за яго. Толькі з грашыма праблема. Дык вось у гэтых варунках я лічу, што палітыка як з боку Эўропы, гэтак і з боку ЗША, павінна быць больш жорсткай.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG