Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Піва вяртаецца на прыпынкі


Менскі аблвыканкам скасаваў забарону на гандаль півам і слабаалькагольнымі напоямі на прыпынках грамадзкага транспарту "пры захаваньні вызначаных умоваў".

Пастанова № 518 была прынятая 11 траўня, але пакуль не ўступіла ў законную сілу. Згодна з законам пастанова пачне дзейнічаць пасьля таго, як яе тэкст апублікуе газэта "Мінская праўда".

Старшыня рэспубліканскага грамадзкага аб'яднаньня "Пэрспэктыва" Анатоль Шумчанка адзначыў, што скасаваньне забароны тычыцца толькі павільёнаў з гандлёвай заляй. Ён патлумачыў: "Са зьместу дадзенага рашэньня вынікае, што прадпрымальнікі, якія маюць ва ўласнасьці шапікі на прыпынках грамадзкага транспарту, для атрыманьня права гандляваць півам павінны будуць альбо ўсталяваць павільёны, альбо пераабсталяваць сваю ўласнасьць у павільёны з гандлёвай заляй", — паведамляе БелаПАН.

Паводле Шумчанкі, гэта пацягне за сабой дадатковыя часавыя і фінансавыя выдаткі. "Усе экспэрымэнты зь півам падарвалі фінансавы стан прадпрымальнікаў. Але, тым ня менш, гэта станоўчае рашэньне для бізнэсу, хоць нейкая магчымасьць паспрабаваць палепшыць сваё цяперашняе становішча", — падкрэсьліў кіраўнік "Пэрспэктывы".

Забарона на продаж піва ў шапіках і павільёнах на тэрыторыі Мінскай вобласьці дзейнічае ад 17 жніўня 2009 году.

Паводле слоў Шумчанкі, забарона прывяла да падзеньня аб'ёмаў продажу піва, зьніжэньня выручкі індывідуальных прадпрымальнікаў і, адпаведна, скарачэньня сплатаў у бюджэт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG