Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Піўны сэзон: як і дзе піць?


З пачаткам вясны адкрываецца і «піўны сэзон» — зьяўляюцца летнія кавярні, піўныя, на вуліцах ставяць столікі пад «парасонамі». У Менску ў параўнаньні зь іншымі эўрапейскімі сталіцамі піўных рэстарацый і бараў бракуе.

Летам у парках і сквэрах, дый проста ў горадзе на лавах народ піў піва з пляшак і бляшанак. Але нядаўна пачала дзейнічаць забарона на расьпіцьцё піва і слабаалькагольных напояў на вуліцы і ў грамадзкіх месцах. Як будзе вырашацца «піўная» праблема ў Менску?

Менгарвыканкам прыняў рашэньне выдзеліць каля 30 месцаў для адкрыцьця ў Менску рэстарацый, бараў, кавярняў «піўнога кірунку». Загадчыца аддзелу Ўпраўленьня спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Тамара Ціханава паведаміла, што «першыя ластаўкі» ужо зьявіліся:

«Мы нядаўна адкрылі тры спэцыялізаваныя аб’екты грамадзкага харчаваньня: піўны рэстаран „Гісторыя піва“, кафэ вышэйшай нацэначнай катэгорыі ў гандлёвым цэнтры „Сталіца“ на 50 месцаў, піўны бар „Японскі бог“ на Талбухіна на 50 месцаў. Ёсьць шмат спэцыялізаваных рэстарацый, якія даўно працуюць».

Так, ёсьць даволі прыстойныя піўныя рэстарацыі «У Ратушы», «Старое рэчышча», «Ракаўскі бровар». Але — нятанныя. Проста так зь сябрамі папіць піва ня кожны можа сабе дазволіць. Дый так званыя «пабы» — «Дрожджы-юнайтэд», «Інтэрпаб», «Цьвік» таксама разьлічаныя на заможную публіку. Галоўны рэдактар «Піўной газэты» Паўлюк Канавальчык, які лічыцца экспэртам у сваёй сфэры, выказаў такое меркаваньне:

«Пасьля забароны прайшло паўтара месяца, і ніякіх зрухаў, акрамя згаданай інфармацыі гарвыканкаму, не назіраецца, шчыра кажучы. Акрамя жаданьня даць гэтых 30 месцаў пад пабы, тут варта разглядаць яшчэ адно пытаньне: якім чынам і пад якую нацэначную катэгорыю, пад якія падатковыя рэжымы гэта будзе падпадаць. Бо калі гэта будуць вымушана дарагія пітныя ўстановы, то ясная справа, гэта праблему ня вырашыць. »Патрэбныя менавіта даступныя, дэмакратычныя ўстановы, якія сабе можа дазволіць грамадзянін зь сярэднім прыбыткам.
Патрэбныя менавіта даступныя, дэмакратычныя ўстановы, якія сабе можа дазволіць грамадзянін зь сярэднім прыбыткам.


Супрацоўніца Ўпраўленьня спажывецкага рынку Тамара Ціханава запэўнівае, што чыноўнікі гэта разумеюць:

«Рэзка павялічыць колькасьць стацыянарных аб’ектаў складана, вы ж самі разумееце. Але каля 30 піўных установаў безумоўна будуць адкрытыя ў сталіцы. І піваварным кампаніям прапаноўваюцца памяшканьні, нейкія залі будуць перапрафіляваныя. Прадпрыемствы нацэленыя і на фарміраваньне станоўчага іміджу беларускага піва, і на адкрыцьцё невялікіх піўных бараў. Менавіта бараў».

Намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Алег Табанюхаў паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі, што праведзеная нарада з прадстаўнікамі піваварных кампаніяў, і зараз ад іх чакаюць рэакцыі. А вось прадстаўнік піваварнай кампаніі «Бівер» Алег Парэмуд выказаў такое меркаваньне:

«Ну добра, месцы выдзяляць. А хто гэта будзе рабіць? Генэральны дырэктар «Аліварыі» некалі сказаў правільна: «Наша справа, півавараў, — варыць якаснае, добрае піва. А займацца стварэньнем бараў, пабаў — гэта зусім іншы накірунак. Я, да прыкладу, ня ўпэўнены, што такія адмыслоўцы па разьвіцьці рэстарацыяў, бараў ёсьць на „Крыніцы“ альбо на „Аліварыі“ У нас іх дакладна няма. Гэта зусім іншая спэцыялізацыя. Я думаю, калі прымаюцца такія рашэньні, павінен быць і мэханізм рэалізацыі. А інакш гэта будзе дэклярацыяй аб намерах».

І тут нельга не заўважаць і яшчэ адну праблему. Нават у тых пабах, барах, піўных рэстарацыях, якія ёсьць — экспансія расейскага піва, якое даволі дарагое. Чаму так адбываецца? Півавары і пастаўшчыкі перакананыя, што гэта залежыць ад рэстаратараў. Паводле прадстаўніка піваварнай кампаніі, калі вытворца альбо пастаўшчык піва, няважна, які — беларускі альбо расейскі — прыходзіць да рэстаратара і прапаноўвае супрацоўніцтва, у адказ ён чуе прыкладна наступнае:

«Колькі грошай вы гатовыя ўкласьці? Гатовыя пабудаваць летняе кафэ альбо барную стойку? Нашы рэстаратары ў бальшыні сваёй маюць на мэце не інтарэсы гасьцей, наведнікаў, а тое, як атрымаць са сваіх пастаўшчыкоў як мага больш фінансавых прэфэрэнцый. Вось і атрымоўваецца, што прадстаўлена і прадаецца ня тое, што цікава шырокаму колу спажыўцоў, а тое, дзе ёсьць вялікія бюджэты».

Натуральна, беларускае піва пры такіх умовах ня можа спаборнічаць, да прыкладу, з кампаніяй «Карлсбэрг», прадстаўленай разьліўной «Балтыкай», альбо цяжкавагавіком усясьветнага рынку «Хайнэкенам». Зразумела, што такіх бюджэтаў няма нават у «Крыніцы» ды «Аліварыі...

Чыноўніца Менгарвыканкаму Тамара Ціханава: «Наша пазыцыя — роўнасьць. У нас сёньня ў розьнічным гандлі і ў грамадзкім харчаваньні роўныя ўмовы і для расейскага піва, і для айчыннага. Тут спажывец выбірае».

А спажыўцу часьцяком няма з чаго выбіраць: у барах і рэстарацыях — толькі піва расейскай вытворчасьці па коштах ірляндзкага «Гінэсу», кухаль якога ва ўсім сьвеце каштуе каля 5 даляраў. Вось з-за манаполіі і адсутнасьці канкурэнцыі так і адбываецца, лічыць беларускі півавар з кампаніі «Бівер» Алег Парэмуд:

«Калі манаполія — заплацілі пэўны бюджэт, прадстаўлены толькі адзін пастаўшчык — я магу гнуць любую цану. А другі пастаўшчык усё адно ня прыйдзе — канкурэнцыі няма. Прычым, ведаеце, што самае цікавае? Там, дзе мы становімся на роўных з канкурэнтамі — у розьліве, і дзе падыход справядлівы, мы ні разу не прайгралі. Неяк так лічыцца, што беларускае піва слабейшае. Ды не пацьвярджаецца гэта на практыцы!»

Нядаўна ў канцэрне «Белдзяржхарчпрам» прайшоў круглы стол, дзе сустрэліся півавары, прадстаўнікі гандлю, МУС, іншыя зацікаўленыя ў разьвіцьці піўной галіны. Там агучылі ініцыятыву ўладаў: адкрыць як мага больш «піўных-наліваек» каля крамаў, дзе будзе таннае піва ў плястыкавых кубках, каб людзі пілі стоячы. Летам зьявіцца каля 5,5 тысяч такіх «кропак».
Немагчыма з плястыкавымі кубкамі, стоячы ля крамы, праз гэтыя „разьлівайкі“ дасягнуць нейкай культуры.

Здавалася б, зацікаўленыя ў гэтым півавары — супраць:

«На мой погляд, такім шляхам да культуры спажываньня піва мы ня прыйдзем ніколі. Немагчыма з плястыкавымі кубкамі, стоячы ля крамы, праз гэтыя „разьлівайкі“ дасягнуць нейкай культуры. Культура — гэта калі чалавек можа прыйсьці ў паб, кафэ, бар, яго якасна, ветліва абслужаць».

Галоўны рэдактар «Піўной газэты» Паўлюк Канавальчык таксама выступае за адкрыцьцё цывілізаваных бараў. Ён лічыць, што найперш павінна быць прынцыповая палітыка ўладаў, што да прынцыпаў дзеяньня пітных установаў:

«Яны ў любым выпадку павінны падпадаць пад нейкія льготныя цэнавыя катэгорыі, фінансаваньне, каб гэта не было стойлам з плястыкам. Каб яны спрыялі нармальнаму спажываньню піва. З мэню такіх установаў цалкам могуць быць выключаныя іншыя алькагольныя напоі, каб сапраўды не было ператварэньня ў нейкія „а-ля маргінальныя“ танныя рэчы. Ня мусіць ісьці гаворка пра таннасьць, а мусіць — пра даступнасьць. Гэта прынцыпова. Даступнасьць у шкляных нармальных куфлях, з нармальнай атмасфэрай, з нармальнымі іншымі рэчамі, якія мусяць правакаваць людзей да нармальнай размовы, а не да нажыраньня, груба кажучы. Гэта мусяць быць іншыя ўстановы, піўныя, а не пітныя».

У Беларусі ёсьць праграма разьвіцьця піваварнай галіны. Норма спажываньня піва, якая ўзгодненая зь Міністэрствам аховы здароўя — 60 літраў піва на душу насельніцтва, а спажываюць беларусы 47 літраў. Ня тое, што ў Баварыі — па 180 літраў на чалавека ў год. Такія лічбы прывёў генэральны дырэктар «Крыніцы» Рыгор Пяткевіч. Але 95% прадажы — піва ў пляшках, бо ў Беларусі дагэтуль так і ня створаны асяродак і культура спажываньня бурштынавага напою.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG