Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства ўнутраных справаў выступае супраць продажу і ўжываньня піва на спартыўных аб'ектах, заявіў намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня аховы правапарадку МУС Віктар Палей 12 сакавіка ў Доме футболу на штогадовай нарадзе па пытаньнях бясьпекі на стадыёнах.


Як паведамляе агенцтва БелаПАН, Палей адзначыў, што нядаўна ўведзена адказнасьць за ўжываньне піва ў грамадзкіх месцах. Акрамя таго, як паказвае вопыт "Менск-Арэны", на тых аб'ектах, дзе ёсьць кафэ, большасьць балельшчыкаў, якія набылі піва, свае месцы на трыбунах ужо не займаюць.

Удзельнікі нарады ўзьнялі пытаньне, чаму на стадыёны, дзе курэньне забаронена, цыгарэты праносіць можна, а бутэльку вады нельга, хоць такая ж вада на стадыёне прадаецца. На гэта некаторыя супрацоўнікі міліцыі заявілі, што ў бутэльках, якія прыносяць з сабою, можа быць ня толькі вада, але і гаручая вадкасьць, а нюхаць кожную – ня выйсьце са становішча.

Кажучы пра павышэньне ўзроўню бясьпекі на стадыёнах, Палей агучыў шэраг прапановаў, сярод якіх абсталяваньне стадыёнаў стацыянарнымі мэталадэтэктарамі. Прадстаўнік МУС прапанаваў гэта зрабіць адным з пунктаў патрабаваньняў да ліцэнзаваньня клюбаў. "Магчымасьцяў нашых пераносных" рамак "хопіць на два гады, бо акрамя футболу ёсьць яшчэ іншыя мерапрыемствы", – адзначыў Палей. Паводле яго інфармацыі, у мінулым годзе адна стацыянарная "рамка" каштавала 7 млн. рублёў. Пакуль мэталадэтэктары (дзьве адзінкі) закуплены для стадыёну ў Баранавічах за кошт гарвыканкаму.

Прадстаўнік МУС прапанаваў кіраўнікам клюбаў і дырэктарам стадыёнаў правесьці сустрэчы з заўзятарамі, каб "абгаварылі іх паводзіны і ўзаемадзеяньне"; арганізаваць працу па стварэньні афіцыйных фан-клюбаў, аб'яднаўшы розныя групоўкі. "Ёсьць групоўкі, якія не ідуць на кантакт, але інфармацыя пра іх у нас ёсьць", – адзначыў Палей.

Акрамя таго, "насьпявае неабходнасьць" укараніць на прыкладзе аднаго-двух клюбаў, напрыклад менскага "Дынама", "сыстэму стуардаў", якія замянілі б на стадыёне супрацоўнікаў МУС. "Мы гатовыя абмеркаваць пытаньне аб іх абавязках", – заявіў прадстаўнік міністэрства. Па яго словах, у гэтым пытаньні неабходна рухацца сямімільнымі крокамі. "Міжнародныя інспэктары і дэлегаты, калі бачаць у нас на стадыёне столькі міліцыі, зьдзіўляюцца: у вас будзе вайна на стадыёне?" – сказаў Палей.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG