Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кавярні пераробяць у піўныя бары


Такія часовыя кропкі для расьпіцьця піва зьявіліся ў парку імя Жылібэра

Такія часовыя кропкі для расьпіцьця піва зьявіліся ў парку імя Жылібэра

З 23 лютага ў Беларусі дзейнічаюць папраўкі да Адміністрацыйнага кодэксу, паводле якіх да 500 тысяч рублёў падвышаныя штрафы за расьпіцьцё ў грамадзкіх месцах алькагольных напояў, у тым ліку і піва. Як выконваецца новы адміністрацыйны закон на Гарадзеншчыне?


Згодна з новымі папраўкамі ў Адміністрацыйны кодэкс, за спажываньне піва ў грамадзкім месцы і на транспарце прадугледжаная адміністрацыйная адказнасьць — штраф за першае парушэньне да 280 тысяч рублёў, а за другое па ліку — да 580 тысяч рублёў. Падвышаная адказнасьць і за расьпіцьцё сьпіртных напояў на працоўным месцы.

Супрацоўнік прэс-службы Гарадзенскага УВД Уладзімер Козыраў кажа, што з увядзеньнем паправак у Адміністрацыйны кодэкс працы патрульным міліцыянтам дадалося. Але, зь яго слоў, ёсьць свае нюансы.

Козыраў: «Справа такая, што пратаколаў сталі за гэта складаць болей, паколькі раней за расьпіцьцё піва, якое спажывае пераважна моладзь, іх не складалі. Але на людзей гэта паўзьдзейнічала, бо відавочна меней пратаколаў складаецца за расьпіцьцё больш моцных напояў».

Намесьніца начальніка ўпраўленьня гандлю гарвыканкаму Ларыса Даўлетава ўпэўнена, што зьмены ў Адміністрацыйны кодэкс зьмянілі сытуацыю з расьпіцьцём сьпіртнога ў горадзе.

Яшчэ летась увесь цэнтар Горадні і асабліва парк Жылібэра раніцай нагадваў адзіную вялікую сьметніцу з горамі бутэлек ад піва і пустымі пакункамі ад чыпсаў. Парк тады абвясьцілі зонай цьвярозасьці, але сёлета тут ужо паўсюль прадаюць піва ў перасоўных шапіках.

Ларыса Даўлетава кажа, што ў горадзе ў сувязі з прыняцьцём паправак у Адміністрацыйны кодэкс павінен будзе зьявіцца цэлы шэраг новых піўных кропак, каб людзі маглі піць піва культурна.

Даўлетава: «На Савецкай плошчы адчыніцца спэцыялізаваная піўная рэстарацыя, за помнікам Сакалоўскаму ўжо стаіць павільён, на месцы былога „Кронану“ таксама зьявіцца кропка. Хутка адчыніцца новая рэстарацыя хуткага харчаваньня „Семафор“, а таксама былую кандытарскую кавярню „Астра“ пераробяць у піўны бар».

Калі паехаць у спальныя раёны, то там, як зазвычай, п’юць гарэлку каля пад’ездаў і на прыпынках.
Гарадзенскі праваабаронца, Раман Юргель, аднак, з гарадзкой чыноўніцай ня згаджаецца і выстаўляе наступныя аргумэнты.

Юргель: «У парку там ужо не расьпіваюць на лаўках сьпіртное, бо там ходзяць міліцэйскія патрулі, камэры стаяць. Але калі паехаць у спальныя раёны, то там, як зазвычай, п’юць гарэлку каля пад’ездаў і на прыпынках».

На думку праваабаронцы, з п’янствам трэба змагацца не адміністрацыйнымі забаронамі, а найперш разьвіцьцём культуры і адукацыі, захадамі сацыяльнага стымуляваньня.

Што тычыцца п’янства на працоўных месцах, то, са слоў кіраўніка Незалежнага прафсаюзу «Гродна-Азот» Сяргея Антусевіча, зьменамі ў Адміністрацыйны кодэкс гэтую праблему ня вырашылі, бо і надалей у іх на прадпрыемстве працягваюць разрываць кантракты з тымі, хто спажывае алькаголь на працы.

Праўда, Сяргей Антусевіч зьвяртае ўвагу, што апошнім часам у іх на прадпрыемстве не чуваць пра банкеты начальства і карпаратывы.

Антусевіч: «Раней пры былым дырэктару Радзевічу дакладна ведаю, што былі рознага кшталту карпаратывы, ён нават да гэтага заахвочваў. А цяпер пакуль гэтага няма».
XS
SM
MD
LG