Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзіцячая сьмяротнасьць у сьвеце істотна скарацілася


Дынаміку сьмяротнасьці дзяцей ва ўзросьце да пяці гадоў вывучала група дасьледчыкаў з унівэрсытэту штата Вашынгтон у Сіэтле на чале з прафэсарам Крыстафэрам Мюрэем. Як сьведчаць навукоўцы, за апошнія 20 гадоў паказчыкі дзіцячай сьмяротнасьці скараціліся на траціну. Справаздача пра дасьледаваньне надрукаваная ў часопісе The Lancet.


Дасьледчыкі прааналізавалі паказчыкі дзіцячай сьмяротнасьці ў 187 краінах сьвету за пэрыяд 1970-2009 гг. і склалі прагноз на 2010 год. Паводле дасьледаваньня, у 1990 годзе было зафіксавана 11,9 мільёна дзяцей, якія памерлі ва ўзросьце да пяці гадоў. Сёлета чакаецца скарачэньне гэтага паказчыка да 7,7 мільёна. Згодна з прагнозамі, трэба чакаць, што сёлета памруць прыкладна 3,1 мільёна немаўлятак да году і прыкладна 2,3 мільёна ва ўзросьце ад году да чатырох. Большасьць выпадкаў прыпадзе на краіны Цэнтральнай і Паўднёвай Афрыкі, траціну зафіксуюць на поўдні Азіі.

Прызнана, што самы высокі адсотак у дзіцячай сьмяротнасьці (41%) складаюць нованароджаныя. Сярод краінаў, дзе назіраюцца самыя нізкія паказчыкі сьмяротнасьці на тысячу народзінаў — Сынгапур (2,5 сьмерці) і Ісьляндыя (2,6), а самыя высокія — у Экватарыяльнай Гвінэі (180,1) і Чадзе (168,7). Спаміж багатых краін кепскімі лічбамі адзначаюцца, у прыватнасьці, ЗША (6,7) і Вялікабрытанія (5,3).

Паводле дадзеных UNICEF, у Беларусі летась да пяці гадоў не дажывалі 13 чалавек. Такую ж лічбу называе і Расея.

Паводле прафэсара Крыстафэра Мюрэя, істотны ўплыў на зьніжэньне сьмяротнасьці ва ўсім сьвеце зрабілі такія фактары, як вакцыны ад СНІДу, прэпараты з дадаткам вітаміну А, паляпшэньне лекаваньня дыярэі і пнэўманіі, адмысловыя сеткі для прафіляктыкі малярыі і, што вельмі важна, павышэньне ўзроўню адукацыі жанчын.

Як сьведчаць лічбы, ад 1990 году паказчыкі сьмяротнасьці штогод зьніжаюцца ў сярэднім, незалежна ад рэгіёну, на 2,2%.
Як сьведчаць лічбы, ад 1990 году паказчыкі сьмяротнасьці штогод зьніжаюцца ў сярэднім, незалежна ад рэгіёну, на 2,2%. У краінах Паўднёвай і Цэнтральнай Азіі за мінулыя дзесяць гадоў сьмяротнасьць скарацілася больш чым на 1% у параўнаньні з паказчыкамі папярэдняга дзесяцігодзьдзя.

Аднак, лічаць экспэрты, дзіцячая сьмяротнасьць у сьвеце зьніжаецца не настолькі хутка, каб дасягнуць заплянаванага Ўсясьветнай арганізацыяй аховы здароўя (УААЗ) да 2015 году скарачэньня сьмяротнасьці на дзьве траціны.

Тым часам доктар Флавія Бустрэа (Dr. Flavia Bustreo), каардынатар міжнароднай праграмы УААЗ «Партнэрства па ахове здароўя маці і дзіцяці», лічыць, што адзін з фактараў зьмяншэньня дзіцячай сьмяротнасьці — зьніжэньне нараджальнасьці. Жанчына ў сярэднім нараджае менш дзяцей з інтэрвалам у цяжарнасьці больш як два гады. Усё гэта павялічвае шанцы дзяцей на выжываньне. Пры гэтым доктар Бустрэа адзначае, што каля мільёна дзяцей штогод паміраюць з-за таго, што ім ня робяць найпрасьцейшых рэанімацыйных мерапрыемстваў. Засяродзіўшы ўвагу на гэтых мэтадах, можна было б выратаваць шмат жыцьцяў, лічыць экспэрт.

У сваю чаргу, доктар Мікі Чопра (Dr. Mickey Chopra), адказны за пытаньні здароўя ў ЮНІСЕФ, адзначае: «Пазытыўная дынаміка можа хутка зьмяніцца, паколькі ў большасьці краінаў сьвету ўсё яшчэ застаецца актуальным пытаньне галечы. Пакуль у шэрагу рэгіёнаў адбываюцца ўзброеныя канфлікты, шанцы на імунізацыю насельніцтва вельмі нізкія».

XS
SM
MD
LG