Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб быць здаровым, ня трэба хвалявацца пра здароўе


Сёньня людзі прывыклі да вэб-сайтаў, тэлепраграм і кніг, якія штодня прапануюць рэцэпты даўгажыхарства. Адны раяць зьменшыць спажываньне тлушчаў, другія -- спаць абавязкова восем гадзінаў, трэція – як найболей есьці гародніны і ў дакладны час. Людзі ахвотна гэта ўспрымаюць, але як толькі даходзіць справа да карыстаньня гэтымі парадамі, шмат хто адчувае, што ня ў стане іх выканаць.


І вось доктар С'юзан М. Лав, адна з самых паважаных у ЗША спэцыялістак у галіне аховы здароўя, прапануе новы рэцэпт: не хвалявацца пра сваё здароўе. У сваёй кнізе “Пажыві крыху! Парушаючы правілы, не нашкодзіш свайму здароўю” яна пераконвае, што выдатнае здароўе -- гэта міт і што мы маем лепшае здароўе, чым сабе ўяўляем.

Яна піша, што няздольнасьць жыць паводле розных нормаў аховы здароўя зьяўляецца асноўнай крыніцай стрэсу і пачуцьця віны, асабліва для жанчын. З яе гледзішча, ня можа быць мэтай вечнае жыцьцё. Больш важна -- жыць як мага даўжэй такім якасным жыцьцём, на якое вы толькі здатныя. А вось калі жанчыны прыходзяць у жах, што памруць, калі не зьядуць кубачка чарніцаў у дзень, -- гэта ўжо сапраўдная праблема.

Доктар Лав піша, што найбольшыя рызыкі ў крайнасьцях, чаго б яны ні тычыліся – сну, стрэсаў, прафіляктыкі, харчаваньня, фізычных практыкаваньняў. Але ж, падкрэсьлівае спэцыялістка, бальшыня людзей жывуць звычайным жыцьцём бяз крайнасьцяў. І яно -- самае бясьпечнае.

Прыкладам, сон. Бальшыня людзей лічаць, што ідэальная працягласьць сну -- восем гадзінаў у дзень. Але ёсьць дасьледаваньні, якія паказалі, што тыя, хто спаў па сем гадзінаў у суткі, мелі найменей шанцаў памерці цягам шасьці гадоў, калі дасьледавалася залежнасьць паміж прывычкай сну і рызыкай сьмерці. Тыя, хто спалі болей за сем гадзінаў ці меней, мелі большую рызыку памерці. Няясна пакуль, у якой ступені насамрэч зьвязаныя сьмяротнасьць і працягласьць сну, але выклік старому правілу спаць восем гадзінаў зроблены. Рэальнасьць жа ў тым, што індывідуальныя патрэбы ў сьне могуць адрозьнівацца. Адным трэба болей спаць, іншым – меней за вызначаную сярэднюю норму.

Тое ж з фітнэсам: людзі не заўсёды стасуюць сваё захапленьне ім са сваімі штодзённымі справамі – прыбіраньнем у хаце, клопатам аб дзецях. Таксама з пахудзеньнем. Няма чароўнага пахудзеньня! Сапраўды, людзі, якія пакутуюць ад атлусьценьня ці недастатковай вагі, маюць большыя паказчыкі сьмяротнасьці. З другога боку – людзі, якія маюць лішнюю вагу, бываюць нават здаравейшымі за тых, у каго вага ў норме.

Мэдычныя экспэрты пагаджаюцца, што самае важнае – быць памяркоўнымі і ня кідацца ў паніку з нагоды сваіх звычак. Доктар Лав кажа, што яна таму і напісала гэту кнігу, бо многія людзі ўжо згубілі разуменьне, што значыць быць здаровым. Быць здаровым – значыць мець да здароўя здаровы падыход. Калі вы адчуваеце сябе добра, значыць, сапраўды ўсё добра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG