Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Царкве “Новае жыцьцё” зноў пагражае штраф


Служба ў царкве "Новае жыцьцё"

Служба ў царкве "Новае жыцьцё"

Раней прадстаўнікі Камітэту аховы прыроды Менгарвыканкаму абвінавацілі царкву ў нанясеньні шкоды навакольнаму асяродзьдзю. Гэта каштавала вернікам каля 100 000 даляраў. Сёньня эколягі зноў наведаюць царкву. Гэтым разам яны вінавацяць пратэстантаў у нанясеньні шкоды пладароднаму слою глебы.

Прадстаўнікі Камітэту аховы прыроды Менгарвыканкаму папярэдзілі вернікаў царквы “Новае жыцьцё” аб тым, што наведаюць іх 4 траўня, каб азнаёміць з вынікамі праведзенага аналізу.

Паводле эколягаў, вернікі, зрабіўшы каля будынку храму дзіцячую пляцоўку, пашкодзілі ўрадлівы слой глебы. Раней прадстаўнікі камітэту бралі пробы грунту на тэрыторыі, прылеглай да будынку царквы. У судзе яны казалі, што знайшлі ў пробах нафтапрадукты. Сума штрафу склала амаль 100 000 даляраў.

Гаворыць юрыст царквы "Новае жыцьцё" Сяргей Луканін:

“Тое, што мы зрабілі для дзяцей пляцоўку, на думку эколягаў значыць, што мы зьнішчылі ўрадлівы слой глебы. Але пры гэтым эколягі абсалютна праігнаравалі тое, што тут раней увогуле была гарадзкая звалка, якую вернікі сваімі рукамі разабралі.

Спачатку да нас прыходзілі пажарныя, потым электрыкі, потым “Менскводаканал” – усе кантрольныя ўстановы, якія толькі ёсьць у нашай краіне”.

Нагадаем: у 2005 годзе пратэстантаў суполкі “Новае жыцьцё” пазбавілі спачатку зямельнага надзелу, а потым і храму (былога калгаснага кароўніка на ўскрайку Менску). Пастара Вячаслава Ганчарэнку і адміністратара царквы Васіля Юрэвіча некалькі разоў штрафавалі за правядзеньне несанкцыянаваных уладамі набажэнстваў.

Некалькі дзясяткаў чалавек трымалі галадоўку, якая набыла розгалас сярод пратэстантаў іншых краінаў. Улады папрасілі спыніць галадоўку, паабяцаўшы вырашыць усе пытаньні вернікаў у судзе.

Але суд стаў на бок уладаў і вернікі прайгралі усе судовыя працэсы. Пратэстанты заявілі, што добраахвотна будынку не аддадуць, а вялікія штрафы назвалі пачаткам эканамічных санкцыяў супраць царквы з мэтай яе ліквідацыі.

Сяргей Луканін лічыць, што ўлады пакуль не рызыкнуць пайсьці на больш радыкальныя меры:

“Эканамічная вайна супраць нашай царквы працягваецца. Мы прайгралі больш за 30 судоў. На паперах у нас адабралі і зямлю, і будынак. Але мы працягваем зьбірацца ў нашай царкве і робім тое, што хачам рабіць.

Чаму? Па-першае, мы верым, што нас абараняе наш Бог. Па-другое, на нашу думку, тое, што на наша пытаньне зьвернута ўвага, у тым ліку з боку Эўразьвязу, магчыма, таксама служыць нейкім фактарам, які стрымлівае дзяржаўныя ўстановы ад поўнага зьнішчэньня царквы”.

Эколягі наведаюць вернікаў аб 11 гадзіне.
XS
SM
MD
LG