Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Царква «Новае жыцьцё» абскардзіла пастанову суду Маскоўскага раёну Менску


Царква «Новае жыцьцё»

Царква «Новае жыцьцё»

5 сакавіка царква «Новае жыцьцё» Рэлігійнага аб’яднаньня абшчын хрысьціян поўнага Эвангельля ў Рэспубліцы Беларусь абскардзіла ў Менскім гарадзкім судзе пастанову суду Маскоўскага раёну Менску, які аштрафаваў абшчыну на 8 мільёнаў 750 тысяч рублёў за забруджваньне навакольнага асяродзьдзя.

Як паведаміў БелаПАН юрыст царквы Сяргей Луканін, прызнаньне судом віны цягне за сабой неабходнасьць ня толькі выплаты штрафу, але і пакрыцьця ўрону прыродзе ў памеры амаль 263 мільёны рублёў, вызначанага экалягічным ведамствам Менгарвыканкаму. Такім чынам, агульная сума грашовых санкцый абшчыны складае каля 100 тысяч даляраў ЗША, сказаў юрыст.

Паводле яго слоў, абшчына абскардзіла рашэньне суду паводле шэрагу падстаў. Сярод іх Луканін назваў незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Менгарвыканкаму і судзьдзі, якія ня высьветлілі ступень віны рэлігійнай абшчыны ў забруджваньні навакольнага асяродзьдзя, калі яно мела месца.

Сяргей Луканін
Юрыст адзначыў, што, калі на працягу месяца Мінскі гарадзкі суд не адменіць рашэньне суда Маскоўскага раёну, царква зьвернецца ў Вярхоўны суд.

26 лютага судзьдзя Алена Шылько аштрафавала абшчыну на 8 мільёнаў 750 тысяч рублёў, а ў сьнежні 2009 году экалягічнае ведамства Менгарвыканкаму запатрабавала ад царквы на працягу двух месяцаў пакрыць урон прыродзе на суму каля 263 мільёнаў рублёў.

Супрацоўнікі экалягічнага ведамства Менгарвыканкаму выявілі сьляды нафтапрадуктаў у пробах на праезнай частцы дарогі каля будынку царквы й расцанілі гэта як забруджваньне навакольнага асяродзьдзя. Як сьцьвярджае Луканін, пры адборы пробаў грунту не прысутнічалі панятыя й прадстаўнікі абшчыны. Тэрыторыя вакол царквы раней выкарыстоўвалася калгасамі імя Калініна для сельгасвытворчасьці, а затым на ёй разьмяшчалася несанкцыянаваная звалка прамысловых адходаў з каркасамі й рухавікамі былых аўтамабіляў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG