Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць расейскай нафты на беларускіх заводах можа зьнізіцца


Пастаўка расейскай нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы ў 2010 годзе можа зьнізіцца да 15,8 мільёна тонаў – пра гэта, як паведамляе “Інтэрфакс”, заявіў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску намесьнік міністра эканомікі Беларусі Анатоль Філонаў.

Ён патлумачыў, што названую колькасьць нафты вызначылі заводы, зыходзячы з патрэбаў эфэктыўнай перапрацоўкі і максымальнага выхаду сьветлых нафтапрадуктаў. У апошнія гады беларускія заводы перапрацоўвалі парадку 20 мільёнаў тонаў нафты за год.

Паводле Філонава, аб’ём 15,8 млн тонаў цалкам улічвае заплянаваныя аб’ёмы бязмытнай нафты – 6,3 млн тонаў у 2010 годзе. “Заводы лічаць, што так можна працаваць: рабіць мікс, да бязмытнай нафты дазакупляць мытную, што й рабілася ў першым квартале”, – сказаў намесьнік міністра эканомікі.

Пры гэтым ён падкрэсьліў, што перапрацоўка мытнай нафты ў поўным аб’ёме, з улікам глыбіні перапрацоўкі на беларускіх заводах, немэтазгодная з эканамічнага гледзішча.

“У варунках зьмешанай перапрацоўкі мытнай і бязмытнай нафты ў першым квартале Мазырскі НПЗ забясьпечыў дадатную рэнтабэльнасьць перапрацоўваньня нафты. “Нафтан” закончыў першы квартал зь невялікімі стратамі – адмоўная рэнтабэльнасьць склала 0,5%”, – паведаміў Філонаў.

Ён таксама паінфармаваў, што на пачатку 2010 году дадатнае для Беларусі сальда паміж імпартам нафты і экспартам нафтапрадукцыі склала 65 мільёнаў даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG