Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск ацэньвае нафтавы "шок" ад зьмены ўмоваў пастаўкі расейскай нафты ў 5,9 трыльёна беларускіх рублёў, што складае каля 2 мільярдаў даляраў.


Пра гэта заявілі прэм'ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі і старшыня Нацбанку Пётар Пракаповіч.

Паводле экспэртаў Міжнароднага валютнага фонду, тэмпы ўздыму беларускай эканомікі запаволіць адаптацыя да новых умоваў імпарту расейскай нафты. Дадатковыя страты складуць 2 мільярды даляраў, альбо больш за 4% ВУП. Для зьмяншэньня ўплыву нафтавага "шоку" беларускія ўлады прапануюць шэраг захадаў, якія выкладзены ў "Лісьце аб намерах", апублікаваным на сайце МВФ. Кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка, камэнтуючы публікацыю ліста, сказаў:

Леанід Заіка
"Сідорскі — не эканаміст. Сідорскі — інжынэр. Пракаповіч — не эканаміст. Тое, што яны вырашылі надрукаваць, на жаль, гэта іх вялікая памылка. Яны паказваюць толькі тое, што знаходзяцца ў палоне ілюзій таннай нафты і таннага газу".

Паводле спадара Заікі, нафтавага "шоку" насамрэч няма, бо ўнутранае спажываньне забясьпечваецца за кошт таннай расейскай нафты.

"Шок можа быць толькі ў тых, хто гандлюе нафтапрадуктамі. Ва ўсім сьвеце імі гандлююць алігархічныя структуры. Гэтак жа сама ў Расеі буйныя алігархі гандлююць нафтапрадуктамі. І ўзьнікае пытаньне, чаму раптам беларускі ўрад далучае сябе да групы алігархаў, якія гандлююць нафтай? Атрымліваецца, што беларускае кіраўніцтва практычна заклапочана становішчам толькі на двух нафтаперапрацоўчых заводах. Беларускі ўрад павінен змагацца не з прыдуманым нафтавым "шокам", а павінен садзейнічаць канкурэнтнасьці ўсёй эканомікі. Тут мы маем справу з дастаткова блізарукай палітыкай, калі праблемы дрэннага кіраўніцтва эканомікай перакладаюцца на нейкія зьнешнія сілы".

Кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук шкадуе, што размовы пра рэформы ўлады вядуць з МВФ, а не з экспэртамі ў самой краіне. Ён кажа пра вялікую прорву, якая існуе паміж абяцанкамі для МВФ і абяцанкамі для прадпрыемстваў і насельніцтва. Спадар Раманчук адзначае, што дагэтуль няма пляну лібэралізацыі эканомікі на гэты год.

Яраслаў Раманчук
"Сёньня ўрад ня мае канкрэтнай праграмы, каб ліквідаваць гэты зьнешні шок. І два мільярды даляраў, якія налічылі ўлады, — гэта яшчэ вельмі аптымістычная ацэнка. Бо агульны кошт новай энэргетычнай палітыкі Расеі будзе значна большы. Таксама трэба падлічыць страты ад таго, што Расея пачне зачыняць свой рынак, што ўжо адбываецца. Ніхто ня ведае, у якой форме будзе накладзены мараторый на Мытны саюз. Сёньня наш урад трапіў у нейкую пастку старых рашэньняў і дакумэнтаў. На жаль, МВФ сёньня не зьяўляецца той арганізацыяй, якая дае адназначныя сыгналы, куды рухацца далей".

Паводле аналітыкаў, беларускія ўлады спрабуюць выкараскацца за кошт насельніцтва. Да прыкладу, паніжаны курс беларускага рубля на 3% да кошыка валют і плянуецца абмежаваць рост заробкаў і пэнсій. Нагадаем, што Аляксандар Лукашэнка абяцаў да канца гэтага году падняць заробкі да 500 даляраў, пра што ня згадваецца ў лісьце Сідорскага і Пракаповіча. Спадар Раманчук адзначыў:

"Для зьнешняга карыстаньня ў ніводным лісьце і дакумэнце, якія наш урад даслаў у МВФ, паказчыка ў 500 даляраў няма. Ёсьць паказчык 340 даляраў, 370 даляраў, і там урад піша, што ён будзе падымаць заробкі толькі тады, калі будуць грошы".
XS
SM
MD
LG