Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дастаўка нафты з Адэсы можа каштаваць 65 даляраў за тону”


Тацяна Манёнак

Тацяна Манёнак

Нафта для Беларусі можа прыбыць у Адэсу 23 красавіка, паведаміла інфармацыйным агенцтвам крыніца ў адэскім порце. Як сьцьвярджаецца, танкер з 80 тысячамі тон нафты на борце выйшаў з Вэнэсуэлы 2 красавіка. Ці набывае нейкія канкрэтныя рысы праект дастаўкі вэнэсуэльскай нафты ў Беларусь? Колькі можа каштаваць яе транспартаваньне? На гэтыя пытаньні адказвае эканамічны аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Тацяна Манёнак.


Цыганкоў: Як на сёньня выглядае праект дастаўкі вэнэсуэльскай нафты? Гэтая першая выпрабавальная партыя — ці можа нешта сказаць пра жыцьцяздольнасьць праекту?

Манёнак: Гэта сапраўды толькі экспэрымэнтальная пастаўка, «разьведка боем», як выказаўся міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў. Аднак вось віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка на нарадзе ў Лукашэнкі сьцьвярджаў, што пры пэўных умовах перапрацоўка гэтай вэнэсуэльскай нафты будзе больш эфэктыўнай. Дзесьці на 61 даляр за тону ў параўнаньні з расейскай нафтай, што пастаўляецца з стандартным мытам.

Самае цікавае тут — якраз гэтыя «пэўныя ўмовы і абставіны». Перш за ўсё — кошт нафты. Невядома, па якім кошце Беларусь яе закупляе ў Вэнэсуэле. Але вядома, што гэты першы вэнэсуэльскі танкер прыйдзе ў Адэсу на ўмовах CIF — пастаўшчык, вэнэсуэльская кампанія, аплачвае і кошт нафты, а таксама кошт страхоўкі і транспартаваньня да Адэсы. Беларуская нафтавая кампанія потым пераймае гэтую нафту і па чыгунцы будзе дастаўляць яе на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. І паводле папярэдніх разьлікаў, пастаўкі будуць каштаваць недзе 65 даляраў за тону. Гэта вельмі дорага ў параўнаньні з пастаўкамі па трубаправоднай сыстэме.

Цыганкоў: Таму беларускі бок гаворыць пра магчымасьць пастаўляць гэтую нафту праз нафтаправод Адэса—Броды. Але Расея выступае супраць таго, каб Беларусь удзельнічала ў гэтым праекце...

Манёнак: Гэта перш за ўсё мусіць вырашыць сама Ўкраіна, ці дабудоўваць гэты нафтаправод. Вядома, гэта ня выклікала б надта шмат матэрыяльных выдаткаў, каб гэты нафтаправод запрацаваў у авэрсным рэжыме.

Але Ўкраіна таксама мусіць думаць пра тое, што Расея вельмі хутка збудуе БТС-2, мяркуе гэта зрабіць да канца 2011 году. І тады нафта, што зараз ідзе праз украінскія трубаправоды ў Эўропу, будзе перапампаваная ў новую трубу — і Ўкраіна можа застацца з пустой трубой.

Зь іншага боку, пакуль няма гарантыяў з боку Беларусі, што ў Адэсу сапраўды паступіць нафта, тыя самыя абяцаныя 4 мільёны тонаў. Гэта ня шмат, бо гэты нафтаправод працуе з магутнасьцю 9 мільёнаў тон. Ці будзе гэта эканамічна мэтазгодна? Я вельмі сумняваюся.


  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG