Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Адэсе завяршылі разгружаць вэнэсуэльскую нафту для Беларусі


Як падае БелаПАН, у Адэскім марскім гандлёвым порце паведамілі, што нафта перапампавана з танкера ў рэзэрвуары. Мяркуецца, што перагружэньне нафты ў чыгуначныя цыстэрны пачнецца 29 красавіка.

Як паведамлялася раней, танкер "Марская зорка" прыбыў у адэскі порт у ноч з 24 на 25 красавіка. 25 красавіка пачалося перапампоўваньне нафты ў рэзэрвуары. Пробная партыя нафты гатунку "Санта-Барбара" (80 тысяч тон) будзе транспартаваная па чыгунцы з Адэсы ў Мазыр. На Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе яе чакаюць у пачатку траўня.

Дамоўленасьць аб пастаўках нафты была дасягнутая ў сакавіку 2010 году на сустрэчы прэзыдэнтаў Беларусі і Вэнэсуэлы ў Каракасе. Танкер з пробнай партыяй адбыў з Вэнэсуэлы 2 красавіка.

Да 1 чэрвеня Кіеў і Менск павінны ўзгадніць ўмовы транзыту вэнэсуэльскай нафты ў Беларусь праз Украіну па магістральных трубаправодах, у прыватнасьці, па трубаправодзе "Адэса – Броды". Такое рашэньне было прынятае 15 красавіка ў Кіеве на паседжаньні міжурадавай украінска-беларускай камісіі ў пытаньнях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.
XS
SM
MD
LG