Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Санта Барбара": праз Адэсу ў Беларусь


У Адэскім порце пачалася разгрузка 80 тысяч тон нафты гатунку "Санта Барбара", якую танкерам даставілі з Вэнэсуэлы для Беларусі.


Разгружаць танкер пачалі 25 красавіка і плянуюць скончыць 27 красавіка. Для супрацоўнікаў порту навіна ў тым, што карабель прыбыў здалёк і груз пойдзе ў Беларусь. Сёньня на 8 гадзіну раніцы было выгружана каля трыццаці сямі тысяч тон. Але пасьля выгрузкі танкера трэба запампаваць яшчэ нафту ў чыгуначныя цыстэрны і давезьці на беларускі завод. У Адэскім порце ня маюць інфармацыі пра тое, ці адплыў чарговы танкер з вэнэсуэльскай нафтай для Беларусі, бо гэта толькі першая партыя, а мяркуецца перавезьці да канца году каля 4 мільёнаў сыравіны. Прадстаўнік порту патлумачыў:
Натуральна, што гэтаму танкеру — асаблівая ўвага...

"Натуральна, што гэтаму танкеру — асаблівая ўвага. Мы хочам яго апрацаваць як мае быць, у лепшых марскіх традыцыях, каб усё было добра. Мы зацікаўленыя ў тым, каб грузапаток ішоў праз Адэскі порт. У нас ёсьць рэзэрвы. Тыя, хто рабіў закуп у Беларусі, зьбіраюцца, атрымаўшы, даставіўшы на Мазырскі завод, пралічыць эканамічны складнік і вызначыцца, што рабіць далей".

Падчас штогадовага пасланьня народу і парлямэнту Аляксандар Лукашэнка адказаў крытыкам гэтага праекту: "Віск падняўся — з Вэнэсуэлы вязе нафту, дурань, такі-сякі, не пралічыў. Ня дурань я, я ўсё даўно пралічыў. Ніхто сюды нафту, калі гэта нявыгадна, не павязе".

Танкер адплыў з Вэнэсуэлы 2 красавіка. Калі ж, нарэшце, паступіць вэнэсуэльская нафта на Мазырскі НПЗ? Начальнік аддзелу прадпрыемства па забесьпячэньні сыравінай Віктар Барыскін сказаў:

"На завод плянуецца 30 чысла. 27-га напэўна скончаць зьліў. Далей пачнуць пагрузку на цягнік — і на завод. 80 тысяч тон — гэта пробная партыя".

За колькі дзён прадпрыемства перапрацуе гэтую нафту?

"Па 24—25 тысяч тон у суткі — вось і лічыце. Тры, а можа, чатыры дні".

Ці варта вазіць нафту ў Беларусь здалёк, ці мае гэта эканамічны эфэкт?

Эканамічны аглядальнік газэты "Беларусы і рынак" Тацяна Манёнак адзначае, што схема гэтай пастаўкі нафты непразрыстая, і таму вельмі складана пралічыць эфэктыўнасьць зьдзелкі:

Тацяна Манёнак
"Зусім нядаўна амбасадар Вэнэсуэлы казаў, што пакуль яны не гатовыя сказаць, за якую цану Беларусь будзе купляць гэтую нафту, бо пакуль гэтыя ўмовы абмяркоўваюцца. Гэта пакуль экспэрымэнтальны груз. Відаць, абодва бакі хацелі неяк пралічыць эфэкт ад такой зьдзелкі. Бо калі казаць пра сыстэмную пастаўку, то трэба стварыць сумеснае прадпрыемства. Вэнэсуэльскі бок будзе мець 75%, а беларускі бок — толькі 25%. Калі насамрэч гэты праект запрацуе, то пра асаблівы эфэкт для Беларусі казаць нельга, бо гэта будзе сумеснае прадпрыемства з ільвінай доляй акцыяў для Вэнэсуэлы. Калі будзе нейкі прыбытак, то яго будзе атрымліваць у асноўным вэнэсуэльскі бок".

Экспэрт у галіне энэрганосьбітаў Валянцін Мацкевіч сумняваецца ў пэрспэктывах гэтага праекту:

Валяцін Мацкевіч
"Можа, сабекошт нафты ў Вэнэсуэле і невялікі. Але калі лічыць па тых выдатках, якія робяцца: найперш гэта транспартныя выдаткі, бо марскі шлях — гэта вельмі вялікая адлегласьць; другі складнік — гэта перавозка чыгуначнымі цыстэрнамі. Сабекошт перапампоўкі па трубаправодзе — гэта значна таньней, чым везьці чыгункай. Калі думаць, што на пэрспэктыву такая вось схема будзе працаваць, то я вельмі ў гэтым сумняваюся".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG