Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-ўкраінскую дамову пра мяжу ратыфікавалі праз 13 гадоў


Савет рэспублікі 26 красавіка ратыфікаваў дамову з Украінай аб дзяржаўнай мяжы паміж дзьвюма краінамі. Дамова, падпісаная яшчэ ў траўні 1997 году, дагэтуль не была ўхваленая беларускім парлямэнтам.

Паводле былога намесьніка міністра замежных спраў Беларусі Андрэя Саньнікава, "шмат гадоў Беларусь выкарыстоўвала пытаньне аб ратыфікацыі мяжы з Украінай, каб вырашаць на сваю карысьць пэўныя спрэчныя пытаньні з гэтай краінай".

"Што зьмянілася? Адзін з чыньнікаў — вэнэсуэльская нафта, якую трэба перавозіць з Адэсы ў Беларусь на перапрацоўку. Тэрмінова спатрэбілася спрыяньне ў гэтай праблеме ўраду Украіны, і вось ужо забытыя ўсе перашкоды, пра якія раней казаў беларускі бок. Увесь гэты час "памежная дамова" была казырнай картай на перамовах з Украінай і ў праблеме даўгоў, і ў розных "гандлёвых войнах", у выбіваньні ільготаў у эканамічным супрацоўніцтве. Цяпер прыходзіць час здаваць гэты козыр. Аднак я б ня ставіў у гэтай гісторыі кропку. Лукашэнка разумее, што для Ўкраіны гэтае пытаньне застаецца надзвычай важным. Новае кіраўніцтва пацьвердзіла курс на інтэграцыю з Эўразьвязам, а вырашаныя праблемы межаў — адна з умоваў інтэграцыі. Нагадаю, што пасьля ратыфікацыі парлямэнтам свой подпіс пад дамовай яшчэ мусіць паставіць кіраўнік краіны", — пракамэнтаваў ратыфікацыю Андрэй Саньнікаў.

Дэмаркацыя беларуска-ўкраінскай мяжы, якая пачнецца пасьля ўступленьня дамовы ў сілу, зойме, паводле адмыслоўцаў, да 10 гадоў і будзе каштаваць беларускаму бюджэту каля 11 мільярдаў рублёў.
XS
SM
MD
LG