Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада Эўропы чакае ад Беларусі мараторыю на сьмяротную кару

  • БелаПАН

"Увядзеньне мараторыю на сьмяротную кару — той захад, якога мы ўсе чакаем ад Беларусі", — заявіла старшыня Камітэту міністраў Рады Эўропы, кіраўнік МЗС Швайцарыі Мішлін Кальмі-Рэй, адкрываючы 26 красавіка сэсію Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ).


Як падае БелаПАН са спасылкай на стэнаграму выступленьня, што разьмешчана на сайце ПАРЭ, Кальмі-Рэй падкрэсьліла, што як старшыня Камітэту міністраў Рады Эўропы "прыкладала намаганьні для ўстанаўленьня больш шчыльных адносінаў з Беларусьсю на аснове каштоўнасьцяў арганізацыі". Яна нагадала, што 5 лютага ў Мюнхэне ў яе адбылася нефармальная сустрэча зь міністрам замежных справаў Беларусі Сяргеем Мартынавым, на якой абмяркоўвалася, чаго "Рада Эўропы чакае ад Беларусі і наадварот".

Акрамя таго, 25 сакавіка ў Кіеве Кальмі-Рэй сустрэлася з Аляксандрам Лукашэнкам. На гэтай сустрэчы таксама абмяркоўваліся магчымасьці збліжэньня Беларусі з Радай Эўропы. Паводле слоў Кальмі-Рэй, асноўнай умовай для гэтага зьяўляецца адмена або мараторый на сьмяротную кару ў краіне.

"На жаль, ужо ў сакавіку ўзьніклі сур'ёзныя перашкоды для дыялёгу, бо стала вядома пра прывядзеньне ў выкананьне двух сьмяротных прысудаў. І зараз гэта зьяўляецца самай сур'ёзнай перашкодай для збліжэньня", — заявіла кіраўнік МЗС Швайцарыі.

Акрамя вырашэньня праблемы сьмяротнай кары Рада Эўропы, паводле слоў Кальмі-Рэй, чакае ад беларускіх улад пэўных захадаў для забесьпячэньня свабоды прэсы і свабоды сходаў і асацыяцый у Беларусі. "Камітэт міністраў будзе працягваць аказваць падтрымку грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, у прыватнасьці праз інфармацыйны пункт Рады Эўропы ў Менску", — адзначыла яна.

29 красавіка ў ПАРЭ павінны прайсьці тэрміновыя дэбаты па сытуацыі ў Беларусі ў сувязі з прывядзеньнем у выкананьне двух сьмяротных прысудаў.
XS
SM
MD
LG