Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада Эўропы рашуча асуджае выкананьне двух сьмяротных прысудаў у Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве старшыні Камітэту міністраў Рады Эўропы Мішэлін Кальмі-Рэй, генэральнага сакратара Рады Эўропы Турб’ёрна Ягланда і кіраўніка Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Мэўлюта Чавушаглу.

«Сьмяротнае пакараньне — барбарскае і прыніжальнае, менавіта таму яно была адменена Радай Эўропы згодна з пратаколам № 6 Эўрапейскай канвэнцыі аб правах чалавека. Урад Беларусі — адзіны ў Эўропе, які працягвае караць сьмерцю. Нядаўняе выкананьне сьмяротных прысудаў, калі зьвесткі пра гэта пацьвердзяцца, будзе азначаць сур’ёзны рэгрэс у нашых імкненьнях наблізіць Беларусь да эўрапейскіх каштоўнасьцяў.

Рада Эўропы гатовая дапамагчы Беларусі пакласьці канец яе самаізаляцыі ў Эўропе, але ў справе каштоўнасьцяў правоў чалавека і дэмакратыі шлях магчымы толькі адзін. Таму мы заклікаем неадкладна спыніць ужываньне сьмяротнага пакараньня», — гаворыцца ў заяве.

Паводле дадзеных праваабарончай арганізацыі «Міжнародная амністыя» пры канцы мінулага тыдня ў Беларусі былі расстраляныя 25-гадовы Андрэй Жук і 30-гадовы Васіль Юзапчук. Асуджаныя Юзапчук і Жук падалі скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН, аднак, нягледзячы на тое, што іх звароты яшчэ не былі разгледжаныя, іх пакаралі сьмерцю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG