Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Н. Самасейка ня ведае, калі ўвядуць мараторый на сьмяротнае пакараньне


Мікалай Самасейка
Мікалай Самасейка

Нядаўняе выкананьне двух сьмяротных прысудаў актуалізавала праблему гэтага пакараньня, якая зьяўляецца адным са спрэчных момантаў у дыялёгу паміж Беларусьсю і Эўразьвязам.

Мікалай Самасейка – старшыня рабочай групы Нацыянальнага сходу па вывучэньні праблемаў, зьвязаных са сьмяротным пакараньнем. Ён ўзначальвае камісію па заканадаўстве і судова-прававых пытаньнях палаты прадстаўнікоў, да абраньня ў палату працаваў старшынём суду Цэнтральнага раёну Менску. У інтэрвію “Свабодзе” спадар Самасейка распавёў пра стан працы рабочай групы.

Дракахруст: Якую пазыцыю адносна сьмяротнага пакараньня займае ваша група? Ці лічыце вы, што трэба ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне ці наагул яго скасаваць?

Самасейка: Наша група называецца "па вывучэньні праблематыкі сьмяротнага пакараньня як інструмэнта пакараньня". Толькі па вывучэньні.

Дракахруст: Дык вы прыйшлі да нейкіх высноваў у працэсе гэтага вывучэньня?

Самасейка: Не, гэта даволі працяглы працэс. У нас ёсьць плян працы, ён разьлічаны амаль да восені. Вынік можа быць не раней за лета.

Дракахруст: А якая ўласная пазыцыя па гэтым пытаньні?

Самасейка: Мараторый. Скасоўваць сьмяротнае пакараньне пакуль ня трэба.

Дракахруст: А хто павінен абвяшчаць мараторый?

Самасейка: Паводле заключэньня Канстытуцыйнага суду ад 2004 году пытаньне аб скасаваньні сьмяротнага пакараньня ці аб ўвядзеньні на першым этапе мараторыю на яго выкананьне можа быць прыняты парлямэнтам альбо прэзыдэнтам.

Дракахруст: А тое, што вы асабіста – за мараторый, гэта зь якой прычыны? Таму, што на гэтым настойвае Эўропа?

Самасейка: Не, ні ў якім разе не. У чэрвені Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы з падачы дэпутата Пургурыдэса паставіла Беларусі ўльтыматум аб вяртаньні статусу адмыслова запрошанай краіны толькі пры ўмове ўвядзеньня мараторыю. Летам мінулага году рабочая група па вывучэньні праблематыкі сьмяротнага пакараньня была ўжо амаль створаная. Пасьля прад'яўленьня гэтага ўльтыматуму ПАРЭ працэс затармазіўся. І створаная яна была толькі зараз.

Дракахруст: А калі не дзеля Эўропы, то зь якой прычыны? Большасьць насельніцтва на рэфэрэндуме 1996 году выказалася за сьмяротнае пакараньне.

Самасейка: Пасьля рэфэрэндуму ўжо прайшло, дзякаваць Богу, 14 гадоў. За гэты час адбыліся як аб'ектыўныя, гэтак і суб'ектыўныя зьмены ў грамадзтве. Гэта і парлямэнцкія слуханьні ў 2002 годзе, гэта і заключэньне Канстытуцыйнага суду 2004, гэта і ўвядзеньне ў Крымінальны кодэкс пажыцьцёвага зьняволеньня як альтэрнатывы сьмяротнага пакараньня, гэта зьмены ў Крымінальны кодэкс, унесеныя ў 2006 годзе, якія ўказваюць на часовы характар сьмяротнага пакараньня. Адбылося так шмат зьменаў, што трэба вярнуцца да гэтага пытаньня.

Дракахруст: А ў вашай групе ёсьць розныя меркаваньні ці ўсе лічаць, што трэба ўвесьці мараторый?

Самасейка: Як ня дзіўна, мы гэта не высьвятлялі. Мэта рабочай групы – давядзеньне да шырокіх мас грамадзтва тое, пра што мы з вамі зараз гаворым, і вывучэньне пазыцыі шырокіх мас грамадзкасьці на гэты конт. Беларусь мае пэўную спэцыфіку. Калі браць 46 краін Эўропы, якія скасавалі сьмяротнае пакараньне ці ўвялі мараторый на яго выкананьне, то там у асноўным рашэньне прымалася насуперак грамадзкай думцы. Мы ў свой час – правільна зрабілі ці няправільна, але спыталі ў народа на рэфэрэндуме у 1996 годзе. Так што рэфэрэндум ці не, але меркаваньне нараду нам улічваць давядзецца.

Дракахруст: Вы сказалі, што трэба параіцца з народнымі масамі. А ці ёсьць у вас узаемадзеяньне з праваабарончымі арганізацыямі, скажам, з Беларускім Хэльсынскім камітэтам? І ці ёсьць у рабочай групы ўзаемадзеяньне з міжнароднымі арганізацыямі, з той жа ПАРЭ?

Самасейка: Старшыня БХК Алег Гулак часта браў удзел у "круглых сталах", якія ладзіла АБСЭ па праблеме сьмяротнага пакараньня, мы там разам зь ім удзельнічалі. Ён браў удзел і ў іншых мерапрыемствах. Калі праца парлямэнцкай групы прывядзе да парлямэнцкіх слуханьняў, то і туды будуць запрошаныя пазначаныя асобы. Што да другой часткі вашага пытаньня, то я ў лютым браў удзел у ІV сусьветным кангрэсе па праблеме сьмяротнага пакараньня ў Жэнэве, дзе адбыўся шэраг перамоваў і сустрэч з прадстаўнікамі ПАРЭ, у тым ліку і з дакладчыкам ПАРЭ па праблеме сьмяротнага пакараньня, з прадстаўнікамі ўпраўленьня вярхоўнага камісара па правах чалавека, са швэйцарскім паслом па правах чалавека. Акрамя таго, плянуецца правядзеньне "круглых сталоў" на гэтую тэму з АБСЭ і ПАРЭ.

Дракахруст: У найлепшым выпадку, пры найлепшым зьбегу абставінаў калі мог бы быць уведзены мараторый на сьмяротнае пакараньне?

Самасейка: Не магу адказаць. Гэта залежыць ад шмат якіх абставінаў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG